У міжнародным пункце пропуску «Перароў» на ўчастку беларуска-польскай граніцы адбыўся абмен па формуле «пяць на пяць» па лініі спецслужбаў, перадае БелТА.
Месца, у якім сёння праходзіла старанна падрыхтаваная аперацыя, знаходзіцца ў глыбіні Белавежскай пушчы і схавана ад лішніх вачэй. Такая лакацыя зручная абодвум бакам. У цяперашні час названыя імёны толькі некаторых удзельнікаў абмену. Так, вернутыя з польскай тэрыторыі беларускія разведчыкі Аляксандр Балан і Уладзіслаў Надзейка, двое грамадзян Расійскай Федэрацыі — археолаг Аляксандр Буцягін і Ніна Папова. Сярод перададзеных на сумежны бок — Андрэй Пачобут, грамадзяне Польшчы Гжэгаж Гавел, Томаш Бяроза.
Праведзены абменны працэс спецыялісты называюць унікальным. «Фінальная стадыя праходзіла на лініі дзяржаўнай граніцы паміж польскім і беларускім бакамі. З аднаго боку выступаў Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, з другога — Агенцтва разведкі і Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы. Гэта быў складаны і доўгі працэс. Ён доўжыўся каля года», — акцэнтаваў увагу намеснік начальніка следчага ўпраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі, падпалкоўнік юстыцыі Аляксандр Тарасевіч.

Супрацоўнікі КДБ працавалі па даручэнні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік дзяржавы асабіста праводзіў перагаворы з лідарамі зацікаўленых краін. «На першапачатковым этапе гаворка ішла выключна пра інтарэсы Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Польшча. Але, як мы ўсе ведаем, у свеце ўсё ўзаемазвязана, пераплецена. У канчатковым выніку да гэтага працэсу былі падключаныя спецслужбы сямі дзяржаў. Кантакты падтрымліваліся па адпрацаваных, пастаянна дзеючых спосабах камунікацыі з польскімі спецслужбамі, а таксама спецслужбамі іншых дзяржаў практычна па ўсім свеце. Камітэт дзяржаўнай бяспекі актыўна ўзаемадзейнічаў з саюзнікамі па АДКБ і іншымі дружалюбнымі краінамі», — адзначыў Аляксандр Тарасевіч.

Вялікі ўклад унеслі кіраўнікі і супрацоўнікі Федэральнай службы бяспекі Расіі — яны праводзілі з беларускімі калегамі сумесныя мерапрыемствы на высокім прафесійным узроўні на самых складаных этапах.
«Хацелася б падзякаваць усім задзейнічаным. Сённяшні прыклад яскрава паказвае, што дэклараваны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь прынцып вырашэння ўсіх пытанняў мірным, дыпламатычным шляхам, шляхам пошуку кампрамісаў заўсёды прыводзіць да станоўчага рэзультату, які ў канчатковым выніку выгадны для ўсіх. Мы лічым, што дадзены прынцып павінен быць і можа быць выкарыстаны для вырашэння ўсіх вострых пытанняў і канфліктных сітуацый у рэгіёне. У Рэспублікі Беларусь такая воля ёсць», — падкрэсліў намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ.
Вернутых з польскага боку цёпла сустрэлі на беларускай тэрыторыі, павіншавалі з вызваленнем і ўручылі кветкі і падарункі ад імя Прэзідэнта Беларусі. Ім будзе аказана высокакваліфікаваная медыцынская дапамога і створаны ўсе ўмовы для вырашэння іх асабістых і сямейных праблем. «Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь дадзена даручэнне старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі аказаць максімальную дапамогу нашым разведчыкам, якія, рызыкуючы ўласным жыццём і здароўем, стойка і мужна выконвалі свой абавязак у імя Айчыны», — сказаў Аляксандр Тарасевіч.
Для вернутых у Беларусь усе турботы пра свой лёс, невядомасць і іншыя перыпетыі ззаду. Цяпер яны могуць выдыхнуць і расслабіцца: яны — дома.