Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі запускае ў папулярным месенджары Telegram чат-бот, з дапамогай якога грамадзяне змогуць праінфармаваць аб правапарушэннях, расказаў намеснік начальніка Дэпартамента фінансаў і тылу МУС Уладзімір Зайцаў. Пра гэта паведамляе Sputnik.by.
«Асноўная мэта новаўвядзення — максімальна спрасціць узаемадзеянне грамадзян з органамі ўнутраных спраў», — сказаў ён.
Па словах прадстаўніка міністэрства, пры дапамозе чат-бота беларусы ананімна і ў любы час сутак змогуць паведаміць у міліцыю аб здарэннях і правапарушэннях.
Пры гэтым да паслання можна будзе прымацаваць фота і відэа, даныя геалакацыі і галасавое паведамленне.
Зайцаў зазначыў, што гэта дазволіць людзям зэканоміць час, а супрацоўнікам праваахоўных органаў — атрымаць інфармацыю для рэагавання.
Пакуль чат-бот «Мы заўсёды побач» будзе працаваць у тэставым рэжыме і толькі ў Мінскай вобласці. Пасля апрабацыі яго ўвядуць у эксплуатацыю на ўсёй тэрыторыі Беларусі.