Top.Mail.Ru
244

МУС Беларусі падпісала Мемарандум аб узаемаразуменні з в’етнамскімі калегамі

У рамках афіцыйнага візіту дэлегацыі МУС Беларусі ў В’етнам адбылася рабочая сустрэча міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова з дырэктарам Упраўлення грамадскай бяспекі г. Хашыміна Май Хаангам.

Бакі абмеркавалі пытанні абмену дэлегацыямі і экспертамі, аператыўнага прадастаўлення запытанай інфармацыі, правядзення сумесных мерапрыемстваў, іншыя фарматы ўзаемадзеяння, накіраваныя на павышэнне прафесіяналізму службаў дзвюх краін.


«У МУС Беларусі багаты досвед работы з замежнымі калегамі, — адзначыў Іван Кубракоў. — Мы гатовы прадаставіць магчымасці для навучання паліцэйскіх з В’етнама ў навучальных установах і падраздзяленнях нашага ведамства».

У ходзе сустрэчы адбылося падпісанне Мемарандума аб узаемаразуменні паміж Упраўленнем грамадскай бяспекі правінцыі Хашымін і УУС Брэсцкага аблвыканкама (у асобе начальніка абласнога ўпраўлення Алега Шулякоўскага).

«Мы зацікаўлены ў вывучэнні перадавога міжнароднага досведу ў барацьбе з транснацыянальнай аргзлачыннасцю, экстрэмізмам і тэрарызмам, незаконным абаротам наркотыкаў, нелегальнай міграцыяй, у забеспячэнні грамадскага парадку, — падкрэсліў міністр унутраных спраў. — У сваю чаргу МУС Беларусі гатова падзяліцца ўласнымі напрацоўкамі і тэхналогіямі. Перакананы, што падпісаны Мемарандум паслужыць асновай для новых праектаў і ініцыятыў паміж нашымі рэгіёнамі».

Калегі з В’етнама выказалі зацікаўленасць у навучанні сваіх супрацоўнікаў у Беларусі і закупцы сродкаў індывідуальнай абароны, абсталявання для забеспячэння грамадскай бяспекі і іншых тавараў для праваахоўных структур, якія выпускаюцца беларускімі вытворцамі.

Іван Кубракоў рэзюмаваў, што міліцэйскае ведамства Беларусі імкнецца да пашырэння сфер узаемадзеяння з в’етнамскімі калегамі і адкрыта да зносін па ўсіх кірунках.

Вераніка КАНЮТА
Фота прэс-службы МУС

Чытайце таксама: У Палаце прадстаўнікоў адбылася сустрэча з парламентарыямі В’етнама

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю