Top.Mail.Ru
104

Міжнародная канферэнцыя па абароне нацыянальных брэндаў праходзіць у Мінску

Ва ўмовах усё большай канкурэнцыі на сусветных рынках і павелічэння долі высокатэхналагічнай прадукцыі абарона інтэлектуальнай уласнасці ператвараецца з юрыдычнай фармальнасці ў адзін з ключавых фактараў эканамічнай бяспекі краіны. Да таго ж, паводле слоў намесніка старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Віталя Вабішчэвіча, цяжка пераацаніць значнасць экспарту для Беларусі, улічваючы індустрыяльны характар эканомікі і шырокую сетку вытворчасцяў практычна ва ўсіх галінах прамысловасці.


Таму на БелГПП законам ускладзена місія па абароне інтарэсаў айчынных прадпрыемстваў на знешніх рынках. У структуры палаты дзейнічае спецыялізаваная арганізацыя, якая аказвае падтрымку бізнесу ў пытаннях рэгістрацыі патэнтаў і таварных знакаў за мяжой. І Міжнародная канферэнцыя па абароне нацыянальных брэндаў, у сваю чаргу, стала адным з інструментаў вырашэння гэтай задачы:

— Сёння, мяркуючы па міжнароднай практыцы і статыстыцы, камерцыялізацыя аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці, рэгістрацыя патэнтаў упэўнена імчыцца ўверх, расце. Гэта звязана з тым, што з’яўляюцца новыя прадукты, новыя тэхналогіі, — падкрэсліў Віталь Вабішчэвіч. — То-бок, абарона нацбрэндаў — гэта не толькі павышэнне кошту нашых прадуктаў, але і абарона ад нядобрасумленнай канкурэнцыі.
Арганізатары канферэнцыі структуравалі мерапрыемства такім чынам, каб адлюстраваць найбольш вострыя праблемы, з якімі сутыкаюцца беларускія экспарцёры. Таму блок пытанняў носіць самы што ні на ёсць фундаментальны характар:


— Мы разгледзім месца беларускіх прадпрыемстваў у міжнароднай сістэме, як у гэтай частцы развіваюцца нашы бліжэйшыя партнёры і контрагенты, як Кітай рухаецца наперад. Пагутарым адкрыта, што сёння стрымлівае развіццё гэтага пытання. Пачынаючы ад банальных арганізацыйна-тэхнічных пытанняў і заканчваючы наяўнасцю кадравага патэнцыялу, фінансавання і гэтак далей, — адзначыў Віталь Вабішчэвіч.
Асобны тэматычны блок прысвечаны пытанням, якія ўзнікаюць з-за бурнага росту інтэрнэт-гандлю і электронных гандлёвых пляцовак. Адна з галоўных праблем у гэтай сферы — актыўнае распаўсюджванне кантрафакту, падкрэсліў намеснік старшыні БелГПП. Таму, паводле яго слоў, перад прадпрыемствамі стаіць складаная задача, бо метады абароны брэнда, эфектыўныя, напрыклад, на расійскім рынку, могуць кардынальна адрознівацца ад тых, што патрабуюцца, напрыклад, у Індыі: «Беларускую прадукцыю, я вам скажу, любяць падрабляць. Вельмі любяць падрабляць, таму пытанняў тут вельмі многа. Таму наша задача — крыху яшчэ раскрыць геаграфію». 

Трэці, заключны тэматычны блок закране непасрэдна абарону аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці і процідзеянне нядобрасумленнай канкурэнцыі. Асаблівае месца зойме тэма кібербяспекі, бо абарона камерцыйнай інфармацыі і даных прадпрыемстваў, падкрэсліў намеснік старшыні БелГПП, становіцца крытычна важнай у сучасным лічбавым свеце:

— Прыкладаў, калі зламыснікі выкрадаюць камерцыйную інфармацыю нашых прадпрыемстваў, а далей выкарыстоўваюць яе ў рабоце са знешнімі контрагентамі, на жаль, шмат. Але на іх трэба адказваць.

Аміна НАЗАРАВА
Фота аўтара 


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю