Top.Mail.Ru
152

Мотакаскадзёры, асілкі, дрэсіраваныя мядзведзі. У Белдзяржцырку новая праграма «Магія экстрыму»

У Беларускім дзяржаўным цырку стартавала новая шоу-праграма «Магія экстрыму», перадае БелТА.

Дырэктар Белдзяржцырка Уладзімір Шабан адзначыў, што на манежы на гэты раз сапраўды інтэрнацыянальная каманда. «Тут артысты Беларускага дзяржаўнага цырка, расійскіх і лацінаамерыканскіх цыркаў. Раскрыю адразу цікавую дэталь — у фінале з’явіцца моташар, у якім могуць быць тры мотакаскадзёры. І ўсё гэта ў чатырох квадратных метрах. Артысты будуць ганяць з такой хуткасцю, што дзівам дзівішся. Вось гэта сапраўды экстрым. І яго нам падораць артысты з Лацінскай Амерыкі. Таксама ў праграме нашы паветраныя акрабаты на ланцугах. Яны працуюць пад купалам на вышыні 22 м над зямлёй, без страхоўкі. Расійскія артысты прадставяць „Кола смеласці“. Гэта таксама экстрэмальны нумар на мяжы чалавечых магчымасцей. У нас гэта атрымалася — мы здзівім гледача экстрымам», — падкрэсліў ён.

Паводле яго слоў, навагодняя праграма ў Белдзяржцырку прайшла з аншлагамі. «Яна была добрая, прыгожая, пазітыўная. Дзетак мы павіншавалі з Новым годам, Дзед Мароз да нас прыйшоў, дабро перамагло зло. Але цяпер трэба даць крыху ўзварушыцца нашым гледачам, дадаць адрэналіну. А ён будзе, але будзе і весялосць — будзе клоўн, будуць працаваць жывёлы — поні, мядзведзі, у сабачак цэлы спектакль. Наша праграма — гэта набор экстрыму і пазітыву», — расказаў Уладзімір Шабан.

Захапляючае відовішча, дзе на мяжы магчымага нараджаецца сапраўднае чараўніцтва, складаецца з двух аддзяленняў. У першым гледачы ўбачаць эквілібрыстаў на першах, будзе жанглёр, дрэсіраваныя сабакі, сілавое шоу і іншае. Другое аддзяленне парадуе дрэсіраванымі поні, паветранай гімнастыкай на трапецыі.

Праграма прадоўжыцца па 10 мая.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю