Top.Mail.Ru

Мова сэрцаў, якая не мае меж

У Нацыянальным мастацкім музеі ўрачыста адкрылася выстаўка «Мінхва: Мастацтва Карэі». Гэты міжнародны праект стаў магчымы дзякуючы падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Карэя. Карціны, прадстаўленыя ў экспазіцыі, сучасныя мастакі спецыяльна стваралі пад дадзены праект. А гэта паўсотні работ, прычым трыццаць з іх перадаюцца ў падарунак Нацыянальнаму мастацкаму музею.


«Міжнароднае супрацоўніцтва — адзін з важных кірункаў у дыялогу культур. Гэтая выстаўка дае магчымасць беларускім гледачам пазнаёміцца з цікавым і арыгінальным кірункам мастацтва як мінхва», — заўважыла намеснік начальніка ўпраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Надзея Аўдзей.

Экспазіцыя дазваляе беларускім гледачам пазнаёміцца з традыцыйным карэйскім жывапісам, які ўзнік больш як 300 гадоў таму. Карціны ствараліся спецыяльнымі фарбамі на рысавай паперы. Іх можна было пабачыць як у каралеўскіх палацах, так і ў жыллі простых людзей. Такія творы не толькі адлюстроўвалі прыгажосць прыроды і традыцыі народа, але і памкненні людзей, служылі абярэгамі. Кожны малюнак — зашыфраванае пасланне з пэўным пажаданнем. Напрыклад, тыгры сімвалізуюць моц і абарону ад усяго дрэннага, жураўлі — даўгалецце, сваё значэнне маюць кветкі, рыбы, насякомыя. Такім чынам жывапіс, народжаны ў побыце, адлюстроўваў філасофію народа, мары пра шчасце, дабрабыт, любоў, гармонію, унутраную раўнавагу. Сучасныя мастакі, якія прадставілі свае работы на мінскай выстаўцы, пастараліся перадаць дух і прыгажосць нацыянальнага мастацтва ў сучасным гучанні. Шматлікіх гасцей, якія прыйшлі на яе адкрыццё, уразілі яскравыя фарбы, вобразы, сімвалы. 

9 045A7478.JPG

Выстаўка сведчыць пра развіццё сяброўскіх адносін паміж Беларуссю і Карэяй. Дарэчы, гэта не першы выставачны праект у дадзеным кірунку. Так, летась у залах Нацыянальнага мастацкага музея гледачы мелі магчымасць пазнаёміцца з выставачным праектам «Прыгажосць Карэі», які праводзіўся сумесна з Культурным цэнтрам «Пушкінскі дом» горада Сеула (Рэспубліка Карэя). 

Першы намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея па навуковай, міжнароднай і асветніцкай рабоце Вікторыя Кузьміна падзякавала карэйскім мастакам за ўнікальную магчымасць прадставіць гледачам яскравыя работы і за папаўненне музейнага збору і падкрэсліла: «Сёння гэта выстаўка збліжае нашы народы, дае разуменне таго, наколькі мы падобныя і што з’яўляецца для нас базавымі каштоўнасцямі: гэта мір, гармонія і прыгажосць». 

8 045A8286.JPG

Адным з арганізатараў выстаўкі выступіла паўднёвакарэйская асацыяцыя «World Peace Art Exhibition Committee». Яе кіраўнік Лі Джонг Ён падкрэсліў, што сёння карэйскі жывапіс пераадольвае час і межы, а выстаўка павінна садзейнічаць развіццю культурнага дыялогу і народнай дыпламатыі, а таксама ўзаемнаму разуменню прыгажосці: «Мастацтва — мова сэрцаў, якая не мае меж».

Дарэчы, прадстаўнікі карэйскага народа ўжо больш за сто гадоў пражываюць на тэрыторыі Беларусі. Творчы калектыў Культурна-асветніцкага грамадскага аб’яднання «Арыранг» — часты госць на беларускіх фестывалях і святах, удзельнік дабрачынных праектаў. Летась падчас міжнароднага конкурсу сярод калектываў, якія прадстаўляюць традыцыйныя карэйскія танцы ў розных краінах свету, ён быў прызнаны адным з найлепшых і запрошаны ў Паўднёвую Карэю. Яскравыя нумары «Арыранг» падрыхтаваў і для адкрыцця выстаўкі ў Мастацкім музеі.

Фота Віктара Іванчыкава.

Чытайце таксама: Замкі, палацы, тэатры. Азнаямленчы тур для дэлегацыі Рэспублікі Карэя праходзіць у Беларусі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю