Top.Mail.Ru

Мудрасць — код усяго жывога

Кнігалюбы заўсёды маюць свет, дзе можна схавацца ў складаныя перыяды альбо адпачыць душой, бо пад вокладкамі добрых кніг — захапляльныя гісторыі, цікавыя суразмоўнікі і безліч тэм для абмеркавання з далейшым асэнсаваннем. Сёння прапаноўваем вам менавіта такую падборку новых выданняў, якія з’явіліся ў Выдавецкім доме «Звязда».

«Як коцікі-брацікі малую радзіму шукалі»


Казка Людмілы Кебіч з такой назвай знаёміць чытачоў з гісторыяй пра кацянят Цёмку і Дзёмку, якія даведаліся, што ў кожнай істоты на Зямлі ёсць малая радзіма, і адправіліся на яе пошукі. Адказ на сваё пытанне шукалі ўсюды: на падворку, у лесе, дзе іх ледзь не з’ела ліса, а пасля здарылася нечаканая сустрэча, дзе нарэшце ўсё стала зразумела. Цікаўныя чытачы падчас вандроўкі з героямі кнігі даведаюцца, якія перашкоды ўзніклі на шляху кацянят, каго яны там сустрэлі, а таксама пра тое, як коцікі-брацікі абаранялі свой родны куточак ад ворагаў, як усвядомілі, што значыць для кожнага родны край, чаму важна любіць і шанаваць яго. «Добра, што вы гэта разумееце, — усміхнулася старая асіплая мыш, — таму што толькі разам можна абараніць сваю радзіму ад ворагаў і дасягнуць перамогі... Жывёлы і птушкі маўчалі. Напэўна, кожны асэнсоўваў словы мудрай мышы». Аздоблена кніга ілюстрацыямі Валерыі Лукашык. Выданне рэкамендавана для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.

Не падманіце іх даверу


У зборнік «Душа жывога» пісьменніцы Жанны Міус увайшлі як раней апублікаваныя, так і новыя аповесці і апавяданні. Усе яны прысвечаны ўзае-

маадносінам людзей і жывёл. Аўтар пераканана: жывыя, трапяткія, шматгранныя пачуцці кіруюць усімі Божымі стварэннямі на Зямлі. Браты нашы меншыя без слоў, на выпраменьванні чуллівага гарачага сэрца і нявіннай душы, вяшчаюць свету: «Паглядзіце на мяне — я прыгожы, я разумны, я хачу мірнага існавання, хачу квецені ружовых майскіх світанкаў, хачу расянога звону чэрвеньскіх траў, хачу паху кастрычніцкіх вятроў і сумных мелодый студзеньскай завеі... Я хачу любіць! І быць любімым! Хачу ўручыць вам сябе, людзі! Не падманіце майго даверу...» Усю гэту палітру вы знойдзеце ў творах, дзе як аповесці («Тыдзень шэрага колеру», «Яблычны Спас», «Душа жывога»), так і апавяданні («Другое сабачае», Два Кешы«, «Некантактныя», «Цуды прыходзяць у пёрах» і іншыя).

«Запіскі юнай хірургіні»


Іх чытачы знойдуць у кнізе апавяданняў маладога аўтара і будучага доктара Паліны Корневай. «З ранняга дзяцінства я ведала, што буду хірургам. Гэта мара перажыла ўсе этапы майго сталення: рамантычныя фантазіі, горыч першых расчараванняў — і працягвае сталець разам са мной зараз... Хірургія — гэта не толькі галіна медыцыны і навука. Гэта стыль жыцця. Творчасць, душэўнае пакліканне...», — так піша аўтар у прадмове. Змешчаныя ў зборніку «Запіскі юнай хірургіні» творы шчыра раскрываюць медыцынскі свет з розных ракурсаў: як вачамі простага чалавека, так і дзяўчыны, якая выбрала для сябе адну з самых складаных прафесій.

Алена ДРАПКО

Чытайце таксама: Таямніцы існавання — у дэталях

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю