Top.Mail.Ru
395

Мурал з партрэтам Янкі Купалы адкрылі на будынку раённай бібліятэкі ў Лідзе

Аўтарам гэтага арт-аб’екта стаў мастак Канстанцін Пахомчык. У карціне зашыфравана думка берагчы нашу культурную спадчыну і багацце. Колеры, фарбы і матывы прасякнуты любоўю да Радзімы, яе традыцый і людзей, якія ўнеслі свой уклад у наша духоўнае ўзбагачэнне.

На сцяне Лідскай раённай бібліятэкі, фасад якой абнавілі да святкавання Дня беларускага пісьменства, намаляваны паэт, перакладчык, драматург Янка Купала — частка беларускай культуры, нацыі. Пад яго партрэтам размясціліся вядомыя радкі: «Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына. Паміж сваіх і чужакоў яна мне ласкай матчынай».

На адкрыцці мурала прысутнічаў старшыня Лідскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Вярсоцкі. Ён адзначыў, што горад Ліда ўжо ў другі раз становіцца пляцоўкай для свята рэспубліканскага маштабу — Дня беларускага пісьменства: «І з кожным разам горад сур’ёзна пераўтвараецца, прыгажэе, набывае новае жыццё і фарбы».

Што датычыцца новага арт-аб’екта, старшыня Лідскага раённага выканаўчага камітэта выказаў упэўненасць: «Мурал стаў яшчэ адным упрыгожваннем нашага старажытнага і прыгожага горада».

Яна ВАЛАСАЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю