Уражанні футбалістаў ад першага матчу на новым стадыёне.
Уражанні футбалістаў ад першага матчу на новым стадыёне.
Таварыскі матч паміж зборнымі Беларусі і Кітая скончылася сяброўскай нічыёй — 1:1. Першы гол на новым стадыёне забіў Мікіта Баранок. Але на 75-й хвіліне матчу госці зраўнялі вынік.
Галоўны трэнер беларускай зборнай Віталь Паўлаў адзначыў высокі ўзровень гульні, якая прынесла яго камандзе карысны досвед. «Каманда Кітая — кваліфікаваная, з ёй працуе іспанскі трэнер, а гэта шмат аб чым кажа. Каманда суперніка вельмі дысцыплінаваная, і гуляць з ёй было няпроста. Большую частку часу мы валодалі ініцыятывай, былі моманты, калі трэба было і можна было забіваць, але не хапала выканання. Але для нас гэта важны перыяд падрыхтоўкі і нам было важна праверыць свае сілы на такім узроўні. І, канешне, паўплывала тое, што за гульнёй назірала 33 тысячы гледачоў, для хлопцаў гэта стала добрай трэніроўкай на псіхалагічную ўстойлівасць», — ацаніў матч трэнер. Віталь Паўлаў прызнаўся, што яму асабіста і ўсёй камандзе было вельмі адказна і прыемна прыняць непасрэдны ўдзел у гэтай гістарычнай падзеі, таму трэнерскі штаб даў магчымасць кожнаму футбалісту выйсці на поле — каб прасякнуцца маштабам падзеі. Тым больш, што з трыбун назіралі родныя і блізкія. «Я хваляваўся. Упершыню выводжу каманду на гульню пры такой колькасці гледачоў. Ды і для хлопцаў гэта было вельмі хвалююча. Але мы атрымалі вялікае задавальненне», — падзяліўся трэнер.
Гулец беларускай маладзёжкі Артур Назаранка прызнаўся, што права першымі выступіць на новым грандыёзным стадыёне надало матывацыі працаваць, лепей і часцей гуляць на гэтым полі. У тым ліку і ў складзе галоўнай каманды краіны. Футбаліст зборнай падзякаваў усім гледачам за падтрымку, а тэхнічным службам стадыёна — за выдатную якасць газона, гуляць на якім, па яго словах, адно задавальненне. З таварышам па камандзе пагадзіўся і Глеб Кучко: «Выдатная была гульня, атрымалі задавальненне і ад матчу, і ад атмасферы. Дзякуй за такі стадыён».
Перад гэтай гульнёй наша «маладзёжка» абыграла ў Баранавічах аднагодкаў з Азербайджана з вынікам 3:1. У двух стартавых паядынках цяперашняга сезона падапечныя Віталя Паўлава таксама атрымалі перамогі, забіўшы па тры галы ў вароты сапернікаў:Беларусь — Турцыя — 3:2, Беларусь — Паўночная Македонія — 3: 1. Для беларускіх футбалістаў гэтыя паядынкі, у тым ліку і таварыскі матч на новым стадыёне, сталі этапам падрыхтоўкі да восеньскага адобру на маладзёжны чэмпіянат Еўропы.

Валерыя СЦЯЦКО
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА