Top.Mail.Ru

Модны паказ на подыуме Ліцэя БДУ стаў ключавой падзеяй фіналу фестывалю-конкурсу маладых дызайнераў «Сузор’е»

Каля 80 студэнтаў з Беларусі, Расіі, Казахстана і Азербайджана прэзентавалі свае калекцыі дызайнерскага адзення ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. 


На конкурс было пададзена каля 200 заявак, расказала старшы выкладчык кафедры дызайну моды факультэта сацыякультурных камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Валерыя Крыса. У фінал выйшла 33 работы ў намінацыі «Конкурс адной мадэлі», 19 калекцый (намінацыя «Дызайнер адзення») і 23 эскізы (намінацыя «Fashion-эскіз»). 



— У склад журы ўвайшлі спецыялісты Беларускай моднай індустрыі і вопытныя дызайнеры, — падкрэсліла суразмоўца. — Гэта прадстаўнікі такіх брэндаў, як «Млын моды», «Белмастацпромыслы», «Слуцкія паясы» — то-бок, спецыялісты высокага ўзроўню ў сферы індустрыі моды. 

Конкурс «Сузор’е» першапачаткова быў створаны як платформа, дзе сустракаюцца работадаўцы і маладыя таленты. І для творчай моладзі сам па сабе выхад у фінал — гэта ўжо вялікая перамога, якая падштурхне іх да новых здзяйсненняў. 

— На конкурсе студэнт можа праявіць сябе значна ярчэй, чым у вучэбнай майстэрні. Творчая фантазія тут нічым не абмежаваная, акрамя добрага густу, — пераканана арганізатар «Сузор’я», загадчык кафедры дызайну моды факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ Алена Атраховіч. — Гэта не толькі спаборніцтва, але і шматаспектны адукацыйны працэс ва ўмовах, набліжаных да рэальнасці: сціснутыя тэрміны стварэння калекцыі — ад эскіза да поўнага ўвасаблення, наяўнасць усіх вытворчых этапаў, калі студэнт вучыцца працаваць з дэдлайнамі, разлічваць час і рэсурсы, і нават змагацца са стрэсам (бо конкурс — гэта заўсёды стрэс). Самі ж канкурсанты казалі, што ўдзел у конкурсе для іх — важны этап прафесійнага станаўлення. 


— «Сузор’е» дапамагае зразумець, як працуе тая сфера, у якую мы прыйдзем пасля заканчэння навучання. Гэта вельмі важна для дызайнера-пачаткоўца, — сказала студэнтка БДУ Юлія Аляксеева. 


Яна прадставіла на подыуме вобраз «Фарфоравая кветка» ў намінацыі «Конкурс адной мадэлі». У сваіх працах натхненне маладыя дызайнеры чэрпалі ў самых розных сферах — ад гістарычных падзей да міфалогіі, ад літаратуры да архітэктуры і выяўленчага мастацтва, ад беларускага касцюма да нацыянальных традыцый, ад паўсядзённага жыцця да бацькоўскай сям’і. 

Калекцыя Кацярыны Відманавай, прадстаўленая на конкурс, — погляд мастака на біблейскую міфалогію. Акрамя таго, распавяла суразмоўніца, яна натхнялася «Іліядай» Гамера. 



— Мая калекцыя — жаночая, досыць класічная, пераважны матэрыял — аксаміт: ярка-зялёны, ружовы, блакітны, чорны, — расказала Кацярына. 

Філасофскі сэнс калекцыі — інтэрпрэтацыя грахоў праз прызму штодзённасці, патлумачыла дызайнер: яна хацела паказаць, што ганарыстасць, лянота або зайздрасць ёсць у кожным з нас... 


Марыя Рунец-Бац, студэнтка Акадэміі архітэктуры і мастацтваў Паўднёвага федэральнага ўніверсітэта (Растоў-на-Доне), у Беларусь прыехала ўпершыню. 

— Крыніцай натхнення для маёй калекцыі паслужыў рыцарскі сярэднявечны касцюм, у прыватнасці — вобраз Жанны д’Арк, — расказала яна. — Гэта сумесь сярэднявечча і сучаснасці, вобраз моцнай жанчыны, актуальны на сёння. Імёны пераможцаў былі названыя пасля паказу. Найлепшай у намінацыі «Fashion-эскіз» стала Марыя Шумская. У «Конкурсе адной мадэлі» перамогу атрымала Юлія Яскевіч, першае месца ў намінацыі «Дызайнер адзення» журы аддало Валерыі Ярашэвіч. А Гран-пры конкурсу маладых дызайнераў «Сузор’е» сёлета кампетэнтнае журы практычна аднадушна прысудзіла студэнтцы БДАМ Дар’і Харчанка. Яе калекцыя называецца «Каложа», а натхненне дызайнер чэрпала ў беларускай гісторыі і архітэктуры. 


Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота Ксеніі ЛІННІК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю