Top.Mail.Ru

Міжнародны навуковы цэнтр вывучэння дзікай прыроды адкрылі ў Белавежскай пушчы

У нацыянальным парку «Белавежская пушча» адкрылі Міжнародны навуковы цэнтр вывучэння дзікай прыроды, перадае БелТА.


Брэсцкую вобласць 30 ліпеня наведаў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Адны з першых слоў, якія ён сказаў падчас свайго візіту, датычыліся Белавежскай пушчы, уважлівага стаўлення да перспектыў развіцця нацыянальнага парка. «Папулярнасць Белавежскай пушчы і ўнутры нашай краіны (мы развіваем унутраны турызм, вызначаем яго як прыярытэт на бліжэйшыя гады), і асабліва сярод нашых гасцей — турыстаў з іншых краін — расце кратна. Штогод павялічваецца колькасць людзей, колькасць падзей і мерапрыемстваў, якія праводзяцца. Сёння, здавалася б, будны дзень, мы праехалі і ўбачылі, што запоўнена стаянка машынамі, колькі людзей гуляе. Кафэ, рэстаранчыкі, усе месцы, якія вы ствараеце тут, — запатрабаваны. Гэты цэнтр мае асаблівае значэнне. Мы павышаем ролю Акадэміі навук і ролю прыродаахоўных тэрыторый», — падкрэсліў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой.

Будаўніцтва навуковага цэнтра вывучэння дзікай прыроды прадугледжана канцэпцыяй развіцця нацпарка. Работы на аб’екце пачаліся вясной 2025 года. Спецыялістам на выкананне задачы спатрэбілася крыху больш за год. На тэрыторыі Белавежскай пушчы яны ўзвялі двухпавярховы будынак. Там размясціліся лабараторыі экалагічнага маніторынгу прыроднага асяроддзя і прыроды, высокатэхналагічныя сховішчы для сістэматызацыі і захоўвання доследных узораў флоры і фауны, адміністрацыйныя памяшканні. 


У цэнтры будуць працаваць вучоныя Белавежскай пушчы і запрошаныя спецыялісты з Беларусі і іншых краін. Яны будуць займацца комплексным, міждысцыплінарным вывучэннем эталонных экасістэм Белавежскай пушчы, маніторынгам рэдкіх відаў жывёл, асабліва зуброў. У цэнтры ўвагі таксама захаванне біялагічнай разнастайнасці і распрацоўка інавацыйных метадаў палявых даследаванняў. На аснове дакладных шматгадовых даных вучоныя будуць фарміраваць навукова абгрунтаваныя стратэгіі захавання, аднаўлення і ўстойлівага кіравання рэліктавым лесам.

«Навуковая дзейнасць вялася з часоў заснавання Белавежскай пушчы як нацыянальнага парка. Я б сказаў, мэта — сістэматызаваць гэту работу. Мы разглядаем, што цэнтр павінен працаваць не толькі на Белавежскую пушчу. Бо ва ўсіх асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях ёсць навуковая справа. Тут будзе каардынацыя гэтай работы», — растлумачыў кіраўнік спраў Прэзідэнта Юрый Назараў.

Белавежская пушча з’яўляецца ўнікальным прыродным комплексам, які мае асаблівае значэнне. Яна ўключана ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. «Яго важна захаваць. Для гэтага прыкладная навука і патрэбна тут, каб мы назіралі за працэсамі», — акцэнтаваў увагу Юрый Назараў. На аснове атрыманых звестак навукоўцы змогуць рабіць прагнозы, што можа адбывацца ў будучыні.


Кіраўнік спраў Прэзідэнта прывёў некалькі прыкладаў паспяховай работы спецыялістаў. На тэрыторыі пушчы адноўлена штучна парушанае гістарычнае рэчышча ракі Нараўка. Навукоўцы вярнулі рацэ натуральныя выгібы і перакрылі меліярацыйныя каналы, каб спыніць асушванне балот і падняць узровень грунтавых вод, прадухіляючы ўсыханне рэліктавых лясоў. Яшчэ адзін факт — рэалізацыя праекта па аднаўленні папуляцыі зубра ў Белавежскай пушчы. «Трэба сур’ёзна заняцца зубрам. Калі б не навука, тады і зубра еўрапейскага не было б, — сказаў Юрый Назараў. — Задача цэнтра — скаардынаваць намаганні, у тым ліку з расійскімі калегамі-навукоўцамі». 


Спектр пытанняў для работы даследчыкаў максімальна шырокі. Чакаецца, што яны скажуць сваё важкае слова ў барацьбе з інвазіўнымі раслінамі і нават у турызме. «Адкрыццё цэнтра прадаставіць вучоным новыя даследчыя інструменты, якія дадуць магчымасць праводзіць даследаванні на якасна новым узроўні і больш эфектыўна выконваць узятыя на сябе абавязацельствы. А напрамкі для даследаванняў розныя. Не толькі вывучэнне цяперашняга стану Белавежскай пушчы, не толькі прагназаванне развіцця гэтай асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыі ў сувязі са змяненнем клімату і дзеяннем чалавека. Самае галоўнае — распрацоўка эфектыўных сістэм кіравання ўсімі ААПТ, каб мы маглі наступным пакаленням прыродныя жамчужыны Беларусі перадаць у першародным выглядзе», — адзначыў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Каранік.

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык дадаў, што ў Белавежскай пушчы ствараюцца ўмовы для работы вопытных вучоных і прыцягнення маладых спецыялістаў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю