Top.Mail.Ru

Шэсцьдзясят восьмая сесія Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі прайшла ў Брэсце

Парадак дня ў асноўным склалі пытанні, звязаныя з рэалізацыяй даручэнняў, якія далі кіраўнікі дзяржаў у ходзе правядзення міжнароднага форуму Саюзнай дзяржавы «Вялікая спадчына — агульная будучыня» ў красавіку ў Валгаградзе. Прынята рашэнне зрабіць названы форум традыцыйным.


«Мы жывём па законах, па праўдзе»

Першы намеснік старшыні Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка звярнуўся ў сваім выступленні найперш да вынікаў Міжнароднага форуму ў Валгаградзе: «Форум паказаў, што традыцыйныя агульначалавечыя каштоўнасці падтрымліваюць і падзяляюць многія замежныя партнёры. Лік іх расце, і гэта мы бачылі ў Валгаградзе. Нам ёсць што сказаць адно аднаму, ёсць чым падзяліцца». Ігар Сергяенка агучыў прапанову зрабіць форум традыцыйным: наступны правесці ў 2026 годзе ў Беларусі і прысвяціць 85-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

сергеенко.jpg

Паводле слоў намесніка старшыні Парламенцкага сходу, 68-ю сесію ў Брэсце можна разглядаць як лагічны працяг форуму ў Валгаградзе. «Гераічная абарона Брэсцкай крэпасці стала фактычна пачаткам шляху да Перамогі, прадэманстравала сілу духу савецкага воіна і паказала, якімі неймавернымі намаганнямі далася Перамога. Таму абавязак кожнага з нас не толькі на словах, але і справамі паказваць, што мы з’яўляемся прадаўжальнікамі традыцый пакалення пераможцаў», — падкрэсліў Ігар Сергяенка.

Ён выказаў упэўненасць, што намаганні Парламенцкага сходу па захаванні гістарычнай памяці будуць накіраваны на ўмацаванне сувязяў паміж пакаленнямі, недапушчэнне расслаення грамадства, абарону духоўных каштоўнасцяў. «Асаблівы шлях нашых краін заключаецца яшчэ і ў тым, што мы жывём па законах, па праўдзе, а не па двайных стандартах і надуманых правілах. Разам мы даказалі, што можам скаардынаваць свае дзеянні і супрацьдзейнічаць знешняму ціску», — заявіў першы намеснік старшыні Парламенцкага сходу.

Трэба працаваць з моладдзю

Сесія ў Брэсце стала трэцім форумам, які праходзіў у горадзе над Бугам. На гэтым факце акцэнтаваў увагу старшыня Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, старшыня Дзяржаўнай Думы Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі Вячаслаў Валодзін. Ён падкрэсліў сімвалічнасць месца правядзення сесіі ў 80-ю гадавіну Вялікай Перамогі. «Абарона Брэсцкай крэпасці назаўсёды ўвайшла ў гісторыю як сімвал мужнасці, гераізму, адвагі і стойкасці савецкіх салдат і афіцэраў. Каля сцен Брэсцкай крэпасці пачалася адна з самых цяжкіх старонак нашай агульнай гісторыі», — сказаў спікер. Ён таксама падзяліўся ўражаннямі ад Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі, які дэпутаты наведалі напярэдадні.

Володин.jpg

Вячаслаў Валодзін назваў вельмі правільным рашэннем размясціць гэты патрыятычны лагер для падлеткаў менавіта на тэрыторыі крэпасці: «Тут яны змогуць не толькі прайсці аздараўленне, атрымаць фізічную загартоўку, але і дакрануцца да жывой гісторыі, многае зразумець, зрабіць правільныя высновы. Мы будзем прапрацоўваць пытанне, каб у патрыятычны цэнтр у Брэсце разам з беларускімі школьнікамі прыязджалі і іх расійскія равеснікі», — паведаміў старшыня Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі. У святле прыярытэту — абароны гістарычнай памяці — падкрэслівалася неабходнасць падтрымкі маладзёжных арганізацый і рухаў для таго, каб маладыя людзі раслі сапраўднымі грамадзянамі Беларускай і Расійскай дзяржаў, Саюзнай дзяржавы.

Канкрэтнымі мерамі па ўмацаванні супрацоўніцтва Беларусі і Расіі названыя, у прыватнасці, падпісанне кіраўнікамі дзяржаў Дагавора аб гарантыях бяспекі і зацвярджэнне Канцэпцыі бяспекі Саюзнай дзяржавы. Прынятая праграма ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі дзяржаў — удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2024–2026 гады і сумеснае бачанне Еўразійскай хартыі шматаблічча і шматпалярнасці ў ХХІ стагоддзі.

Эксперты, гісторыкі, парламентарыі

У ходзе работы сесіі прынята рашэнне аб стварэнні камісіі па захаванні і абароне гістарычнай памяці. Адзначана, што праблематыка новай камісіі Парламенцкага сходу важная і шматгранная. Да работы камісіі будуць прыцягнуты эксперты, гісторыкі, грамадскія дзеячы дзвюх краін, прадстаўнікі маладзёжных арганізацый. Камісія заклікана стаць цэнтрам прыкладання намаганняў усіх патрыятычна настроеных сіл у Саюзнай дзяржаве. Сустаршынямі камісіі сталі: з беларускага боку — намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Вадзім Іпатаў, з расійскага — першы намеснік старшыні Дзяржаўнай Думы Іван Мельнікаў.

255975-17.jpg

Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі прыняў заяву па пытаннях абароны гістарычнай праўды, захавання гістарычнай памяці. У заяве адзначана, што дэпутаты Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі выступаюць за непрымірымую барацьбу з фальсіфікацыяй гісторыі, недапушчэнне зносу помнікаў, вандалізму ў адносінах да пахаванняў савецкіх салдат, адраджэння ідэалогій выключнасці — нацызму, русафобіі, антысемітызму і іншых відаў практык, якія спрыяюць эскалацыі сучасных форм расізму, расавай дыскрымінацыі, ксенафобіі і звязанай з імі нецярпімасці.

Дэпутаты выказалі сваё перакананне ў тым, што рашэнні Нюрнбергскага трыбунала не падлягаюць перагляду. «Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі павінен зрабіць усё, каб захаваць гістарычную памяць аб Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў, — гаворыцца ў заяве. — Мы падтрымліваем і раздзяляем ініцыятывы, звязаныя са стварэннем новай архітэктуры роўнай і недзялімай бяспекі, якая надзейна абараняла б усе дзяржавы з улікам інтарэсаў адна адной. Заканамерны працэс, звязаны са станаўленнем шматпалярнага свету, з узмацненнем новых цэнтраў эканамічнага росту і ўплыву, павінен спрыяць умацаванню міру і супрацоўніцтва паміж краінамі і народамі, захаванне гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў — залог мірнай будучыні».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю