З пачатку ўборачнай кампаніі больш за 180 чалавек здзейснілі крадзяжы сельгаспрадукцыі. Пра гэта БелТА паведамілі ў МУС.
З пачатку ўборачнай кампаніі выяўлена 180 фактаў адсутнасці вартаўнікоў на сваіх месцах. Устаноўлены сотні прадстаўнікоў сельгасарганізацый, якія прыйшлі на працу ў п’яным выглядзе. Пра такія здарэнні неадкладна інфармуюцца кіраўнікі АПК і мясцовыя органы ўлады. Акрамя таго, больш за 180 асоб здзейснілі крадзяжы сельгаспрадукцыі, зафіксавана звыш 120 фактаў незаконнага абарачэння нафтавага паліва.
У Асіповіцкім раёне сярод работнікаў сельгасарганізацыі выяўлена сям’я, якая на сістэмнай аснове здзяйсняла крадзяжы таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў. У двары яе дома выяўленыя каністры з палівам характэрнай афарбоўкі і некалькі сотняў кілаграмаў камбікорму. У дачыненні да бацькі і сына складзеныя пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях. Выкрадзенае вернута ўладальніку.
«У адпаведнасці з рашэннем кіраўніцтва МУС участковыя інспектары міліцыі, якія абслугоўваюць сельскую мясцовасць, задзейнічаны для кантролю за ходам уборачнай кампаніі. Асноўная задача — забяспечыць захаванасць сабранага ўраджаю, прадухіліць здзяйсненне правапарушэнняў і злачынстваў. Для гэтага супрацоўнікі ажыццяўляюць праверкі аб’ектаў АПК на прадмет іх тэхнічнай ўмацаванасці, а таксама кантралююць працу вартавой аховы. Міліцыянеры нацэлены на выяўленне значных альбо сістэмных правапарушэнняў. Кожнаму з такіх фактаў будзе дадзеная прававая ацэнка», — падкрэслілі ў праваахоўным ведамстве.