Сёння ўдзяляецца асаблівая ўвага падтрымцы маладых вучоных, развіццю і ўкараненню іх распрацовак у рэальных сектарах эканомікі. Для гэтага ў нашай краіне ёсць мноства інструментаў — ад дзяржаўных прэмій да міжнародных навуковых форумаў. Пра асноўныя з іх распавялі падчас прэс-канферэнцыі «Моладзь у навуцы: стымуляванне навукова-тэхнічнага і інавацыйнага патэнцыялу Беларусі. Новыя магчымасці для магістрантаў і аспірантаў у 2025 годзе».
Маладыя, дзёрзкія, інавацыйныя
Важную ролю ў папулярызацыі навукі сярод моладзі адыгрывае арганізацыя розных тэматычных мерапрыемстваў. Так, найбуйнейшы ў краіне «Фестываль навукі» праходзіць на тэрыторыі Цэнтральнага батанічнага саду Акадэміі навук і штогод прыцягвае не толькі вучоных, але і шырокае кола зацікаўленых гледачоў. У рамках фестывалю арганізоўваецца рэспубліканская выстаўка-конкурс
«100 інавацый маладых вучоных». Летась на ім прадставілі больш за 150 праектаў. Сёлета плануецца зрабіць конкурс міжнародным і, адпаведна, больш маштабным.
Цэнтрам прыцягнення маладых даследчыкаў з’яўляецца і Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Прадэманстраваць свае распрацоўкі, абмяняцца вопытам з калегамі і знайсці аднадумцаў ён прапануе на Міжнародным маладзёжным форуме «Крэатыў і інавацыі». Паводле слоў намесніка старшыні Савета маладых вучоных БНТУ Яўгена Міхасіка, у 2024 годзе ў рамках форуму прайшло 46 мерапрыемстваў, накіраваных на падтрымку вучоных-пачаткоўцаў і дэманстрацыю іх дасягненняў.
Форум маладых вучоных устаноў вышэйшай адукацыі таксама праходзіць штогод і збірае сотні ўдзельнікаў.
— У мінулым годзе ўдзел прымала Расійская Федэрацыя, а ў гэтым плануюць далучыцца і ўдзельнікі з іншых краін СНД. Традыцыйна на форуме абмяркоўваецца шырокі спектр тэм, якія звязаны з рознымі кірункамі даследаванняў у эканамічных, тэхнічных і сацыяльных навуках, — адзначыла старшыня Савета маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь, дацэнт кафедры міжнародных эканамічных адносін БДУ Анастасія Кісялевіч. — Удзельнікі таксама могуць наведаць розныя прадпрыемствы, майстар-класы і адукацыйныя мерапрыемствы.
Смелыя ідэі маладых
Стымуляваць ініцыятыўную моладзь і дапамагаць у прасоўванні канкрэтных перспектыўных распрацовак працягвае Рэспубліканскі маладзёжны праект «100 ідэй для Беларусі». За час яго існавання (а праект вядзе сваю гісторыю з 2011 года) было пададзена больш чым 17 000 заявак, з якіх 3500 рэалізаваны. Прапанаваць сваю задуму можа любы ахвотны ва ўзросце ад 14 да 31 года. А тыя, чые распрацоўкі аказваюцца найбольш творчымі, інавацыйнымі і перспектыўнымі, атрымліваюць ільготныя ўмовы для ўдзелу ў Рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў.
БДУІР таксама арганізоўвае конкурсы навуковых праектаў сярод моладзі. Падобны пройдзе і ў красавіку 2025 года. За папярэднія два конкурсы фінансаванне атрымала 14 праектаў:
— Тэматыка наступная: распрацоўка інтэрнэт-сайтаў і дадаткаў, прылад медыцынскага, бытавога і прамысловага прызначэння, электронных сістэм, стварэнне макетаў і метадычных рэкамендацый для навучання праграміраванню. Усяго за час рэалізацыі праектаў было прыцягнута 38 студэнтаў БДУІР і навучэнцаў МРК, больш за палову з іх атрымалі першае працоўнае месца ў студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі, — адзначыў прарэктар па навуковай рабоце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Віктар Стэмпіцкі.
У кузнях навуковых кадраў
Далучэнне студэнтаў да навуковай дзейнасці ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі ажыццяўляецца на аснове шматузроўневай сістэмы арганізацыі навукова-даследчай работы. І асаблівае месца ў ёй, паводле слоў Віктара Стэмпіцкага, займае студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя (СНДЛ) універсітэта. Менавіта тут распрацоўваюцца інавацыйныя рашэнні, стартапы і перспектыўныя навуковыя ініцыятывы, праводзіцца работа па фундаментальных і прыкладных праектах.
Дарэчы, яны часта выходзяць за межы ўніверсітэта і становяцца запатрабаванымі ў рэальным сектары эканомікі. У апошнія гады прадпрыемствы і навукова-тэхналагічныя паркі пачалі напрамую звяртацца ў БДУІР, шукаючы перспектыўных маладых спецыялістаў. Адзін з такіх прыкладаў — каманда студэнтаў, якая распрацоўвала праект у рамках СНДЛ і ў выніку стала рэзідэнтам навукова-тэхналагічнага парка свайго ўніверсітэта.
Асаблівую ролю Нацыянальнай акадэміі навук у фарміраванні інтэлектуальнай эліты нашай краіны адзначыў старшыня Савета маладых вучоных НАН Беларусі Станіслаў Юрэцкі:
— Сёння для нас вельмі важна стварыць усе неабходныя ўмовы для замацавання таленавітай моладзі ў сферы навукі і вытворчасці. Таму маладым вучоным дадзены шанц заняць належнае месца ў навуковых і навукова-вытворчых арганізацыях Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Акрамя таго, у НАН функцыянуе Беларускі рэспубліканскі фонд фундаментальных даследаванняў. Ён дае права ўдзелу ў конкурсах на атрыманне грантаў па фінансавай падтрымцы ўсім маладым вучоным краіны.
Напрыклад, конкурс «Мой першы грант» дае магістрантам і аспірантам стартавае фінансаванне іх навуковых даследаванняў. Адна з абавязковых умоў — наяўнасць у навуковай групе хаця б аднаго спецыяліста, маладзейшага за 35 гадоў, — стымулюе ўцягванне моладзі ў буйныя даследчыя ініцыятывы.
Галоўнай асаблівасцю Універсітэта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, паводле слоў прарэктара па вучэбнай рабоце Дзмітрыя
Мазарчука, з’яўляецца цесная сувязь навучання з навуковай і інавацыйнай дзейнасцю. Практычна з першых тыдняў магістранты не толькі вывучаюць тэорыю, але і актыўна ўдзельнічаюць у рэальных навуковых даследаваннях. У партнёрскай сетцы ўніверсітэта мноства інстытутаў розных кірункаў: ад гуманітарных да прыродазнаўчанавуковых і тэхнічных.
Таленту — стымул
Дарэчы, дзяржава актыўна заахвочвае моладзь да навуковых дасягненняў спецыяльнымі прэміямі. Сярод іх — прэстыжныя ўзнагароды імя акадэмікаў Ж. Алфёрава, В. Купрэвіча і У. Ігнатоўскага. Таксама можна разлічваць на стыпендыі і гранты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія штогод стымулююць развіццё даследчай дзейнасці сярод прадстаўнікоў маладога пакалення.
Прэмія ж Саюзнай дзяржавы маладым вучоным была заснавана толькі летась. Яна прызначана для падтрымкі перадавых распрацовак у прыродазнаўчых, тэхнічных і гуманітарных навуках, якія садзейнічаюць інавацыйнаму развіццю эканомікі, рэалізацыі прыярытэтных кірункаў стратэгіі навукова-тэхналагічнага развіцця Саюзнай дзяржавы на перыяд да 2035 года. Плануецца, што прысуджацца прэмія будзе два разы на год маладым даследчыкам з Беларусі і Расіі.