Top.Mail.Ru

Падрабязнасці кадравага дня ў Палацы Незалежнасці

З новымі партфелямі, адпаведна, і з новымі задачамі ад Прэзідэнта ў чацвер выйшлі кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, буйных дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстаноў вышэйшай адукацыі. У рабочым парадку ўзгоднены кандыдатуры на пасады кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў Рэспублікі Беларусь.



«Вы павінны былі інфармаваць і стукацца ва ўсе дзверы» 

Старшынёй Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях прызначаны Дзяніс Каржыцкі. Прэзідэнт адзначыў, што адзіную насцярожанасць у яго выклікае тое, што новы старшыня дагэтуль з’яўляўся першым намеснікам кіраўніка камітэта. Кадравыя змены адбыліся, бо, як заўважыў Прэзідэнт, папярэдні кіраўнік ДКНТ не спраўляецца з пастаўленымі задачамі.  

«А першы намеснік ён што, да таго, што адбываецца з ДКНТ, не мае дачынення? — пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка ў кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрыя Крутога і адразу папярэдзіў новага старшыню: — Дзяніс Леанідавіч, не справіцеся, нідзе не ўладкуецеся ў краіне і за мяжой. Вось адзінае, што я вам скажу. Вы маеце прамыя адносіны да тых правалаў і „вялікіх перамог“, якія сёння ёсць у ДКНТ. Я прашу мець гэта на ўвазе. І ніякіх разваг з нагоды, што „там быў кіраўнік, а я вось тут на другіх ролях, таму не іграў ніякай ролі“ быць не можа, асабліва сярод вучоных. Вы — вучоны чалавек, вы — эліта нашага грамадства. Таму калі вы бачылі, што дзесьці нешта не так, на сваёй пасадзе першага намесніка вы павінны былі інфармаваць і стукацца ва ўсе дзверы... Запомніце, гэта вам урок, як маладому чалавеку». 


«Рэктар — гэта найвялікшая пасада» 

Новыя кіраўнікі — і ў дзяржаўных ВНУ. Рэктарам Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта стаў Сяргей Каспяровіч. Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова ўзначаліў Юрый Машын.  

«Рэктар — гэта найвялікшая пасада. Марыць толькі можна аб такой рабоце, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Усё ў цябе пад рукамі: працуеш з моладдзю, разумныя, адукаваныя падначаленыя... Патрэбен вынік!»

Кажучы аб прадстаўніках рэктарскага корпуса, кіраўнік дзяржавы заўважыў, што некаторых ужо «панесла». Размова — аб маладых рэктарах. «Яны ўжо дастукаліся да антыдзяржаўнай палітыкі, — канкрэтызаваў беларускі лідар. — Яны сталі «царкамі» ў гэтым універсітэце. Крый вас божа ад гэтага галавакружэння ад поспехаў». 

Арыентуючы новых кіраўнікоў ВНУ на задачы, якія ім давядзецца вырашаць на новых пасадах, Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што павінна быць пэўная палітыка. І не варта арыентавацца на Захад. «І ў той жа час усе вы і тыя, аб якіх я гавару (не называю сёння прозвішчы), яны ж адукацыю атрымалі тут і „вялікімі“ сталі тут, — удакладніў беларускі лідар. — Таму працуйце сумленна, акуратна. Найвялікшая пасада. Таму і Прэзідэнтам вы прызначаецеся». 

Кіраўнік дзяржавы параіў новым рэктарам, калі хтосьці будзе ім перашкаджаць працаваць, гаварыць аб гэтым своечасова. «Каб не было, як у Шлычкова (экс-старшыні ДКНТ. — „Зв“.), — удакладніў ён. — У вас павінны быць нармальныя паслядоўнікі, у вас павінны быць вучні. І нікому спуску быць не павінна. Прыйшоў з «жоўтымі» канспектамі на лекцыю выкладчык — трэба яго адправіць на іншую работу. Лепш на іншую работу, чым ён будзе губіць маладыя лёсы, якіх у вас там тысячы. Я думаю, вы мяне зразумелі».  


«У трактарах нашых мае патрэбу ўвесь свет — прадавайце» 

Яшчэ больш жорстка Прэзідэнт ставіў задачы новаму генеральнаму дырэктару ААТ «Мінскі трактарны завод» Тарасу Мурогу (дагэтуль з’яўляўся гендырэктарам ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Белкамунмаш»). Па словах кіраўніка дзяржавы, новы кіраўнік МТЗ ведае, куды ідзе, а таму разлічваць на тое, што канец 2025 года будзе для яго «размінкай», не даводзіцца.  

«Вам „размінка“ будзе ў пачатку студзеня, калі вам прыйдзецца, у тым ліку і перада мной, даваць справаздачу разам з урадам: якія ў вас вынікі і колькі ў вас на складах трактароў і чаму вы іх не прадалі», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.  

Пэўныя цяжкасці Прэзідэнт параіў не спіхваць на аб’ектыўныя фактары ў выглядзе санкцый або яшчэ чагосьці. «Не вайна ж! І ў трактарах нашых мае патрэбу ўвесь свет — прадавайце», — паставіў задачу ён.
Калі ў пэўны перыяд часу нешта не будзе атрымлівацца, беларускі лідар парэкамендаваў новаму дырэктару МТЗ заняцца пытаннем якасці. «Вырабіце супертрактар, найлепшы ў свеце, і крыху даражэй яго прадайце, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Я, напрыклад, бачу выйсце са становішча, якое існуе, менавіта ў гэтым».   

Прэзідэнт нагадаў, што ўжо даручаў ураду, іншым рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання зрабіць паездкі за мяжу эканамічна выгаднымі для нашай краіны. «Паехаў — колькі прадаў трактароў, колькі прадаў камбайнаў, сеялак-веялак, культыватараў і дыскатараў? — канкрэтызаваў кіраўнік дзяржавы. — Колькі прадаў? Інакш навошта туды паехаў? Усіх датычыцца. І кіраўнікоў парламента, і вышэйшых службовых асоб. Але перш за ўсё вас і вашых падначаленых». 

Па словах Прэзідэнта, МТЗ — гэта брэнд нашай краіны і новы кіраўнік прадпрыемства гэта ведае. 

«Ідзіце да вучоных, без навукі вы не будзеце рухацца» 

Звяртаючыся да прызначэнцаў усіх узроўняў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што размова з імі кароткая, мужчынская. «Прыйшлі, убачылі — далі вынік, — арыентаваў ён. — Не будзе выніку, усялякіх размоў аб вучоных, разумных, быць не можа. Вучоны павінен рабіць сябе сам». 

Прэзідэнт праінфармаваў, што яму пішуць аб неабходнасці падняць статус вучоных. «Слухайце, я павінен падняць статус вучонага? — задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы. — Ну, вы, вучоныя людзі, падумайце: хто падымаў статус вучонага? Толькі яны самі. І цягнулі за сабой тых людзей, якія ў іх працавалі ў лабараторыях». 


Такія ж устаноўкі ад беларускага лідара адносяцца і да прадпрыемстваў-гігантаў. «Ідзіце да вучоных, без навукі вы не будзеце рухацца, — параіў Аляксандр Лукашэнка. — Стаўце перад імі задачы, заказвайце свае распрацоўкі, фарміруйце праграмы, і патрабаваць будзеце з вучоных. А не так, што вучоныя робяць тое, што яны сёння могуць зрабіць. А нам трэба тое, што яны робяць, тое, што яны могуць? Свет даўно пайшоў далёка наперад. Гэта датычыцца і ўніверсітэцкай навукі». 

Што датычыцца каардынацыі ў навуковай сферы, па словах кіраўніка дзяржавы, нічога выдумляць не трэба. Некаторыя, як удакладніў ён, так «накіраваліся», што пазбавіліся пасад, але ўсё роўна спрабуюць выбудоўваць пэўную вертыкаль, каб кіраваць. «У нас ёсць ДКНТ для таго, каб фарміраваць практычныя задачы перад вучонымі, фінансаваць і пасля запатрабаваць», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Ён арыентаваў Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях на ажыццяўленне кантролю і арганізацыю навуковай сферы такім чынам, каб быў вынік. 

Анансуючы размову з навуковай супольнасцю, Прэзідэнт папярэдзіў, што, калі вучоныя прыйдуць да яго з завываннямі і філасофстваваннямі аб павышэнні статусу вучонага, то лепш хай не прыходзяць. «Надышоў час канкрэтных спраў: дастань і атрымай столькі, колькі захочаш, — адзначыў Прэзідэнт. — Але калі няма чаго дастаць, няма аб чым і размаўляць. Таму я б вельмі хацеў, каб у вас быў вынік. Ва ўсіх. І ў вучоных, і ў вытворцаў, а лепш — разам. Я жадаю вам поспехаў». 

«Выканаць на гэтым этапе элементарныя правілы і патрабаванні»

Шэраг кадравых змяненняў — і ў мясцовых органах улады. Ушацкі райвыканкам узначаліць Сяргей Шамовіч, Асіповіцкі — Геворг Мелканян, Хоцімскі — Аляксандр Дзівакоў. Старшынёй Шумілінскага райвыканкама прызначаны Мікалай Будневіч, старшынёй Валожынскага райвыканкама — Віталь Бычкоўскі. Краснапольскі райвыканкам узначаліць Аляксандр Яфімчыкаў. 

Галоўнае, што Прэзідэнт патрабуе ад мясцовай вертыкалі ўлады, — засвоіць пытанні, якія ў канцы кастрычніка, падчас нарады аб мерах па забеспячэнні ўстойлівага развіцця Віцебскай вобласці і сітуацыі з падзяжом буйной рагатай жывёлы, абмяркоўваліся ў Віцебску. «Той, хто не засвоіць, працаваць не будзе, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта элементарнае, аб чым мы там вялі размову. І я ў вас нічога не прашу, толькі выканаць на гэтым этапе элементарныя правілы і патрабаванні».

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што, калі ў раслінаводстве працаваць ужо навучыліся, то жывёлагадоўлі ўвагі ўдзяляецца менш. Па яго словах, усё раслінаводства — у асноўным у імя жывёлагадоўлі, а ў гэтай сферы — куча праблем. «Асабліва з утрыманнем жывёл, — канкрэтызаваў беларускі лідар. — Усіх катэгорый: пачынаючы ад кароў і заканчваючы цялятамі. Я ўжо шмат-шмат разоў гаварыў: недапушчальны падзеж і даенне кароў, як коз. Што гэта за каровы, якія літр-два малака даюць? Каму патрэбны такія каровы, і чаму да гэтага дастукаліся?»

У гэтай сувязі Аляксандр Лукашэнка агучыў задачы, адрасаваныя старшыням райвыканкамаў: і днём, і ноччу, пакуль новыя кіраўнікі раёнаў не страсянуць свае калектывы, яны павінны бываць на прадпрыемствах, фермах, малочнатаварных комплексах, іншых комплексах, прамысловых прадпрыемствах. «Стратэгія вызначана, — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы. — Патрэбна аднавіць тое, што было, пачынаючы з раённых цэнтраў. Яшчэ раз паўтаруся: калі старшыня райвыканкама працуе і ў яго няма групы будаўнікоў (будаўнічага ПМК), — што гэта за старшыня? Калі ў старшыні райвыканкама не функцыянуе райаграсэрвіс (сельгастэхніка былая), дзе можна было ўзяць паліва (і цяпер трэба, каб паліва там было), запасныя часткі (і цяпер яны павінны быць, у добрых раёнах яны ёсць), — што гэта за старшыня райвыканкама? Вы ж узначальваеце сельскагаспадарчы раён».


Тым больш, па словах Прэзідэнта, усе губернатары просяць стварыць у раёнах мехатрады. «А дзе вы, старшыні райвыканкамаў, калі вы атрымаеце такі мехатрад, замацуеце яго? — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы. — Ён што, у райвыканкамаўскіх гаражах або на пляцоўцы будзе стаяць, і вы разам з супрацоўнікамі райвыканкама будзеце абслугоўваць яе (тэхніку. — „Зв“). Не. Для гэтага трэба выкарыстоўваць „сельгастэхніку“ — сэрвіс гэты». 

Яшчэ адно пытанне, якое Аляксандр Лукашэнка закрануў у размове з новымі кіраўнікамі мясцовай вертыкалі ўлады, — пасрэдніцтва. «Крый вас божа ад гэтага пасрэдніцтва, — папярэдзіў ён. — Мы дамовіліся з міністрам сельскай гаспадаркі перш за ўсё (гэта датычыцца ўсіх, мы цяпер працуем, Косінец адказвае за гэту работу): мы ліквідуем усялякае пасрэдніцтва і займацца пасрэдніцтвам будзе катастрофа. Бо перасаджалі палову кіраўнікоў: як пасрэднік — так хабар. Вось апошнюю інфармацыю прачытаў. Жудасна чытаць».

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу, што не збіраецца скоўваць ініцыятыву кіраўнікоў раёнаў. Калі яны знойдуць больш таннае вырашэнне пытання, чым прапануе Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, лідар дзяржавы будзе толькі заахвочваць і падтрымліваць. «Але калі вы будзеце купляць па трайной цане нейкія там хімпрэпараты, угнаенні, запчасткі і іншае, а потым з гэтым пасрэднікам дзяліць грошы... Хлопцы, вы выбралі самі гэты шлях», — папярэдзіў беларускі лідар. 

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што адбываецца цяпер ва Украіне. «Як быццам ва Украіне не было ніколі карупцыі і там не кралі больш, чым уся краіна, — канстатаваў ён. — Вось у апошні час 100 мільёнаў долараў. Трамп кажа, што 300 мільярдаў (долараў. — „Зв“.) толькі яны далі Украіне. Што такое 100 мільёнаў долараў у 300 мільярдах? Нічога. Але галоўнае ж не ў тым, што хтосьці там скраў гэтыя 100 мільёнаў. А важна, што выкрыта сістэма, пачынаючы ад першага кіраўніка і заканчваючы ўсімі астатнімі. І гэта нават у тым украінскім кругавароце не галоўнае. А галоўнае тое, што іх цяпер за нітачкі, за вяровачкі з-за мяжы, з-за акіяна пачынаюць тузаць. Ім (Уладзімірам Зяленскім. — „Зв“.) кіравалі, а цяпер тым больш: „Гэтага прыбяры, гэтага, гэтага, гэтага...“ Прыбірае. Але ж прыбяруць і цябе».

Па словах Прэзідэнта, у Беларусі з такой заразай, як карупцыя, змагаюцца ўсе апошнія дзесяцігоддзі. «У нас таксама гэтага хапае, — канстатаваў ён. — У любой краіне гэтага хапае. Але ніхто мяне не папракне, што я заахвочваў нейкіх там жулікаў, якія мне насілі б хабары. Ніхто. А яго (Уладзіміра Зяленскага. — „Зв“.) папракнуць. Таму глядзіце. Прыйшлі працаваць — працуйце. Цікавая работа. Не бедныя».

«Няма выніку — няма работы»

Аляксандр Лукашэнка заклікаў новых старшынь райвыканкамаў памятаць, што ў іх ёсць раён, дзе кіраўнікамі прызначаны яны. Адпаведна, і адказнасць — на іх. 

«У вас няма 30 кіраўнікоў у сельскай гаспадарцы або 32, як было ў маім раёне, дзе я працаваў дырэктарам, — нагадаў кіраўнік дзяржавы. — Максімум — 8-9 чалавек. Дык вы збярыцеся (узбуйнілі калгасы, саўгасы) і дамоўцеся па-мужчынску з імі, як будзеце працаваць. Хлопцы, патрэбен вынік. Час такі, што без выніку нікуды. Няма выніку — няма работы. Ніякая філасофія тут не падыдзе. Ніякія размовы і развагі. Толькі вынік. Для ўсіх. Ну, а для вас перш за ўсё. Уся ваша работа — у выніку. Ёсць вынік — ёсць толк».

Акрамя таго, Прэзідэнт перасцярог прызначэнцаў ад сітуацыі ў сельскагаспадачай сферы, якая склалася ў шэрагу гаспадарак краіны. «Цяпер мы кантралюем усю рэспубліку, — канстатаваў ён. — І мы вам накіруем у найбліжэйшы час матэрыялы жудасныя. Вядома, там найгоршыя гаспадаркі ўзятыя, і мы аператыўна на іх паглядзелі. Вы ўбачыце і размовы, і перагаворы, і ўсё астатняе з матамі-пераматамі, п’янкамі, пратэрмінаванымі лекамі, гібель жывёл. Вы гэта ўсё ўбачыце. Каб яны не казалі, што я на іх дарэмна накатваю, як адзін губернатар: „Б’юць нас і б’юць“. Ды забіць трэба было за гэта. Таму зрабіце высновы з размовы ў Віцебскай вобласці».

Па словах кіраўніка дзяржавы, усе жывёлы павінны стаяць пад дахам, у сухіх памяшканнях. «Саломы хапае нават у вашых раёнах, якія спрацавалі не лепш, — удакладніў ён. — Ну дык падсцілайце. І пачынайце мэтанакіравана, сціснуўшы зубы, працаваць над узнаўленнем статку. Асабліва кароў, каб у вас не было кароў, якія літр-два даюць малака. Гэта жах».

Прэзідэнт лічыць, што ў кожнай гаспадарцы павінна быць створана адпаведнае ядро, ад якога трэба атрымліваць самых лепшых цялят і кароў, якія будуць даваць мінімум 15–20 літраў, а то і па пяць-шэсць вёдзер малака ў суткі. 

«Трэба вучыць людзей, трэба іх арганізоўваць, трэба кіраваць і несці за гэта адказнасць»

Узняў кіраўнік дзяржавы і яшчэ адно пытанне. Ён нагадаў, што зіма заўсёды ў савецкія часы была часам вучобы. У гэтай сувязі Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу вучыць механізатараў працаваць на тэхніцы, удасканальваць веды аграномаў, інжынераў, іншых спецыялістаў. Ён праанансаваў, што ў пачатку будучага года будзе паказана, якім павінна быць месца для такога навучання.

«І вы ўбачыце, якой павінна быць сэрвісная сельскагаспадарчая арганізацыя, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — Месцаў у нас хапае, дзе трэба вучыць і аграномаў, і інжынераў, і ветурачоў, і гэтак далей. Толькі не дапусціце памылку: не цягніце туды выкладчыкаў сельскагаспадарчых або іншых ВНУ. Практыкаў туды».

Па словах Прэзідэнта, многія выкладчыкі адсталі ад жыцця, вытворчасці. Але калі ж сярод іх знойдуцца тыя, хто выкладае ў нагу з часам, — ніхто не будзе супраць. «А так да вашых паслуг — Акадэмія навук, профільныя інстытуты туды, і навучыце спецыялістаў і кіраўнікоў за зіму, — арыентаваў беларускі лідар. — Гэта будзе нялішнім і нядрэнна. Трэба вучыць людзей, трэба іх арганізоўваць, трэба кіраваць і несці за гэта адказнасць».

Яшчэ адно даручэнне, якое прагучала з першых вуснаў, — не крыўдзіць людзей. З імі, трэба сустракацца і размаўляць. «А не так, як прыехалі сенатары, дэпутаты, яшчэ хтосьці, прыйшлі людзі на прыём, а яны (тыя, хто прыехаў праводзіць прыём грамадзян. — „Зв“.) вам указанні даюць, што дзе рабіць, — прывёў прыклад Прэзідэнт. — Трэба гэта спыняць. Прыём грамадзян павінен быць, усе павінны прымаць, але трэба разумець, хто каму дае ўказанні. А то ў нас навучыліся: з Мінска хто б ні прыехаў — даюць указанні старшыням райвыканкамаў. Ды яны ім не падпарадкуюцца. Таму тут павінен быць адпаведны парадак. Убачылі нешта на прыёме не так — калі ласка, заўвагу пакладзіце на стол старшыні райвыканкама і пракантралюйце, як будуць вырашацца гэтыя пытанні. І не трэба закідваць мясцовыя органы ўлады непатрэбнымі пытаннямі».


Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што ў раёне кіраўнік — старшыня райвыканкама. «Вы кіраўнікі і кіруйце, — зарыентаваў ён. — У вас адзін там начальнік, і то адносна, — гэта губернатар. Калі ён у чымсьці не мае рацыю — інфармуйце. Там упаўнаважаны ёсць, памочнік Прэзідэнта і губернатар — вось тройка. Я не агітую вас да таго, каб вы не звярталі ўвагі на заўвагі дэпутатаў, сенатараў і іншых. Бо дзесьці прагледзелі, дзесьці хтосьці не хоча гэтага рабіць. Вы паглядзіце і прыміце адпаведныя рашэнні. За свае рашэнні вы будзеце несці адказнасць».

«Рабіце, нясіце адказнасць, давайце вынік»

Новых кіраўнікоў раёнаў Прэзідэнт арыентуе: там, дзе трэба, людзям неабходна дапамагчы. У якасці прыкладу ён прывёў закрыццё малакамплектных школ. 

«Вы ж падумайце, што з гэтымі дзецьмі будзе, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта ваша справа, але не павінна быць бяздумна: закрылі школу, закрылі ФАП, нейкую ўчастковую бальніцу — і стварылі праблему. Вы пагаварыце з людзьмі. Самі ж будзем старымі. Стары старому розніца. Хтосьці можа ісці, хтосьці не можа. Таму паглядзіце, можа, нам не дорага будзе пакінуць пэўны пункт або фельчара. Той пагаворыць з гэтым хворым чалавекам і, як кажуць, таблетку нейкую дасць».

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што ўсё замкнёна на старшынях райвыканкамаў, якіх ён параўнаў з варатаром. «Там ужо нікога за спінай у вас няма, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Вы — крайнія. І спытаем з вас за гэта. Вось такое ў вас жыццё і лёс. Як я гаварыў кіраўніку МТЗ, работа складаная, цяжкая, але цікавая. Вы — старшыні райвыканкамаў, кіраўнікі на месцах. Вы як на шкле: праглядаецеся з усіх бакоў. Схавацца там не атрымаецца. Людзі бачаць вас, людзі розныя, і яны вас па-рознаму будуць ацэньваць. Таму павінна быць цвёрдая, накіраваная лінія, вы павінны яе прытрымлівацца. Сёння вас не разумее чалавек — заўтра зразумее».

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка нагадаў, як у 2020 годзе ў перыяд пандэміі каранавіруса многія не ўспрымалі і не разумелі яго падыходаў. Як паказала жыццё, беларускі лідар меў рацыю. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што і сёння хвароба нікуды не дзелася, але людзі больш спакойна адносяцца да гэтага. 

«Каронапсіхоз губіў людзей, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Усё ў нашай галаве, уся хвароба. Але я сціснуў зубы і рабіў справу. Скажу шчыра: у пераважнай большасці начальнікі ішлі за мной, выконвалі мае рашэнні. А так павінна і быць у наш час. Таму вы там (у раёнах. — „Зв“.) начальнікі, вы кіраўнікі. У вас усё ў руках. Рабіце, нясіце адказнасць, давайце вынік».

***

У рабочым парадку на пасаду першага намесніка міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю ўзгоднена Наталля Васілеўская, намеснікам міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю прызначаны Алег Дзікун. 

Што датычыцца дыпламатычнага корпуса, Дзмітрый Красоўскі ўзгоднены на пасаду Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Федэратыўнай Дэмакратычнай Рэспубліцы Эфіопіі па сумяшчальніцтве. Сяргей Маліноўскі па сумяшчальніцтве ўзгоднены Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Чарнагорыі. Генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у Шанхаі (КНР) прызначаны Аляксандр Шаўчэнка.

Даслоўна

Арыентавацца на рэальны сектар

Адукацыя, навука і вытворчасць павінны працаваць разам. І ДКНТ стане тут сувязным звяном, заявіў у размове з журналістамі пасля прызначэння на новую пасаду старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Дзяніс КАРЖЫЦКІ. «Невыпадкова сёння разам са мной прызначаны кіраўнікі адной з вядучых тэхнічных ВНУ, аднаго з вядучых прамысловых прадпрыемстваў. Прэзідэнт паставіў задачу, каб у наступнай пяцігодцы мы ўсё ж такі працавалі разам, працавалі згуртавана, працавалі на вынік». 

Ад ДКНТ у першую чаргу патрабуецца актыўнае ўкараненне навуковых распрацовак у вытворчасць. «Сёння краіна востра адчувае канкурэнцыю з вытворцамі з усяго свету. Увесь свет ідзе наперад, і мы не павінны адстаць, — заўважыў старшыня камітэта. — Для таго, каб перамагаць у гэтай гонцы, трэба пераглядаць падыходы і да адукацыйнага працэсу, і да навукі, і да вытворчасці, і ў першую чаргу ДКНТ будзе іграць ролю таго самага злучальнага звяна, якое будзе ставіць задачы, будзе іх забяспечваць фінансаваннем і будзе патрабаваць за іх выкананне. Толькі такая работа ДКНТ здольная нешта змяніць у краіне. Таму мы сёння з новымі кіраўнікамі ўжо абмяняліся думкамі і планамі на наступную пяцігодку. Пастараемся не падвесці і ўсё зрабіць так, каб наша краіна ступіла ў новую пяцігодку і выйшла з яе іншай у плане тэхналагічнага развіцця». 

Дзяніс Каржыцкі расказаў пра Цэнтры калектыўнага карыстання, якія фарміруюцца пры навукова-тэхналагічных парках. «Гэта тое дарагое даследчае і ўнікальнае абсталяванне, якое не можа сабе дазволіць шырокае кола вытворцаў. Гэта ўсё засяроджана ў Тэхнапарку. Застаецца толькі працаваць. І ёсць у нас прыклады добрай рэалізацыі. Сярод іх — прадпрыемства „Мотавела“. Яно стала рэзідэнтам Тэхнапарка ў 2022 годзе. І яно вымушана займацца інавацыямі, распрацоўкамі або ўкараненнем чужых распрацовак. Прадпрыемства стабільна развіваецца, там расце лакалізацыя вытворчасці, расце экспарт. Я бачу гэты інструмент як адзін са спосабаў змяніць сітуацыю з укараненнем навуковых распрацовак», — падагульніў старшыня ДКНТ.

«Якасць узаемадзеяння заказчыка кадраў і ўніверсітэта — ключавы аспект»

Для таго, каб выпускнікі ВНУ працавалі ў рэальным сектары, неабходны традыцыйныя падыходы, якія ўжо рэалізуюцца ўніверсітэтамі. Аб гэтым у размове з журналістамі заявіў новы рэктар Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Сяргей КАСПЯРОВІЧ. «Гэта сур’ёзная маштабная прафарыентацыя, — лічыць ён. — Гэта значыць, абітурыент павінен выбіраць спецыяльнасць па душы, вызначыцца загадзя, і для гэтага, дзякуючы падтрымцы кіраўніка дзяржавы, вельмі многае робіцца. Удасканалены правілы прыёму, ствараюцца інжынерныя класы, якія сёння, па сутнасці, дазваляюць маладому чалавеку або дзяўчыне, вызначыцца загадзя».

Яшчэ адзін важны аспект, паводле слоў рэктара БДТУ, — сувязь з прадпрыемствамі-заказчыкамі кадраў як у частцы ўдасканалення зместу адукацыйных праграм, так і ў частцы прыцягнення вядучых спецыялістаў да адукацыйнага працэсу: «Калі вядучыя спецыялісты прыходзяць у ВНУ і праводзяць заняткі разам са штатнымі выкладчыкамі, атрымліваецца вельмі добры практыкаарыентаваны вынік».

Новы рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова Юрый МАШЫН падзяліўся з журналістамі сваім бачаннем таго, як прыцягнуць моладзь паступаць не толькі ў сталічныя, але і ў рэгіянальныя ВНУ. «Насамрэч гэта рэальна зрабіць. Гэта прафарыентацыйная работа са студэнтамі, якая сістэмна праводзіцца на месцах. Мы павінны паказваць магчымасці рэгіянальных ВНУ. І, вядома, гэта павышэнне якасці адукацыі. Інтэграцыя навукі і адукацыі дазваляе павысіць рэйтынг універсітэта. І тады абітурыенты выбіраюць ВНУ, якая побач, дома».

Юрый Машын указаў на развіццё мэтавай падрыхтоўкі. «Неабходна ўкамплектаваць кадрамі ў тым ліку і рэгіёны, бо, як правіла, абітурыенты і выпускнікі школ застаюцца потым працаваць у роднай вобласці», — падкрэсліў рэктар МДУ імя А. А. Куляшова.

Якасць, новыя мадэлі і агрэсіўны маркетынг

Новы генеральны дырэктар ААТ «Мінскі трактарны завод» Тарас МУРОГ расказаў журналістам пра тое, за кошт чаго на прадпрыемстве плануюць у далейшым прасоўваць сваю прадукцыю, а таксама пракаментаваў магчымасць пераводу сельгастэхнікі на электрарухавікі: «У які бок Мінскі трактарны завод будзе развівацца ў бліжэйшыя гады і на стратэгічную перспектыву? Вы ведаеце, адказ, напэўна, будзе просты, але ў рэалізацыі дастаткова складаны. Кіраўнік дзяржавы агучыў усе складнікі — гэта якасць, новыя мадэлі і агрэсіўная маркетынгавая палітыка».

Паводле слоў новага кіраўніка МТЗ, важныя і цэнавая палітыка, і надзейнасць, і сам брэнд, імя якога знаёмае шматлікім кліентам на працягу доўгага перыяду. «Мы ніякім чынам не павінны адставаць ад нашых усходніх суседзяў, кітайцаў, і дзесьці прапаноўваць лепшыя інструменты. Гэта значыць, мы павінны быць хутчэйшымі, таннейшымі, больш надзейнымі», — канкрэтызаваў Тарас Мурог.

На нядаўняй нарадзе, прысвечанай развіццю атамнай энергетыкі, кіраўнік дзяржавы адзначаў, што Беларусь можа перавесці транспарт у сельскай гаспадарцы на электрычнасць. Каментуючы такую перспектыву, Тарас Мурог заўважыў: «Я адкажу як былы кіраўнік „Белкамунмаша“. У любога электрычнага транспарту вельмі сур’ёзныя перспектывы. Чаму сёння гэта толькі легкавыя машыны і пасажырская тэхніка? Батарэя досыць дарагая і цяжкая. Але мы бачым, як хутка развіваюцца тэхналогіі. Наперадзе стварэнне натрый-графенавых батарэй. Як толькі крыніца энергіі стане лягчэйшай і больш магутнай, паверце, увесь транспарт будзе электрычны».

«Кадры — гэта аснова развіцця рэгіёна»

Новы старшыня Хоцімскага райвыканкама Аляксандр ДЗІВАКОЎ расказаў журналістам, на чым засяродзіць увагу на новай пасадзе. «Хоцімскі раён самы ўсходні, ад абласнога цэнтра да Хоцімска — 180 кіламетраў. Але гэта не нейкі далёкі край, там ёсць патэнцыял, дынаміка, і павінен быць вынік, на што і арыентуе Прэзідэнт. На гэта будзе нацэлена ўся наша праца, — падкрэсліў Аляксандр Дзівакоў. — З чаго варта пачаць? Ацаніць абстаноўку і працаваць з тымі людзьмі, якія ёсць. Думаю, мы зможам працаваць».

Кіраўнік Хоцімшчыны нагадаў, што ў раёне завяршаецца інвестыцыйны праект — будаўніцтва рыбаводчага комплексу. «Гэта значны для рэгіёна праект: новыя працоўныя месцы і новая вытворчасць, — лічыць Аляксандр Дзівакоў. — І, вядома, рэгіён аграрны. І тыя задачы, якія прапісаны, — яны як алгарытм. З іх трэба пачынаць працаваць». 

Вераніка КАНЮТА, Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ.  

Фота БелТА.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю