Top.Mail.Ru

Мітрапаліт Веніямін узначаліў літургію ў храме, перанесеным у Гомель з зоны адсялення

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі ў 40-ю гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС узначаліў Боскую літургію ў храме Святога Архангела Міхаіла Гомеля, паведамляе БелТА. 


Міхайлаўскі храм мае асаблівую сувязь з памяццю пра Чарнобыль. Драўляная царква была пабудавана ў 1909 годзе ў Вылева Добрушскага раёна. Пасля аварыі на ЧАЭС вёска апынулася ў зоне адсялення. Праз некаторы час храм быў перанесены ў Гомель. 26 красавіка 2006 года, у дзень 20-й гадавіны аварыі, адбылося асвячэнне абноўленай святыні. 

«У гэты дзень мы ўспамінаем аварыю на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Людзі старэйшага пакалення памятаюць, як гэта адбывалася. Жыццё прадаўжаецца, і мы ўспамінаем з удзячнасцю той ахвярны подзвіг, які здзяйснялі ліквідатары аварыі, колькі сіл, намаганняў было прыкладзена. Вядома, трэба гэта памятаць і сёння маліцца з удзячнасцю за іх ахвярную працу, маліцца аб тых, хто ўжо завяршыў сваё зямное жыццё, спачыў. Маліцца аб тым, каб на нашай зямлі не паўтараліся больш такія сітуацыі. Каб мы ў міры, згодзе ажыццяўлялі свой жыццёвы шлях», — адзначыў мітрапаліт Веніямін.


«(У дзень 40-й гадавіны аварыі. — Заўвага БелТА) аб гэтым будзем маліцца перш за ўсё на гомельскай зямлі, на магілёўскай, якія найбольш пацярпелі ад наступстваў чарнобыльскай аварыі. Але разам з тым і ў іншых храмах і манастырах нашай Беларускай праваслаўнай царквы будуць узнесены малітвы. Малітва, несумненна, дапамагала і ў час бяды з’яднацца людзям і разумець, што трэба рабіць сваю справу, але пры гэтым заклікаць дапамогу Божую. Мы ведаем, што ў многіх храмах, калі праводзіліся вымярэнні, фіксавалася тое, што ўзровень радыяцыі быў ніжэйшы (у параўнанні з іншымі аб’ектамі. — Заўвага БелТА), (былі. — Заўвага БелТА) і многія іншыя сведчанні, якія паказвалі, што трэба звяртацца да Бога па дапамогу», — сказаў патрыяршы экзарх. 

Ён звярнуў увагу, што храм Святога Архангела Міхаіла — адзіны своеасаблівы на тэрыторыі Гомельскай епархіі, Беларусі. «Ён перавезены з чарнобыльскай зоны. І гэта сумесная праца перш за ўсё Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Гомельскай епархіі. Каб храм (з месца. — Заўвага БелТА), дзе ён не мог прадаўжаць выконваць сваю функцыю служэння людзям, якія жывуць на той тэрыторыі, быў перанесены. І ўжо тут у абноўленым выглядзе ён робіць служэнне добрай справе і дапамозе духоўнай людзям, якія жывуць у Гомелі. Па сутнасці, храм — помнік ахвярам і ўдзячнасць за працу ратавальнікаў, ліквідатараў чарнобыльскай аварыі», — падкрэсліў мітрапаліт.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю