Top.Mail.Ru

Каранкевіч: Мы заўсёды адкрытыя да давернага дыялогу

Намеснік Прэм’ер-міністра Віктар Каранкевіч расказаў, якія пытанні абмяркоўваліся на перагаворах з удзелам кіраўніка дзяржавы. 


Найперш віцэ-прэм’ер адзначыў высокую нацэленасць бакоў на рэалізацыю ўсіх дамоўленасцяў у эканамічнай, сацыяльнай, гуманітарнай сферах узаемадзеяння. Паводле яго слоў, ужо рэалізаваны кантракты па пастаўках у Лівію беларускай сельскагаспадарчай, камунальнай, дарожна-будаўнічай тэхнікі. Абмяркоўваецца стварэнне сэрвіснага цэнтра для абслугоўвання гэтай тэхнікі. «Закраналіся пытанні арганізацыі вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі з перадачай беларускіх тэхналогій, пастаўкі абсталявання — гэта накіравана на ўмацаванне харчовай бяспекі краіны. Абмяркоўваліся пытанні навучання лівійскіх студэнтаў ва ўстановах адукацыі Беларусі па медыцынскіх, прамысловых, сельскагаспадарчых спецыяльнасцях. Падымаліся пытанні аховы здароўя, магчымасць лячэння грамадзян Лівіі ў нашых установах аховы здароўя, перадача вопыту па ўдасканаленні і арганізацыі медыцынскага абслугоўвання, пастаўках медыцынскага абсталявання», — пералічыў асноўныя пытанні Віктар Каранкевіч. 

Ён падкрэсліў, што цяпер той самы момант для ўстанаўлення доўгатэрміновага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Лівіяй у розных сферах. «Мы заўсёды гатовы дзяліцца сваімі сучаснымі тэхналогіямі, якія запатрабаваны і ў Рэспубліцы Беларусь, і за межамі нашай краіны. Мы заўсёды адкрытыя да давернага дыялогу, і мы гатовыя прыходзіць як сябры са сваімі тэхналогіямі, якія будуць спрыяць развіццю ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва», — рэзюмаваў віцэ-прэм’ер. 

Кіраўнік прадпрыемства «Беллібтрэйд» Анатоль Ліневіч расказаў, што асабіста бачыў беларускія трактары на мехдвары ў пустыні Сахара, дзе лівійцы вырошчваюць розныя сельскагаспадарчыя культуры па тэхналогіях, даўно адпрацаваных у свеце. 

«Сёння ёсць прапанова і нам паўдзельнічаць у гэтым праекце. І ў прынцыпе, мы настроены на яго. Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу дадзены праект ажыццявіць. Будзем прапаноўваць свае веды, уменні, тэхналогіі, будзем паказваць, як мы ўмеем працаваць на зямлі. Гэта не значыць, што ў нас не будзе памылак, таму што рэгіён для нас новы, глеба не наша, своеасаблівая. Але тэхналогія ёсць, будзем яе прытрымлівацца, і я думаю, што вынік не прымусіць сябе чакаць», — расказаў аб адным з праектаў Анатоль Ліневіч. 

Таксама, паводле яго слоў, ёсць прапанова аб тым, каб беларускія спецыялісты ў розных сферах выязджалі ў Лівію і перадавалі свой вопыт лівійскім калегам, каб тыя па беларускім вопыце працавалі і на зямлі, і ў прамысловасці. 

«Мы пастараемся максімальна дапамагчы накарміць народ Лівіі, дапамагчы ім вырасціць пшаніцу, сабраць ураджай, перапрацаваць. Задача стаіць. Распрацоўваецца праграма па стварэнні там малочнатаварнага комплексу, птушкафабрыкі — гэта далёкія планы, якія мы павінны ажыццявіць. Ідзе размова і аб стварэнні сумеснага зборачнага прадпрыемства, на сёння ўжо заключана шэраг кантрактаў з нашымі прадпрыемствамі», — расказаў Анатоль Ліневіч. 

Сёння, 21 кастрычніка, у Мінску адкрылася гандлёвае прадстаўніцтва Лівіі. Анатоль Ліневіч удакладніў, што гэта, па сутнасці, дае зялёнае святло ў беларуска-лівійскіх адносінах, бо дзейнасць гандлёвага прадстаўніцтва дапаможа больш аператыўна вырашаць пытанні, накіраваныя на іх развіццё.

Валерыя СЦЯЦКО

Чытайце таксама: Каранкевіч: Беларусь і Аман адкрываюць новую старонку ўзаемадзеяння

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю