Для кагосьці — навагодні настрой, а хтосьці сам сабе яго сапсаваў... Петарды не толькі парушаюць спакой грамадзян, а і прыносяць шмат непрыемнасцяў. У прыватнасці, тым, хто бярэ іх у рукі.
Крывавыя «забавы»
Толькі за адны суткі — з 28 на 29 снежня — ад піратэхнікі пацярпелі дзіця і мужчына. У Баранавічах хлопчык 2014 года нараджэння атрымаў апёк пальца кісці з-за выбуху піратэхнічнага вырабу. На шчасце, абышлося без сур’ёзных наступстваў: пасля аказання медыцынскай дапамогі пацярпелы быў накіраваны на амбулаторнае лячэнне.
А вось жыхару Шклова пашанцавала менш. У выніку запуску петарды 38-гадовы мужчына атрымаў сур’ёзныя траўмы і рваныя раны на руках. У двары бацькоўскага дома ён спрабаваў выкарыстаць петарду, якая ўзарвалася ў руцэ. Гэтая «забава» каштавала мужчыну некалькіх пальцаў на руцэ.
«Больш падрабязна гэтыя абставіны зараз будуць высвятляцца, — адзначае афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Яўген Бараноўскі. — Разам з тым мы аналізуем у тым ліку абстаноўку і ў краінах блізкага замежжа. У нас ёсць падставы лічыць, што пачасціліся выпадкі заўчаснай спрацоўкі піратэхнічных вырабаў. Гэта сведчыць у першую чаргу аб тым, што нават калі вы выконваеце ўсе рэкамендацыі па бяспецы, існуе рызыка атрымаць траўму пры выкарыстанні піратэхнікі».
Патрабуйце сертыфікат
Каб выключыць магчымыя рызыкі і не азмрочыць святы трагічнымі здарэннямі, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях настойліва рэкамендуе пазбягаць выкарыстання феерверкаў, петард, іншых піратэхнічных вырабаў другога, трэцяга класа небяспекі бытавога прызначэння.
«У першую чаргу для таго, каб захаваць сваё здароўе і жыццё, — акцэнтуе ўвагу Яўген Бараноўскі. — Аб рызыках, якія існуюць, неабходна абавязкова прагаварыць са сваімі дзецьмі, не дапускаць іх да прымянення рознага роду піратэхнічных вырабаў. У выпадку, калі ўсё ж нехта для сябе ўжо вырашыў, што Новы год без феерверкаў — гэта не Новы год, і ўжо запланаваў іх набыццё або выкарыстанне, мы настойліва раім у першую чаргу набываць піратэхнічныя вырабы ў спецыялізаваных крамах. Больш за тое, патрабаваць у прадаўцоў сертыфікат адпаведнасці на выкананне тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза аб бяспецы піратэхнічных вырабаў. Дадаткова кансультуйцеся ў прадаўца аб практыцы прымянення падобнага піратэхнічнага вырабу».
Калі ж вы ўсё-такі вырашылі рызыкаваць сваім здароўем, а можа, нават жыццём, ратавальнікі рэкамендуюць выконваць элементарныя правілы бяспекі пры выкарыстанні феерверкаў, іншых піратэхнічных вырабаў:
— абавязкова пазбягайце месцаў масавага збору людзей і папярэджвайце іх аб магчымым прымяненні вырабу;
— не выкарыстоўвайце піратэхніку побач з будынкамі, збудаваннямі, на паркоўках, каля дрэў, ліній электраперадачы;
— абавязкова чытайце інструкцыю, правярайце тэрмін прыдатнасці піратэхнічнага вырабу, звяртайце ўвагу на цэласнасць упакоўкі.
Дзецям катэгарычна забараняецца запускаць піратэхнічныя вырабы!
Калі салют не спрацаваў…
Калі піратэхнічны сродак не спрацаваў, пераканайцеся ў тым, што феерверк не пачне страляць, пачакаўшы 10-15 хвілін на бяспечнай адлегласці. Калі праз гэты час нічога не спрацавала, то можна падысці да феерверка. Трэба яго візуальна агледзець, каб пераканацца ў адсутнасці частак, якія тлеюць. Калі такія часткі ёсць, неабходна адыйсці ад салюту на бяспечную адлегласць: такі выраб усё яшчэ ўяўляе пагрозу і можа нанесці вашаму здароўю значную шкоду. Ні ў якім разе нельга нахіляцца над феерверкам, які не спрацаваў. Гэта таксама можа скончыцца сумна!
Калі тлення не відаць, то салют неабходна пакласці ў ваду на некалькі гадзін. Пасля яго неабходна выкінуць разам з бытавым ці будаўнічым смеццем. З харчовымі адходамі неспрацаваны выраб утылізаваць нельга. Катэгарычна забаронена кідаць у вогнішча такія вырабы. Наступствы могуць быць непрадказальнымі…
У тэму
Дапамога — па першым званку
Міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі адзначыў, што сур’ёзную заклапочанасць у ратавальнікаў выклікае бяспека ў месцах масавага адпачынку людзей, правядзення мерапрыемстваў:
— На перыяд свят перавялі міністэрства на ўзмоцнены варыянт нясення службы. Штосутачна па дыслакацыях нашых пажарных аварыйна-ратавальных службаў будзе задзейнічана 3600 чалавек. Вельмі важна забяспечыць людзей усім неабходным, даць магчымасць адпачыць, быць у гатоўнасці выканаць пастаўленыя задачы.
Асаблівая ўвага — падрыхтоўцы груп ратавання на вадзе. «На жаль, ужо ёсць выпадкі гібелі людзей, у тым ліку выхаду на лёд, хоць яго, па вялікім рахунку, яшчэ няма», — канкрэтызаваў міністр.
Пачынаючы з 14 снежня зарэгістраваны чатыры факты траўміравання грамадзян ад піратэхнікі. Для таго, каб папярэдзіць падобнае, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях настойліва рэкамендуе насельніцтву адмовіцца ад выкарыстання піратэхнічных сродкаў.
Кіраўнік ратавальнага ведамства запэўніў, што МНС будзе гатова да таго, каб аператыўна аказаць дапамогу людзям па першым званку, які паступіць у дзяжурныя часці.