Top.Mail.Ru

«Мы ствараем у імя будучыні народаў Беларусі і Расіі»

Ключавыя акцэнты пленарнага пасяджэння XIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі


У другі дзень форуму дзелавая энергія вялікага эканамічнага дыялогу была сканцэнтравана ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры BELEXPO. Тут пад кіраўніцтвам Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай і Старшыні Савета Федэрацыі Валянціны Матвіенка адбыўся шэраг важных сустрэч. Фінальным акордам другога дня стала пленарнае пасяджэнне форуму, падчас якога бакі абмеркавалі актуальныя пытанні саюзнага парадку дня.

«Я не раз падкрэсліваў, што самае галоўнае для нас — эканоміка»

Пленарнае пасяджэнне форуму пачалося з відэазваротаў лідараў дзвюх дзяржаў. У сваім звароце Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Паважаныя ўдзельнікі і госці XIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі! Сардэчна вітаю вас на гасціннай беларускай зямлі. Рады бачыць у гэтай зале ўсіх, хто знайшоў магчымасць сустрэцца, каб абмеркаваць ключавыя кірункі нашага супрацоўніцтва, абмяняцца вопытам і намеціць новыя сумесныя праекты».

Сёлета форум прымаюць у сябе Мінск і Мінская вобласць. Як падкрэсліў Прэзідэнт, гэта сэрца Беларусі, дзе засяроджаны індустрыяльны, навуковы і культурны патэнцыял краіны. Яны фарміруюць каля паловы нацыянальнага ВУП. Менавіта тут размешчаны ключавыя прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, прадукцыя якіх вядомая ва ўсім свеце і шырока запатрабаваная, у тым ліку на рынку Расійскай Федэрацыі. Сярод іх — БЕЛАЗ, МАЗ, МТЗ, «Інтэграл», «Планар», агракамбінат «Дзяржынскі» і многія іншыя.


«Тэма трынаццатага форуму, прысвечаная эканамічнаму ўзаемадзеянню рэгіёнаў як фактару ўстойлівага развіцця, вельмі актуальная. Я не раз падкрэсліваў, што самае галоўнае для нас — эканоміка. Ад узроўню яе развіцця, умацавання прамысловага, аграрнага патэнцыялу залежаць дабрабыт грамадзян, бяспека і суверэнітэт нашых краін. Менавіта рэгіёны фарміруюць тую матэрыяльную аснову, якая робіць Саюзную дзяржаву жыццяздольнай і ўстойлівай да знешніх выклікаў, — звярнуў увагу беларускі лідар. — І ва ўмовах санкцыйнага ціску мы адаптаваліся да новых лагістычных маршрутаў, выбудавалі разліковыя механізмы, незалежныя ад юрысдыкцый недружалюбных краін, захавалі тэмпы прамысловага росту».

Мы разам ствараем новыя вытворчасці, абменьваемся інавацыямі, развіваем турызм, падтрымліваем моладзь. Кожнае такое пачынанне — не проста эканамічная статыстыка, гэта жывая тканіна брацкіх адносін, якая з кожным годам становіцца толькі больш трывалай.

«Асабліва радуе, што тавараабарот паміж нашымі краінамі дэманструе ўстойлівы рост. Не менш важна і якаснае напаўненне такой кааперацыі. Сёння мы ўпэўнена пераходзім ад простага гандлю да стварэння паўнавартасных вытворчых кластараў, навукаёмістых вытворчасцяў і сумесных праектаў», — гаворыцца ў звароце.

Але за любымі эканамічнымі дасягненнямі заўсёды стаіць упартая праца канкрэтных людзей. «Словы падзякі адрасую кіраўнікам рэгіёнаў Беларусі і кіраўнікам суб’ектаў Расійскай Федэрацыі. Менавіта вы ператвараеце стратэгічныя дамоўленасці ў рэальныя справы і дасягненні, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка ў звароце. — Вы галоўныя архітэктары рэальнага супрацоўніцтва. Ад вашай ініцыятывы, асабістай уцягнутасці і гатоўнасці разам ісці наперад залежыць, наколькі трывалымі і даўгавечнымі будуць сувязі паміж нашымі краінамі».

Беларусь і Расія — саюзнікі па духу. «Нас аб’ядноўваюць не толькі гаспадарчыя сувязі, але і агульная культура, духоўна-маральныя каштоўнасці, гістарычная памяць і вернасць подзвігу пакалення пераможцаў, — гаворыцца ў звароце. — Мы ствараем у імя будучыні народаў Беларусі і Расіі. І рады бачыць тут усіх людзей добрай волі, якія гатовыя да сумленнага партнёрства і адкрытага дыялогу».

«Паважаныя сябры! Я перакананы, трынаццаты форум рэгіёнаў традыцыйна пройдзе на самым высокім узроўні. Ён стане новым пунктам росту для нашых брацкіх краін і народаў. Таму я хачу пажадаць усім удзельнікам моцнага здароўя, міру і плённай працы, — звярнуўся Прэзідэнт да ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння. — Дарагія браты расіяне! Мы жывём у складаны і непрадказальны час. Мы яго не выбіралі. Гэты час выбраў нас. Таму задачы, якія трэба будзе нам вырашаць, мы павінны вырашыць. І мы гэта зробім!».

«Моцныя, суверэнныя дзяржавы, моцны саюз — вось формула поспеху любой інтэграцыі»

На пленарным пасяджэнні XIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі былі падведзены ключавыя вынікі і падпісаны маштабныя міжрэгіянальныя пагадненні. У сваім выступленні Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава адзначыла: «Стратэгічны вектар кіраўнікоў дзяржаў грунтуецца на прынцыпах дружбы, узаемнай павагі і цеснага партнёрства. Гэта служыць асновай для рэалізацыі маштабных праектаў і ўмацавання сувязяў паміж людзьмі і рэгіёнамі, спрыяючы стварэнню ўмоў для эканамічнага супрацоўніцтва і міжрэгіянальнага дыялогу дзвюх краін».


Паводле яе слоў, форум рэгіёнаў з добрай традыцыі вырас у значную і чаканую падзею ў жыцці нашых краін. «Беларусь Расія не проста партнёры. Мы брацкія краіны, якія звязваюць агульныя традыцыі, культурныя каштоўнасці і, вядома ж, агульная гісторыя. Рухацца наперад, калі ўсё заснавана на даверы, раўнапраўі і доўгатэрміновых планах — гэта наша ўсвядомленае, незваротнае рашэнне. Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў: „Моцныя, суверэнныя дзяржавы, моцны саюз — вось формула поспеху любой інтэграцыі“, — прывяла словы беларускага лідара Наталля Качанава. — І ў гэтых словах не толькі глыбінная сутнасць нашых адносін, але і гістарычная праўда». 

Прыярытэты саюзнага супрацоўніцтва

Спікер спынілася на прыярытэтных кірунках. Першы — прамысловая кааперацыя і тэхналагічны суверэнітэт. «Узровень нашай кааперацыі — гэта сапраўды ўражальны сімбіёз інтэлекту, рэсурсаў і прамысловай моцы».

Другі — роўныя ўмовы гаспадарання і ліквідацыя выключэнняў і бар’ераў. «Часам здараецца, што канкурэнцыя паміж нашымі кампаніямі бывае больш жорсткай, чым з вытворцамі з трэціх краін. Таму ў ход ідуць не тарыфныя эканамічныя меры, якія часцяком патрэбныя толькі аднаму баку. Работу па іх ліквідацыі трэба выконваць больш сістэмна», — лічыць Наталля Качанава.

Трэці — інавацыйнае развіццё. «Свет імкліва змяняецца, — адзначыла спікер. — Выйграюць тыя краіны, якія здольныя аператыўна ўкараняць новыя тэхналогіі ва ўсе сферы. Ад кіравання вытворчасцю і персаналам да фарміравання ў спажыўцоў жадання купляць менавіта гэты тавар». 

Чацвёрты — развіццё аграпрамысловага комплексу і харчовая бяспека. «Ва ўмовах сусветнай нестабільнасці пытанне харчовай бяспекі набыло стратэгічнае значэнне. Нягледзячы на эканамічны ціск, нашы краіны яшчэ больш нарасцілі патэнцыял у вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, перапрацоўцы і пастаўках харчавання», — пазначыла спікер. 


Пяты — устойлівая эканоміка немагчымая без разгалінаванай сістэмы транспарту і інфраструктуры. «Нам важна пашыраць транспартныя калідоры, павышаць прапускную здольнасць маршрутаў, развіваць чыгуначныя і аўтамабільныя зносіны, ствараць зручныя ўмовы для бізнесу і грамадзян», — звярнула ўвагу Наталля Качанава. 

Шосты — адукацыйнае і культурнае супрацоўніцтва. «Эканоміка — гэта перш за ўсё людзі, — заявіла спікер. — Любы праект патрабуе кадраў, ведаў, даверу, камунікацыі і агульнага разумення мэт. Таму так важна развіваць супрацоўніцтва ўніверсітэтаў, навуковых арганізацый, маладзёжных аб’яднанняў, прафесійных супольнасцяў». 

Сёмы — развіццё агульнай інфармацыйнай прасторы. «Моцны саюз мае патрэбу ў агульнай прасторы сэнсаў, даверу і праўды. Мы павінны самі расказваць пра нашы дасягненні, нашых людзей, нашы праекты і нашу будучыню», — перакананая Наталля Качанава. 

«Не існуе сілы, здольнай раз’яднаць Беларусь і Расію»

Наталля Качанава нагадала, што сёлета спаўняецца 30 гадоў саюзнаму будаўніцтву. «Дзякуючы мудрай і паслядоўнай палітыцы лідараў нашых краін пройдзены каласальны шлях ад добрых намераў да стварэння моцнай, сталай і самадастатковай інтэграцыйнай мадэлі, — заявіла Наталля Качанава. — Неаднаразова падкрэслівалася: не існуе сілы, здольнай раз’яднаць Беларусь і Расію». 

Саюзная дзяржава на справе прайшла сур’ёзную праверку часам і ўжо даказала сваю эфектыўнасць. «Інтэграцыя ахапіла самыя розныя сферы: ад эканомікі да культуры. Узаемны доступ да рынкаў за гэтыя гады дазволіў павялічыць гандлёвы абарот у 8 разоў. Так, па выніках 2025 года мы выйшлі на гістарычны максімум — 60 мільярдаў долараў. Мы даказалі ўсяму свету: інтэграцыя магчымая без страты суверэнітэту, на аснове ўзаемнай павагі, раўнапраўя і даверу», — падкрэсліла спікер.

Разам з Саюзнай дзяржавай паслядоўна развіваўся і Форум рэгіёнаў. «За гэтыя гады ён вырас у разы і па маштабе, і па змесце, і па выніках. Вынік работы за 12 гадоў — тысячы падпісаных кантрактаў і пагадненняў на суму каля 19 мільярдаў 700 мільёнаў беларускіх рублёў, — канкрэтызавала Наталля Качанава. — Толькі летась у Ніжнім Ноўгарадзе было падпісана каля 100 кантрактаў на агульную суму 900 мільёнаў беларускіх рублёў. А сёлета, паводле папярэдніх ацэнак, мы перавысім планку ў 1,5 мільярда беларускіх рублёў. Гэта той выпадак, калі за лічбамі стаіць рэальны эфект», — падкрэсліла Наталля Качанава. 

«Адносіны Расіі і Беларусі дэманструюць выключна стабільны і даверны характар»

Старшыня Савета Федэрацыі Валянціна Матвіенка адзначыла, што нашым народам лёсам наканавана быць разам, давяраць адзін аднаму, працаваць і перамагаць плячо ў плячо: «Цяпер мы разумеем, калі б Саюзная дзяржава не адбылася, не атрымала б такое магутнае развіццё, то ва ўмовах агрэсіі, разгорнутай супраць нашых краін, і Расіі, і Беларусі прыйшлося б значна цяжэй. І ў сферы эканомікі, і, вядома ж, у сферы бяспекі». 


Валянціна Матвіенка акцэнтавала ўвагу на тым, што сёлета спаўняецца 30 гадоў з дня падпісання Дагавора аб утварэнні Супольнасці Беларусі і Расіі: «За гэтыя тры дзесяцігоддзі нам удалося зрабіць адно з самых паспяховых інтэграцыйных аб’яднанняў на еўразійскай прасторы. Пакуль асобныя дзяржавы прыдумляюць сабе ўяўных ворагаў, мяняюць саюзнікаў як пальчаткі, адносіны Расіі і Беларусі дэманструюць выключна стабільны і даверны характар, развіваюцца без аглядкі на знешнюю кан’юнктуру раўнапраўна, узаемавыгадна і ўзаемапаважліва». 

Гэтыя і многія іншыя вынікі былі б немагчымыя без намаганняў рэгіёнаў дзвюх краін, падкрэсліла спікер. «Галоўным дасягненнем форуму за ўсе гэтыя гады я лічу тое, што нам удалося стварыць разгалінаваную сістэму прамых, надзейных, узаемавыгадных міжрэгіянальных сувязяў. Існуючыя механізмы супрацоўніцтва сапраўды запатрабаваныя і актыўна працуюць на вынік. Зразумела, час цяпер няпросты, турбулентны, але, як сведчыць крылаты выраз, хто хоча — шукае магчымасці, хто не хоча — шукае прычыны. Рэгіёны Расіі і Беларусі сапраўды могуць паказаць майстар-клас па пошуку гэтых новых магчымасцяў і па тым, як менавіта павінна развівацца міжрэгіянальнае партнёрства ў няпростых умовах», — падкрэсліла Валянціна Матвіенка. 

Узорны прыклад сумеснага развіцця

Першы намеснік Прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў адзначыў, што беларуска-расійская інтэграцыя — гэта ўзорны прыклад сумеснага развіцця. «Гэта супрацоўніцтва дае вымерны эканамічны вынік. За пяць гадоў тавараабарот вырас на 37 %, лічба дасягнула 55 мільярдаў долараў па таварах, — падкрэсліў Мікалай Снапкоў. — За апошнія гады ўдалося дасягнуць устойлівага балансу ўзаемнага гандлю. Гучыць проста, але для эканомікі Беларусі гэта адзін з самых крытычных аспектаў, якія фарміруюць устойлівасць фінансавай сістэмы. Па выніках 2025 года ў гандлі Расія — Беларусь захавана дадатнае сальда». 

На фоне росту рэальных даходаў і развіцця расійскіх маркетплэйсаў істотна выраслі пастаўкі спажывецкіх тавараў і з Расіі ў Беларусь: абутку, сланечнікавага алею, адзення, тэкстылю. Паводле слоў першага віцэ-прэм’ера, гэта сведчанне рэальнага ўзаемнага попыту, а не аднабаковай залежнасці. «У сферы паслуг за пяць гадоў абарот вырас амаль удвая. Устойліва растуць будаўніцтва, транспарт, турызм. Гэта не проста лічбы і не проста рост з 4 мільярдаў долараў да амаль 9 мільярдаў долараў за 5 гадоў. Гэта паглыбленне вытворчай кааперацыі і рэальны сумесны адказ на лагістычныя абмежаванні, звязаныя з вядомымі сусветнымі практыкамі», — рэзюмаваў Мікалай Снапкоў.

Агульная колькасць заключаных дагавораў паміж рэгіёнамі Беларусі і Расіі ўжо набліжаецца да 500

У размове з журналістамі віцэ-спікеры верхніх палат парламентаў дзвюх краін падвялі прамежкавыя вынікі XIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Так, намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Ігар Брылевіч адзначыў: «Абсалютна ўсе рэгіёны Рэспублікі Беларусь сёння падпісалі новыя пагадненні. Агульная колькасць заключаных, падпісаных дагавораў паміж адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі ўжо набліжаецца да 500. І гэтая лічба штогод расце», — канкрэтызаваў Ігар Брылевіч. 


Намеснік Старшыні Савета Рэспублікі асабліва адзначыў цёплыя пачуцці, сяброўства і брацкія адносіны, якія дазваляюць будаваць менавіта той падмурак Саюзнай дзяржавы, на якім выстройваюцца эканамічныя адносіны, стратэгічнае партнёрства двух брацкіх народаў на карысць нашых людзей. Ігар Брылевіч звярнуў увагу, што тэма наступнага Форуму рэгіёнаў яшчэ распрацоўваецца. «Я думаю, у любым выпадку яна будзе прысвечана актуальнаму парадку дня, мы гэта вызначым, занясём прапановы нашым спікерам. Але няма ніякага сумнення, што гэта тэма будзе накіравана на ўстойлівае рэгіянальнае развіццё, што для нас з’яўляецца безумоўным прыярытэтам міждзяржаўнага супрацоўніцтва і работы ў рамках Саюзнай дзяржавы».

Па выніках форуму падпісана 323 пагадненні

Намеснік Старшыні Савета Федэрацыі Юрый Вараб’ёў у сваю чаргу паведаміў, што па выніках форуму было падпісана 323 пагадненні. «У расійскіх рублях яны ацэньваюцца амаль у 50 мільярдаў, — удакладніў віцэ-спікер. — Важна, што ў форуме ўдзельнічалі 71 рэгіён Расіі. Спадзяёмся, што наступным разам мы яшчэ больш рэгіёнаў зможам запрасіць на наш форум». 

XIII Форум рэгіёнаў, паводле яго слоў, стаў пляцоўкай для таго, каб больш упэўнена і эфектыўна развіваліся рэгіянальныя сувязі. «Чарговы форум пройдзе ў 2028 годзе ў Смаленску, — анансаваў віцэ-спікер. — Мы будзем старанна рыхтавацца, каб ён прайшоў на найвышэйшым узроўні».

У тэму

Ва ўрадзе разгледзелі магчымасці для нарошчвання тавараабароту Беларусі і Расіі

Прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын і віцэ-прэм'ер Расіі Аляксей Авярчук разгледзелі актуальныя пытанні ўзаемнага супрацоўніцтва і абмеркавалі рост тавараабароту, паведамляе БелТА.

«У прынцыпе, усе пытанні ў нас маюць рабочы характар. Але тым не менш ёсць неабходнасць абмеркаваць шэраг пытанняў, — адзначыў Аляксандр Турчын. — Тавараабарот расце такімі тэмпамі, што мы чарговы раз будзем на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета дакладваць аб рэкордах нашым прэзідэнтам. І заўсёды прыемна з калегамі працаваць, таму што ўзровень прафесіяналізму і разумення заўсёды заслугоўвае вялікай павагі».

Аляксей Авярчук падкрэсліў, што дэлегацыя з Расійскай Федэрацыі знаходзіцца ў Беларусі ў рамках Форуму рэгіёнаў. «Гэта наша найважнейшае мерапрыемства, якое дае магчымасць людзям больш цесна ўзаемадзейнічаць. Гэта заўсёды добрая магчымасць сустрэцца са старымі сябрамі, заключыць розныя кантракты і дагаворы, а рэгіёны развіваюць сувязі паміж сабой», — звярнуў увагу ён.

На думку віцэ-прэм'ера, Беларусь і Расія могуць сёлета разлічваць на тавараабарот $70 млрд. «У нас усё нядрэнна развіваецца. Ёсць, вядома, пытанні, але яны больш маюць, напэўна, тэхнічны характар. Сёння якраз іх абмяркуем», — падкрэсліў Аляксей Авярчук.

Матэрыялы падрыхтавалі Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ, Яна ВАЛАСАЧ

Фота БелТА і Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю