Да 1 лістапада прадугледжаны тэставы рэжым для гандлю па новых правілах счытвання кода маркіроўкі. Пра гэта паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення кантролю рэалізацыі тавараў і паслуг — начальнік упраўлення электронных сістэм кантролю Міністэрства па падатках і зборах Вячаслаў Майкоўскі, паведамляе БелТА.
З 1 ліпеня 2025 года юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі абавязаны забяспечыць дыферэнцыраваны ўлік даных аб рэалізуемых таварах, якія падлягаюць маркіроўцы, перайсці на выкарыстанне касавага абсталявання, якое адпавядае патрабаванням заканадаўства. У асобных крамах загадзя пачалі тэставаць працэсы счытвання кода маркіроўкі, але ў цэлым суб’екты аказаліся не гатовыя да новаўвядзенняў.
Каб мінімізаваць складанасці, урад і Нацыянальны банк перагледзелі патрабаванні да работы касавага абсталявання. Выключаная неабходнасць сканавання нацыянальнага QR-кода, якім у цяперашні час маркіруецца большасць тавараў, у тым ліку паўсядзённага попыту. У дачыненні да прамаркіраваных тавараў (малочная прадукцыя, абутак, шыны і асобныя тавары лёгкай прамысловасці — верхняя вопратка, бялізна сталовая, пасцельная і кухонная) у большасці выпадкаў захаваецца абавязак па сканаванні толькі міжнароднага QR-кода, паколькі ён уключае ў сябе GTIN. Гэта зроблена для зніжэння нагрузкі на бізнес, выгоды пакупнікоў.
Цяпер пры продажы сокаў, напіткаў, кансерваў і іншых тавараў можна счытваць толькі штрыхавы код, калі ёсць дыферэнцыраваны ўлік, а пры яго адсутнасці і гандлі толькі гэтымі таварамі ў невялікай магазіне — проста ўводзіць суму адзінкі тавару.
Што тычыцца тавараў, якія маркіруюцца сродкамі ідэнтыфікацыі, патрабаванні захаваліся. Пры іх продажы трэба счытваць код маркіроўкі, забяспечваць дыферэнцыраваны ўлік і прадаваць гэты тавар паштучна. Пералік такіх тавараў карацей, чым падлягаюць маркіроўцы уніфікаванымі кантрольнымі знакамі. У першую чаргу гэта малочная прадукцыя. Сюды ж адносяцца абутак, шыны, асобныя прадметы адзення, бялізна сталовая, пасцельная і кухонная.
«Прынята рашэнне, што да 1 лістапада будзе дзейнічаць тэставы рэжым. Разам з тым патрабаванні выконваць трэба, але ад іх можна адступаць, калі па аб’ектыўных прычынах не змаглі выканаць (адклеілася маркіроўка, не счытваецца код і інш.). Мы даем магчымасць прыстасавацца да новых умоў, а ад суб’ектаў гандлю чакаем атрымаць інфармацыю аб праблемах», — адзначыў Вячаслаў Майкоўскі.
Ён асабліва падкрэсліў, што за невыкананне правілаў на першым этапе — у перыяд тэставання — падатковыя органы штрафаваць не будуць.
У далейшым для многіх тавараў прадугледжаны паэтапны пераход на новую сістэму.