Top.Mail.Ru

«МЛ Віцебск» і «Дынама» ідуць далей, БАТЭ завяршыў выступленне ў Лізе канферэнцый

Футбалісты «МЛ Віцебск» услед за мінскім «Дынама» выйшлі ў трэці кваліфікацыйны раунд Лігі канферэнцый, паведамляе БелТА.


Пасля буйной вікторыі ў венгерскім Мезекевешдзе над чарнагорскай «Суцьескай» чэмпіёны Беларусі выйгралі і ў Нікшычы — 2:1. На 16-й хвіліне вызначыўся Арцём Канцавой, пасля перапынку гаспадары зраўнялі лік, а незадоўга да фінальнага свістка Басеку Дыябатэ прынёс перамогу віцябчанам. На мінулым тыдні «МЛ Віцебск» выйграў з сухім лікам 3:0 дзякуючы галам Валерыя Грамыкі, Кірыла Гоманава і Басеку Дыябатэ. Наступным сапернікам віцябчан будзе «Борац» з Босніі і Герцагавіны, першы матч адбудзецца 6 жніўня ў Баня-Луке, а ў адказ пройдзе 13 жніўня ў Венгрыі. «МЛ Віцебск» пачаў гэты еўракубкавы сезон у кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў, дзе двойчы прайграў румынскай «Універсітаце» з Краёвы — 1:4 і 0:1.

Раней у трэці круг Лігі канферэнцый прабіліся футбалісты мінскага «Дынама». У першым матчы ў Баку яны абыгралі азербайджанскі «Нефтчы» з лікам 4:2, а ў сустрэчы ў адказ у балгарскім горадзе Стара-Загора ўступілі з мінімальнай розніцай — 0:1. Цяпер віцэ-чэмпінаў Беларусі чакаюць сустрэчы з партугальскай «Брагай», якая была мацнейшай за сербскага «Жалезнічара» з Панчава. Першая гульня пройдзе ў Партугаліі, сустрэча ў адказ адбудзецца ў Балгарыі. На старце кваліфікацыі мінскія дынамаўцы адолелі па суме дзвюх сустрэч паўночнамакедонскі «Сілекс» — 0:1 і 1:0 (пенальці — 6:5). 

Яшчэ адзін беларускі прадстаўнік у ЛК — барысаўскі БАТЭ — не здолеў прабіцца ў трэці раунд кваліфікацыі, уступіўшы швейцарскаму «Сьёну». У азербайджанскім Сумгаіце сапернікі не выявілі пераможцу — 1:1, а ў Сьёне гаспадары выйгралі ў барысаўчан з вынікам 4:0. У першым крузе ўладальнікі Кубка Беларусі абышлі албанскі «Эльбасані».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю