У сем’ях, дзе ёсць асаблівыя дзеці, часта няма бацькі. Лічыцца, мужчыны сыходзяць з-за эмацыянальнага выгарання, пачуцця бездапаможнасці, таму што не могуць прыняць выклік лёсу, узяць адказнасць на сябе.
Цікава было пазнаёміцца з мужчынам, які не сышоў з сям’і з асаблівым дзіцем, пачуць яго меркаванне аб тым, з якімі цяжкасцямі сутыкаецца сям’я і менавіта ён сам. Аляксей Ларчанка пагадзіўся расказаць сваю гісторыю і падзяліцца сваім поглядам.
Аляксей і Ульяна Ларчанка выхоўваюць траіх сыноў: 12-гадовага Багдана, 9-гадовага Рамана, 3-гадовага Ціхана. У старэйшага сына дыягназ — расстройства аўтыстычнага спектра (РАС).

Змяніць нельга. Трэба прыняць
Калі ў нас з жонкай нарадзіўся першынец, мне было 33 гады, я ўжо быў гатовы да адказнасці за сям’ю. Сын нарадзіўся раней за тэрмін і, вядома, запатрабаваў да сябе дадатковага клопату і ўвагі, перш за ўсё — з боку жонкі. Пакуль нашаму хлопчыку ставілі дыягназ — «затрымка псіха-моўнага развіцця», мы з Ульянай спадзяваліся: з часам справімся з адставаннем. Але Багдан рос, праблемы не знікалі, і ў рэшце рэшт яму паставілі дыягназ — «расстройства аўтыстычнага спектра з паводніцкімі парушэннямі». Калі нешта змяніць немагчыма, застаецца гэта прыняць. Мы прынялі і працягвалі жыць далей.
Чаму мужчыны сыходзяць з сем’яў, дзе ёсць асаблівыя дзеці? Мусіць, у сваёй большасці з-за таго, што не спраўляюцца з цяжкасцямі. На мой погляд, гэта баязлівасць. За любых дзяцей мы, бацькі, нясём адказнасць. Асабіста ў мяне ніякага выгарання, дэпрэсіі з-за дыягназу Багдана не было. І жалю да сябе я не адчуваў. Вось жонку бывае шкада: сумяшчаць працу (а Ульяна — выдатны спецыяліст у сваёй галіне, у яе дзве вышэйшыя адукацыі) і гадаваць траіх сыноў — велізарная нагрузка.
На мой погляд, наша сям’я — самая звычайная. І з асаблівым дзіцем, і з двума іншымі сынамі часам бывае няпроста: кожны з іх патрабуе свайго падыходу. Адрозненне толькі ў тым, што дзіця з асаблівасцямі патрабуе дадатковых укладанняў фінансаў і часу — на кансультацыі, заняткі ў спецыялістаў.

Знайсці падыход
Мы з жонкай імкнёмся, каб сыны сябравалі, дапамагалі адзін аднаму. У выхадныя разам глядзім і абмяркоўваем мультфільмы, гуляем у футбол каля дома, наведваем басейн. Раман не заўсёды хоча ганяць мяч з Багданам, але мы з ім размаўляем, пераконваем і звычайна знаходзім рашэнне, якое задавальняе ўсіх. Па дарозе з гімназіі Раман забірае са школы Багдана, разам яны ідуць дадому. 9-гадовы Раман можа не толькі разагрэць мамін абед, але і нешта простае прыгатаваць самастойна.
Ад выхавання ў сям’і залежыць шмат, але не ўсё. Стаўленне да асаблівых дзяцей з боку равеснікаў фарміруецца дарослымі ў дзіцячым садку і ў школе. Напрыклад, у адным і тым жа садку ў адной групе ўсё ў сына было добра, у іншай — з ім не знаходзілі агульнай мовы. Забіраючы Багдана дадому, часам чуў насмешкі з боку дзяцей, а рэакцыі выхавацелькі на гэта не назіраў.
Калі старэйшы сын толькі пайшоў у школу (тады мы жылі ў Мінску), зразумела, папярэдзілі педагогаў аб яго асаблівасцях. Настаўніца пачатковых класаў запэўніла нас: «Не хвалюйцеся, у мяне 30-гадовы педагагічны стаж, я з любымі дзецьмі спраўлюся». Але... У Багдана выдатная памяць, ён дастаткова развіты, нядрэнна засвойвае матэрыял па шэрагу прадметаў. Аднак з ім бывае складана: ён увесь час мае патрэбу ў руху; калі яму сумна, не можа ўседзець на месцы, засяродзіцца. Праз гэта ўзнікалі канфлікты. Багдана прапаноўвалі перавесці на хатняе навучанне. Цяпер старэйшы сын вучыцца ў Заслаўскай школе № 2, у інтэграваным класе. За паўтара года нам ні разу не сказалі, што ён кагосьці не задавальняе.
Багдану падабаюцца кампаніі, ён ахвотна гуляе з дзецьмі. Да яго добра ставяцца старшакласнікі. Ён — моцны хлопчык. Вядома, мы з жонкай хвалюемся, што сын ненаўмысна, пераймаючы паводзіны іншых дзяцей, у час гульні можа кагосьці неспадзявана пхнуць. Таму вельмі рады, што старэйшаму сыну далі цьютара: гэта жанчына дапамагае Багдану на працягу ўсяго школьнага працэсу. Мы з ёй заўсёды на сувязі, нам значна спакайней.

Урокі дабрыні
Прызнаюся шчыра, да нараджэння старэйшага сына я не задумваўся, як жывуць, з якім стаўленнем да сябе сутыкаюцца сем’і з асаблівымі дзецьмі. Для мяне гэта асяроддзе было «тэра інкогніта». Уласны сын прымусіў шмат чаго адкрыць для сябе. На шчасце, з боку сваякоў, сяброў, калег мы з жонкай сустракаем поўнае разуменне — яны вельмі добразычліва ставяцца да Багдана. Але многія дарослыя, мне здаецца, успрымаюць дзяцей з аўтызмам як дурненькіх ці дрэнна выхаваных наўмысных парушальнікаў дысцыпліны. Думаю, у школах трэба тлумачыць дзецям, што іх аднагодкі з РАС (ці іншымі асаблівасцямі) адрозніваюцца ад іх і маюць патрэбу ў разуменні, падтрымцы. Ведаю прыклад, калі хлопчык з аўтыстычным расстройствам у першым класе нават шнуркі на чаравіках не мог завязаць. Але настаўніца пачатковых класаў папрацавала з дзецьмі, яны дружна пачалі паказваць, тлумачыць свайму таварышу тое, што ўмеюць самі. Не прайшло і паўгода, як той хлопчык завязваў шнуркі самастойна. Няма сумненняў, што пры такім стаўленні дзецям з асаблівасцямі значна прасцей сацыялізавацца, інтэгравацца ў грамадства. І выйграюць ад гэтага не толькі яны самі, але і звычайныя равеснікі, якія з малых гадоў вучацца дапамагаць іншым і разумеюць, як гэта здорава.
Вольга ПАКЛОНСКАЯ
Каментарый выкладчыка кафедры агульнай і медыцынскай псіхалогіі БДУ Вольгі Вярбіцкай:
Трэці — не лішні
— Сыход мужчыны з сям’і, дзе ёсць дзіця з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, — не рэдкасць. Называючы гэта баязлівасцю, Аляксей агучыў распаўсюджаную ацэнку, якую дае соцыум такому ўчынку. Вядома, эмацыянальнае выгаранне, пачуццё бездапаможнасці, негатоўнасць да адказнасці, боязь стыгматызацыі і г. д. маюць месца ў гэтым сцэнарыі. Аднак хацелася б звярнуць увагу на яшчэ адзін, напэўна, не такі відавочны аспект. Я кажу пра глыбокую сістэмную дэфармацыю адносін, якая заканамерна развіваецца ў сем’ях, дзе ёсць асаблівыя дзеці. Вядома, што пры нараджэнні дзіцяці ствараецца своеасаблівая сімбіятычная дыяда «маці—дзіця». Ва ўмовах здаровага развіцця праз некаторы час неабходнасць гэтага зліцця натуральна слабее.
У норме менавіта постаць бацькі становіцца тым «трэцім», хто мякка размыкае гэты кокан, выводзячы дзіця ў соцыум і вяртаючы жанчыну ў шлюбныя адносіны. Але ў выпадку нараджэння дзіцяці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця гэты механізм часта ламаецца. Аб’ектыўная бездапаможнасць дзіцяці, яго павышаная патрэба ў клопаце «цэментуе» сімбіёз. Маці пад ціскам трывогі і гіперадказнасці несвядома не дае межам дыяды «маці—дзіця» аслабнуць. У гэтай канструкцыі мужчыну часта адводзіцца толькі функцыянальная роля: здабытчыка рэсурсаў, кіроўцы, памагатага, але не паўнавартаснага бацькі. У адказ на спробы дапамагчы мужчына чуе: «Ты не так трымаеш», «Ты не разумееш», «Адыдзі, я сама», і гэта паступова фарміруе ў мужчыны вывучаную бездапаможнасць, пачуццё ўласнай непатрэбнасці. З часам гэта прыводзіць да парадаксальнага і трагічнага выніку: мужчына сыходзіць не проста ад бяссонных начэй або фінансавых цяжкасцяў, якія патрабуюць вялікіх высілкаў, а з сістэмы, якая яго ўжо несвядома выключыла. Яго сыход становіцца не столькі выбарам, колькі лагічным завяршэннем таго адчужэння, якое ўжо адбылося. Мужчына сыходзіць з дому, дзе ён перастаў быць мужам, партнёрам, бацькам, ператварыўшыся толькі ў інструмент забеспячэння выжывання мацярынска-дзіцячай дыяды. Гэта, безумоўна, не здымае з мужчыны маральнай адказнасці, але тлумачыць, чаму гэты сыход часта становіцца фінальнай кропкай «эмацыянальнага разводу», які ўжо адбыўся значна раней.
Ілюстрацыя са свабодных крыніц