Яркая, творчая, крэатыўная масштабная грамадска-культурная акцыя «Марафон адзінства» прайшла па краіне. Грандыёзны фінал праекта адбыўся ў «Мінск-арэне» — там, дзе ўсё і пачалося. Выступаючы на гэтай пляцоўцы ў Дзень народнага адзінства, Прэзідэнт Беларусі даў старт акцыі, якая за некалькі месяцаў аб’яднала ўсю краіну. «Гэта будзе марафон трыадзінства традыцый: нацыянальнай культуры, якую мы беражліва захоўваем і развіваем, талентаў нашага народа, якімі славіцца беларуская зямля, прыгажосці славянскай душы, якая напаўняе свет гармоніяй і ўзаемаразуменнем», — сказаў тады кіраўнік дзяржавы.
За некалькі месяцаў «Марафон адзінства» праехаў 15 гарадаў і ў кожным стаў сапраўдным святам маладосці, таленту і нацыянальных каштоўнасцяў. Дзякуючы праекту, беларусы новымі вачыма паглядзелі на сваю краіну, яе дасягненні.
«Ганаруся, што я — беларус»
Найлепшыя моманты «Марафона адзінства», цікавыя адкрыцці акцыі і найпрыгажэйшыя творчыя нумары прадэманстравалі ў «Мінск-арэне». Падчас фінальнага канцэрту прагучалі як вядомыя музычныя творы, так і прэм’еры. У гэты святочны вечар на адной сцэне сустрэліся заслужаныя артысты і тыя, хто толькі пачынае свой шлях. У прыватнасці, выхаванец Сенненскага дзіцячага дома Іван Мальцаў, удзельнік тэлепраекта «Ты супер» на тэлеканалае НТВ-Россия, які дайшоў да паўфінала. У хлопчыка — няпросты лёс, але ён з самай галоўнай сцэны краіны разам з Пятром Ялфімавым сказаў, чаму так важна берагчы тое, што зроблена: «Я буду маліцца і сэрцам, і думамі...» Акампаніраваў спевакам Мікалай Лукашэнка. На «Марафоне адзінства» творчасць і любоў да сваёй краіны аб’яднала ўсіх.
«Унутры поўнае захапленне ад таго, што я пабываў на такой сцэне, перад такой публікай і ад таго, што мяне так шмат людзей падтрымлівала, — падзяліўся сваімі ўражаннямі Іван. — Спачатку я хваляваўся, калі выходзіў на сцэну было страшна, але калі пачуў апладысменты — страх прайшоў. Выступаючы на „Мінск-арэне“, адчуў, што я дома, бо я адчуваў падтрымку ад усіх людзей і іх цеплыня. Мяне заўсёды падтрымлівалі, дапамагалі мне. Я ганаруся, што я — беларус».
Чырвонай стужкай праз творчыя нумары прайшлі відэролікі «Я ганаруся! Я — Беларус», якія раскрывалі цікавыя факты аб суверэннай Беларусі, паказвалі тое, чым ганарыцца кожны беларус. Творчымі нумарамі артысты аддалі даніну павагі тым, на чыіх плячах стаіць моцная суверэнная Беларусь.
У гэты вечарам разам былі беларусы розных узростаў і прафесій: студэнты, кіраўнікі, артысты, спартсмены, дактары, настаўнікі, журналісты. Разам з усімі вынікі «Марафону адзінства» падвёў і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
«На гэтым дадзеным нам Богам кавалачку зямлі — наш адзіны дом»
«У гэтай велізарнай зале сёння пануе гонар, годнасць і адзінства, бо ў Мінск прыехалі людзі з усіх куткоў нашай прыгожай Беларусі, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Людзі, не абыякавыя да будучыні нашай Радзімы».
Кажучы аб акцыі, Прэзідэнт адзначыў, што «Марафон адзінства» стаў яскравай старонкай сучаснага летапісу Беларусі, аб’яднаў дзясяткі беларускіх гарадоў і мільёны сэрцаў. «Быццам паўнаводная рака, штодзень ён набіраў моц, захапляў, прырастаў новымі акцыямі і гарадамі, — удакладніў беларускі лідар. — Кожны рэгіён прэзентаваў самае лепшае, каб здзівіць усю краіну. І трэба сказаць, здзівіў... Канцэртнымі заламі, вернісажамі, пляцоўкамі для дыялогу станавіліся заводскія цэхі, гандлёвыя цэнтры, вакзалы і нават саляныя шахты. Ад Брэста да Віцебска, ад Гродна да Гомеля і Магілёва гучала: «Мы разам! Час выбраў нас!»
Прэзідэнт выказаў удзячнасць усім, хто ўклаў у гэты грандыёзны праект не толькі свой талент, але і сваю душу́. Словы падзякі прагучалі і ў адрас артыстаў: прафесійных і самадзейных, арганізатараў і рэжысëраў, бескарыслівым актывістаў і валанцёраў.
«Марафон адзінства» паказаў: Беларусь — адна вялікая сям’я, дзе кожны гатовы падтрымаць другога, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Вы падарылі людзям вялікую радасць. Даказалі, што мастацтва і асвета, памножаныя на жывыя чалавечыя адносіны, могуць ствараць цуды. Ведаеце, калі ў мяне пытаюцца, што робіць Беларусь такой асаблівай, прывабнай, гасціннай, светлай, напоўненай аптымізмам, я адказваю: людзі. Гэта вы — вы асаблівыя, таму і краіна ў нас асаблівая". Гэтыя словы аўдыторыя сустрэла апладысментамі.
Прэзідэнт падкрэсліў, што на гэтым дадзеным нам Богам кавалачку зямлі — наш адзіны дом. «І гэты дом не прадаецца ні за якія грошы, — акцэнтаваў увагу ён. — Мы будзем і далей будаваць гарадскія кварталы і вëскі будучыні, дарогі і заводы, станцыі метро і школы. Будзем мадэрнізаваць сельскую гаспадарку, развіваць навуку, адукацыю, медыцыну. Рабіць усё, каб краіна станавілася яшчэ больш прыгожай і ўтульнай для нас, нашых дзяцей і ўнукаў».
Менавіта гэтаму, па словах беларускага лідара, прысвечаны першы ў пяцігодцы якасці Год добраўпарадкавання. «Будзе і працяг, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — І, самае галоўнае, мы абавязкова захаваем для нашчадкаў мірнае неба над нашымі дамамі».
«Мы зробім усё, каб у Беларусі быў мір, было ціха, спакойна і абавязкова стабільна»
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што 2025-ы год — год 80-годдзя Вялікай Перамогі. «Як годныя спадчыннікі савецкага народа-пераможцы, мы зробім усё, каб у Беларусі быў мір, было ціха, спакойна і абавязкова стабільна», — запэўніў ён.
Прэзідэнт канстатаваў, што цяпер ідзе жорсткі і, на жаль, крывавы перадзел светапарадку, усталяванага ў 1945 годзе, калі Беларусь у ліку іншых заснавальнікаў зацвердзіла Статут Аарганізацыі Аб’яднаных Нацый. «Разбураецца аднапалярнасць апошніх дзесяцігоддзяў, узнікаюць новыя саюзы і цэнтры сілы, — канкрэтызаваў ён. — Знаходзячыся ў эпіцэнтры падзей, Беларусь, вядома ж, узмацняе сваю абароназдольнасць, але па-ранейшаму застаецца астраўком міру, добрасуседства і здаровага сэнсу».
«Усе вы, як адзін, — мае дзеці! — звяртаючыся да беларускага народа, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Прэзідэнт за кожнага нясе адказнасць. Калі хтосьці спатыкнуўся, хтосьці заблытаўся ці быў адурманены дзікімі фэйкамі і ўкідваннямі — у кожнага будзе шанец вярнуцца да жыцця».
Як заўважыў беларускі лідар, свет вакол хутка мяняецца. «Нам зараз не да ўнутраных гульняў і разборак, — удакладніў ён. — Усе павінны згуртавана і дружна працаваць, як адзіны арганізм, калі хочам і надалей ісці шляхам, які выбралі шмат гадоў таму».
Па словах кіраўніка дзяржавы, мы захаваем галоўнае — дыктатуру парадку, справядлівасці, дабра і павагі да чалавека. Перш за ўсё, да чалавека працы" (у зале прагучалі апладысменты).
«Не дапусцім, каб на родную зямлю ступіў бот захопніка!»
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што, праходзячы праз глабальныя крызісы і санкцыі, беларусы атрымалі бясцэнны досвед. «Навучыліся працаваць і развівацца, абапіраючыся на ўласныя розум і сілы, — канкрэтызаваў ён. — Мы не будзем скакаць пад чужую дудку. Не станем гнуць спіну пад панскім бізуном. Не дапусцім, каб на родную зямлю ступіў бот захопніка! Вы ў гэтым можаце быць абсалютна ўпэўнены». Гэтыя словы ўдзельнікі мерапрыемства сустрэлі апладысментамі.
«Але запомніце: усё, што я сказаў і не сказаў, аб чым мы думалі апошнія гады і рабілі, трэба ўкласці ў галовы і сэрцы нашых новых пакаленняў, — падкрэсліў Прэзідэнт (у зале прагучалі апладысменты). — Ужо шмат разоў казаў пра пераемнасць, пра тое, што праз пяць гадоў больш за палову насельніцтва нашай краіны будуць складаць людзі, якія нарадзіліся ў перыяд незалежнасці. Яны не ведалі імперыі Савецкага Саюза і, па вялікім рахунку, не заспелі найцяжэйшых 1990-х. І 2020 год паказаў, што моладдзю мы займаліся недастаткова. Не так, як сёння».
«Задача старэйшага пакалення — перадаць досвед, веды, уменні, кампетэнцыі новаму пакаленню»
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што бяспека, адсутнасць расслаення грамадства, даступныя медыцына і адукацыя, гарантаванае першае працоўнае месца, нядрэнныя дарогі, невысокія цэны і камфортныя паслугі — гэта ж не само па сабе з’явілася з ніадкуль або з інтэрнэту. Па словах беларускага лідара, гэта цяжкая праца будаўніцтва новай краіны.
«Наступная пяцігодка стане часам моладзі, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Задача старэйшага пакалення — перадаць досвед, веды, уменні, кампетэнцыі новаму пакаленню кіраванцаў, працоўных, спартсменаў, айцішнікаў. Уцягнутасць маладых людзей ва ўсе сферы дзейнасці дзяржавы стане вырашальнай».
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што «Марафон адзінства» стаў сапраўдным гімнам. «Гімнам суверэннай краіне і яе гісторыі. Гімнам усім дасягненням нашай незалежнасці, — канкрэтызаваў ён. — Вы, хто стаіць на гэтай сцэне, і тыя, каго сёння няма, але мы іх бачылі ў гарадах нашай краіны, — проста малайцы! Вялікі вам дзякуй!». Зала сустрэла гэтыя словы кіраўніка дзяржавы гучнымі апладысментамі.
Кажучы аб акцыі «Марафон адзінства», Прэзідэнт падзяліўся, што такога ў Беларусі за гады незалежнасці ён яшчэ не бачыў. «Вы ўсім паказалі, што мы можам тварыць на сусветным узроўні, — сказаў беларускі лідар. — Вы ўсім постсавецкім рэспублікам, што мяне радуе, паказалі, у якім кірунку трэба рухацца, развівацца. Можа, камусьці было сумнавата ў нейкіх нумарах, але вы павінны разумець, што тут ад маленькай дзяўчынкі, хлопчыка да сівых вопытных артыстаў сышліся на гэтай сцэне. Гэта не проста ўсіх сабраць і арганізаваць, але вы гэта зрабілі. Дзякуй» (Апладысменты).
Па словах кіраўніка дзяржавы, «Марафон адзінства» сапраўды стаў гімнам народа, які разумее, якое гэта шчасце — жыць і працаваць на сваёй зямлі. «І адчуваць, што ты не адзін, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — За спіной — Беларусь. Любімая, родная! Наша Беларусь! За спіной — мільёны аднадумцаў-патрыётаў. Тых, хто з упэўненасцю кажа: «Я ганаруся сваёй краінай! І дакладна ведаю, што ў яе годная будучыня, якую мы пабудуем разам! Абавязкова пабудуем, іншага не дадзена! Пабудуем у міры і стваральнай працы!»
«Мы свой лёс вызначылі дзясяткі гадоў таму: суверэнная, незалежная дзяржава»
Выступаючы на вялікіх святочных мерапрыемствах, Прэзідэнт не абмяжоўваецца пратакольнымі словамі, а размаўляе з беларусамі і пра надзённае. «Марафон адзінства» выключэннем не стаў. Тым больш, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, на такія думкі яго падштурхнулі самі беларусы падчас наведванняў прадпрыемстваў і сустрэч з працоўнымі калектывамі.
«Я бачыў бліскучыя вочы рабочых, сялян, інтэлегенцыі, тых жа айцішнікаў, якіх у нас стала значна больш, — сказаў ён. — Што яны кажуць? Кажуць: „26 студзеня мы вызначаем свой лёс, будучыню нашай дзяржавы“... Не! Мы свой лёс, дарагія сябры, вызначылі дзясяткі гадоў таму: суверэнная, незалежная дзяржава».
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, «Марафон адзінства» паказаў, што мы ўмеем ганарыцца тым, чым трэба ганарыцца. А ў той жа час мы не пакутуем гігантаманіяй, жывём сваёй працай, ніколі не стваралі, і не ствараем, і ніколі не створым праблем суседзям. І, як падкрэсліў беларускі лідар, не толькі суседзям, а ўсім дзяржавам, усім народам. «Я практычна ва ўсіх пабываў. Там такія ж людзі як мы, большасць, якая хоча жыць і працаваць, ганарыцца сваёй краінай, як мы. І мы ў гэтым ім дапамагаем і будзем дапамагаць. У гэтым наша філасофія», — сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка адказаў на заявы аб тым, што 26 студзеня — дзень, ад якога залежыць наша жыццё: «Ды супакойцеся. Не залежыць ад гэтага дня наша жыццё. У адваротным выпадку, чаго б мы каштавалі, калі б толькі ад аднаго дня залежала наша жыццё. Не. Сваё жыццё мы таксама вызначылі даўно. Наша жыццё — гэта роўныя магчымасці для ўсіх! Роўныя магчымасці. Гэта грамадства справядлівасці! Мы будзем абапірацца на парадак і бяспеку нашага грамадства. Мы абавязкова, я вам гэта абяцаю, пабудуем краіну для людзей. Нават, калі мяне не будзе, вы яе пабудуеце, бо вы ўжо многае зрабілі. Але гэта, падкрэсліваю, будзе грамадства магчымасцяў. А як вы распарадзіцеся гэтымі магчымасцямі — не мая справа, не дзяржавы. Гэта справа ваша, вашай сям’і, родных, вашых блізкіх. Не страцьце свае магчымасці».
Беларускі лідар запэўніў, што будзе зроблена ўсё, каб людзі маглі атрымаць адукацыю, каб усе маглі мець (і ўжо маюць роўныя магчымасці). «Толькі вы не забывайце пра свае абавязкі», — папрасіў ён.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што беларусы — людзі добрыя, гасцінныя, вельмі талерантныя. «Мы ўмеем слухаць і верыць... — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Наша славянская сутнасць такая — мы верым. І гэтая якасць беларускага народа сыграла злы жарт у гісторыі незалежнай Беларусі. Калі мы верылі... У 2020 годзе частка нашых людзей паверылі „ў прывабнае, заможнае жыццё“ за кардонам. Мы ледзь не знішчылі самі сябе, давайце шчыра аб гэтым казаць. Але гэта была вельмі важная, неабходная прышчэпка нашаму арганізму! Мы яе атрымалі».
Кіраўнік дзяржавы адзначыў: «Усе нашы праціўнікі і ворагі павінны разумець — не спадзявайцеся, мы ніколі не паўторым таго, што было ў 2020 годзе». Пасля гэтых слоў шматысячная «Мінск-арэна» ўзарвалася апладысментамі. «Але падкрэслю, мы ні ў якім разе не звернем са шляху сапраўднай дэмакратыі і павагі да чалавека, — заўважыў беларускі лідар. — Мы нікому не павінны закрываць рот. Мы нікога не павінны сілай цягнуць туды, куды ён не хоча. Я ж сказаў, мы створым грамадства справядлівасці, дзе чалавек будзе паважаць іншага чалавека, дзе хочацца жыць».
«Давайце не страцім гэты час, бо ён выбраў нас!»
Па словах кіраўніка дзяржавы, сёння, нягледзячы на ўсе цяжкасці і складанасці, перад намі, беларусамі, адкрываецца неабсяжнае поле, мора магчымасцяў! «Паважаныя сябры. Давайце гэтымі магчымасцямі скарыстаемся разам! Вельмі часта здараецца, калі мы ўпускаем момант, а потым нас захлынаюць іншыя эмоцыі, іншае жыццё і мы ўжо не можам навярстаць тое, што не зрабілі своечасова. Гэта тычыцца найперш моладзі. Давайце рабіць усё своечасова, разам. Давайце не страцім гэты час, бо ён выбраў нас! І ад гэтага нікуды не падзецца», — звярнуўся да беларусаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт растлумачыў, у чым сутнасць 26 студзеня: «Значэнне гэтага дня вялікае. Значэнне нядзелі 26 студзеня ў тым, што мы павінны паказаць усяму свету: мы людзі разумныя, мы ўмеем рабіць высновы з мінулых падзей і глядзім у будучыню — мірную і бяспечную, якую мы павінны падарыць нашым дзецям і унукам. Нікуды ад гэтага не падзецца. Бо гэта страшны, усеабдымны час, які выбраў нас». Гэтыя словы кіраўніка дзяржавы публіка сустрэла сапраўднымі авацыямі.
Усе прысутныя на «Мінск-арэне» скончылі «Марафон адзінства» разам — Прэзідэнт, госці, гледачы, артысты выканалі Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. У зале і, хочацца верыць, па іншы бок экрана тэлевізара адчувалася сапраўднае адзінства беларускага народа.
Фота Лізаветы ГОЛАД