Top.Mail.Ru

Чым абнадзеіў чэмпіянат Беларусі па акадэмічным веславанні?

Моладзь не падвяла.



На вяслярным канале ў Брэсце разыгралі медалі адкрытага чэмпіянату па акадэмічным веславанні. На працягу трох дзён на знакамітым канале кіпелі спартыўныя жарсці, разам з беларусамі за медалі спрачаліся і расійскія спартсмены. Але гаспадары, хоць і сустрэлі гасцей цёпла, свайго не ўпусцілі.

У мужчынскай парнай двойцы пераможцамі сталі Фёдар Шорах і Іван Брынза. У жанчын у дадзеным відзе праграмы лідарства не аддалі Таццяна Клімовіч і Алена Фурман — наймацнейшы дуэт краіны. На мінулым тыдні спартсменкі спыніліся за крок ад п’едэстала Кубка свету ў Швейцарыі. Таксама Таццяна Клімовіч упэўнена заваявала званне чэмпіёнкі краіны ў жаночай адзіночцы.

Вынік фіналу мужчынскіх распашных чацвёрак прыемна здзівіў. Пераможцам спаборніцтваў стаў юніёрскі экіпаж у складзе Анатоля Міхалко, Дзмітрыя Янкіна, Вадзіма Карпечанкі і Захара Сямёнава. Квартэт-U18 на дзве дзясятыя секунды апярэдзіў дарослых сапернікаў.

Найлепшымі ў заездах жаночых парных чацвёрак стаў экіпаж у складзе Віялеты Каратыш, Таццяны Пратасевіч, Веранікі Анацка і Валерыі Шэндэль. У гэтым жа відзе праграмы ў мужчын найлепшы вынік паказалі Павел Сіненка, Раман Шабацька, Максім Грыбоўскі і Іван Макарэвіч.

У самым захапляльным відзе акадэмічнага веславання — заездах васьмёрак — сапраўднае шоу з залатым вынікам паказалі Дзіяна Плісава, Кіра Каваленка, Вікторыя Васільева, Вераніка Анацка, Марыя Шода, Антаніна Лаўнікевіч, Таццяна Храмкова, Крысціна Мотуз і Валерыя Цяляк, якія былі найлепшымі ў заездах васьмёрак з рулявым. У хлопцаў у гэтай дысцыпліне першынствавалі Сяргей Валадзько, Дзмітрый Фурман, Уладзіслаў Лакун, Дзмітрый Абяранец, Міхаіл Іванчыкаў, Дзяніс Клімята, Антон Купалаў, Дзяніс Кучэраў і рулявая Паліна Кацэвіч.

Па выніках адкрытага чэмпіянату Беларусі добра сябе паказалі маладыя спартсмены. Калі юніёры апярэджваюць на фінішы членаў нацыянальнай каманды — гэта можа быць або выпадковасцю, або сведчаннем якаснай работы з рэзервам. Што гэта было ў Брэсце ў фінале мужчынскіх распашных чацвёрак — пакажа час і іншыя старты. Дарэчы, весляры-акадэмісты да міжнародных спаборніцтваў дапушчаны і змогуць праверыць свае сілы на розных каналах і з рознымі сапернікамі, што, вядома, пойдзе ім толькі на карысць. На гэта звярнула ўвагу і двухразовая алімпійская чэмпіёнка па акадэмічным веславанні Кацярына Карстэн, якая цяпер працуе з рэзервам: «Сёлета да нас прыйшлі такія актыўныя 18-гадовыя спартсмены. І я бачу ў іх вялікі патэнцыял, калі, зразумела, яны будуць працаваць і ўдасканальваць сваю форму. Да наступных Алімпійскіх гульняў яшчэ тры гады. Адзіночкі наўрад ці, але ў двоек і чацвёрак ёсць усе шанцы заявіць аб сабе. Думаю, усё ў іх атрымаецца. Дай бог, каб мы маглі выязджаць на міжнародныя старты і там правяраць свае сілы».

Валерыя СЦЯЦКО


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю