Top.Mail.Ru

Мудрасць народа, схаваная ў слове

Па ініцыятыве старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзіміра Гусакова Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры распачаў работу, накіраваную на папулярызацыю багатай моўнай спадчыны, сабранай вучонымі. Пазнаёміцца з ёй можна дзякуючы серыі ілюстраваных альбомаў «Фальклорныя скарбы Беларусі». Прэзентацыя трох першых альбомаў прайшла ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук.


Першы альбом «Адкуль праўда і крыўда» знаёміць з легендамі і былічкамі. Асаблівасць новых фальклорных выданняў у тым, што тут друкуюцца тэксты, сабраныя вучонымі ў розных беларускіх вёсках у апошнія дзесяцігоддзі, некаторыя з іх друкуюцца ўпершыню. Дзякуючы QR- кодам можна нават пачуць легенды ад саміх носьбітаў: паслухаць запісы ці паглядзець відэа. Легенды адлюстроўваюць светапогляд нашых продкаў. Пры дапамозе іх тлумачылася паходжанне сусвету, нябесных цел (нават плям на Месяцы), жывёл, кузурак, раслін, чалавека, народаў. Адрозненне легенд ад казак у тым, што нашы продкі, якія перадавалі гэтыя, здавалася б, казачныя гісторыі праз пакаленні, верылі, што так сапраўды было. Часам у легендах сустракаюцца і незвычайныя міфічныя персанажы. Там можна ўбачыць, як народ «перапрацоўваў» біблейскія сюжэты. Як расказала адна з укладальнікаў альбома, загадчык сектара этналінгвістыкі і фальклору Інстытута мовазнаўства Алена Боганева, у Шумілінскім раёне дзядуля 1912 года нараджэння расказваў, што, калі Маісей пераводзіў яўрэяў праз Заходнюю Дзвіну, рэчка расступілася, а над перадследнікамі вада сышлася, і тыя ператварыліся ў напаўлюдзей-напаўрыб. Такіх міфічных істот завуць фараонамі. Дарэчы, падобныя легенды распаўсюджаны па ўсёй Еўропе, асабліва ў краінах, якія абмываюцца морамі. Дзіўна, што сюжэт захаваўся і на нашых, немарскіх, землях. 

Другі альбом знаёміць з прыказкамі і прымаўкамі. Як расказалі яго ўкладальнікі Вольга Корсак і Зміцер Санько, праца аказалася няпростай, бо прыказак магло б хапіць не менш чым на восем кніг. Для новага выдання яны адбіраліся не проста пад пэўныя раздзелы (чалавек сярод людзей, сям’я, каханне, сяброўства, жыццёвыя назіранні), на кожнай старонцы паказана асобная тэма. Побач з беларускімі прыказкамі змешчаны не пераклады, а менавіта адпаведнікі на рускай і англійскай мовах.

Трэці том прысвечаны замовам. Як заўважыла загадчыца аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Таццяна Валодзіна, такія тэксты, што таемна перадаваліся ў радзіне ці ад вучня паслядоўнікам, адлюстроўваюць дзівосны шматгранны свет веравання, вобразаў, эмоцый, слоў і гукаў, і за кожным з іх — вера ў сілу слова.

Яшчэ адна адметная рыса серыі — афармленне альбомаў. Яго рабілі майстры выцінанкі з розных рэгіёнаў Беларусі.

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю