На нядаўняй Генеральнай асамблеі Міжнароднага паралімпійскага камітэта (МПК), якая праходзіла ў Сеуле, было зацверджана паўнавартаснае аднаўленне членства Паралімпійскага камітэта Беларусі. Што стаіць за гэтымі прыгожымі афіцыйнымі фармуліроўкамі? Самае галоўнае — тое, што беларускія спартсмены зноў будуць выступаць з нацыянальным сцягам, у гонар іх перамог будзе гучаць беларускі гімн, больш ніякага нейтральнага статусу. Таксама да Паралімпійскага камітэта Беларусі вяртаецца права голасу на выбарных мерапрыемствах МПК, нашы дэлегаты могуць удзельнічаць у абмеркаванні і прадстаўляць уласныя прапановы на разгляд.
«Перадумовы да станоўчага рашэння былі, і мы былі ў ім упэўненыя. Апошнія тры з паловай гады мы не сядзелі склаўшы рукі, а праводзілі вялікую работу. Мы настойліва ўвесь гэты час даказвалі, што нейтралітэт і палітычная неангажаванасць у спорце — гэта галоўны прынцып. Мы былі паслядоўнымі і настойлівымі ў яго адстойванні. Мы не парушылі ні аднаго міжнароднага правіла, не ўмешваліся ў палітычныя спрэчкі — гаварылі толькі аб спорце і дбалі толькі аб сваіх спартсменах, якія ні ў чым не вінаватыя. У сваім выступленні непасрэдна ў Сеуле я падкрэсліваў, што трэба быць паслядоўнымі ў адстойванні прынцыпаў, якія выкладзены ў Канстытуцыі МПК. Там няма ніводнай прапановы аб тым, што атлеты павінны выказваць меркаванне аб сітуацыі і дыстанцыявацца ад урада, а адзін з першых артыкулаў — прынцып нейтралітэту ў спорце. Я нават прыводзіў вытрымкі з Оксфардскага слоўніка, тлумачачы гэта паняцце. Усе абвінавачванні ў бок ПКБ былі надуманымі, і многія краіны выказаліся ў нашу падтрымку», — пракаментаваў генеральны сакратар Паралімпійскага камітэта Беларусі Мікалай ШУДЗЕЙКА.
Навіна, безумоўна, вельмі добрая. Але не без пэўных абмежаванняў. Рашэнне Міжнароднага паралімпійскага камітэта аб выступленні са сваім сцягам, гімнам і гербам пакуль датычыцца толькі пяці відаў спорту: лёгкая атлетыка, плаванне, паўэрліфтынг, следж-хакей, кулявая стральба. Менавіта гэтыя віды спорту непасрэдна падпарадкоўваюцца Міжнароднаму паралімпійскаму камітэту. І ў прынцыпе гэта нядрэнна, паколькі з паралімпійскіх відаў спорту лепш за ўсё ў нашай краіне развітыя лёгкая атлетыка і плаванне, развіваецца і паўэрліфтынг. Але не за гарамі зімовыя Паралімпійскія гульні, дзе нашы спартсмены традыцыйна заваёўваюць медалі ў лыжных гонках і біятлоне. Пытанне з допускам гэтых відаў спорту пакуль застаецца адкрытым, і вырашэнне яго залежыць ад Міжнароднай федэрацыі лыжнага спорту і снаўборда і Міжнароднага саюза біятланістаў. А гэтыя структуры вяртаць нашых спартсменаў не спяшаюцца.
«У Карэі прысутнічаў прадстаўнік Міжнароднай федэрацыі лыжнага спорту (FІS), мы з ім таксама вялі перагаворы. Ён паведаміў, што на гэтым тыдні будзе выканкам FІS, дзе яны з улікам рэзалюцыі МПК прымуць рашэнне па нашым статусе. Раней пры размеркаванні ліцэнзій на Паралімпіяду ў Мілане FІS зарэзерваваў некаторую колькасць месцаў да вынікаў Генасамблеі МПК. Нас дапускаюць на гульні, паколькі арганізатарам з’яўляецца МПК. Усе рэйтынгавыя ачкі будуць размарожаныя. Па летніх відах спорту камітэт таксама будзе праводзіць кансультацыі, каб выпрацаваць механізм і этапы зняцця ўсіх санкцый. Думаю, гэта зойме каля паўгода», — растлумачыў Мікалай Шудзейка.
Цяпер у Індыі праходзіць чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы сярод паралімпійцаў, дзе беларускія спартсмены ў апошні раз выступаюць у нейтральным статусе, паколькі заяўкі на турнір былі пададзены яшчэ да ўступлення рашэння МПК у сілу. Выступаюць традыцыйна нядрэнна. Ігар Саўчук заваяваў сярэбраны медаль у скачках у даўжыню — 6,89 метра. На трыбуны ўжо можна прыносіць беларускія сцягі і прыходзіць у адзенні з нацыянальнай сімволікай. Ніхто не прад’яўляе прэтэнзій і не ставіць умоў. І гэта зусім не перашкаджае спаборніцтвам, хто б там што ні казаў.
«Думаю, першы крок да паўнавартаснага вяртання беларусаў на сусветную арэну ўжо зроблены. Мяркую, цяпер пачнецца такі ж рух у алімпійскіх відах спорту. Ідзе тэндэнцыя да выключэння палітычнага складніка абвінавачванняў у адрас Беларусі. Гэта станоўчая дынаміка, якая павінна ўмацоўвацца», — падкрэсліў Мікалай Шудзейка.
Валерыя СЦЯЦКО,
Фота Лізаветы ГОЛАД