Top.Mail.Ru

У Палаце прадстаўнікоў адбылася сустрэча з выхаванцамі прыёмных сем’яў

У Палаце прадстаўнікоў адбылася сустрэча з выхаванцамі прыёмных сем’яў — студэнтамі першых курсаў ВНУ і іх бацькамі-выхавальнікамі.


Дзяржава ўдзяляе сур’ёзную ўвагу дзецям, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю. Ініцыятыва стварэння дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, што стала формай прафесійнага сямейнага клопату аб непаўналетніх, якія засталіся без апекі бацькоў, прыжылася і дае немалы плён. Хлопцы і дзяўчаты выхоўваюцца ў дамашняй абстаноўцы, у атмасферы даверу, цеплыні і любові — у выніку становяцца годнымі грамадзянамі сваёй краіны. 

Гэта пацвердзіла і сустрэча ў Палаце прадстаўнікоў, прымеркаваная да Тыдня бацькоўскай любові. Дзеці, якія па розных абставінах былі пазбаўлены сям’і, сёння з’яўляюцца студэнтамі і курсантамі вядучых ВНУ краіны. І ўсё дзякуючы тым, хто ў свой час падставіў ім плячо дапамогі, акружыў клопатам і любоўю. 

photo_2025-10-14_13-42-55 (2).jpg

З асаблівым клопатам і падтрымкай

За неацэнную працу, бязмежную любоў і добрасумленнае выкананне бацькоўскіх абавязкаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА ўручыў прыёмным бацькам падзячныя лісты. У розны час у гэтых сем’ях выхоўваліся і працягваюць выхоўвацца і па 27, і па 33, і нават па 42 дзіцяці. 

Cпікер нагадаў, што ў свой час Прэзідэнтам была пастаўлена задача — зменшыць колькасць дзіцячых дамоў у іх класічным разуменні, увогуле з іх знікненнем у перспектыве. «У гэтым кірунку і пабудавана ўся наша сацыяльная палітыка, — звярнуў увагу Старшыня Палаты прадстаўнікоў. — Колькасць дзіцячых дамоў зменшылася ў чатыры разы».

Ідэя стварэння дзіцячых дамоў сямейнага тыпу належыць Беларускаму дзіцячаму фонду. Ігар Сергяенка падкрэсліў, што без любові да дзяцей, да прафесіі, сваёй справы, не было б такіх вынікаў: «Толькі ў рамках праграмы „Цёплы дом“ звыш 1500 дзяцей-сірот прайшлі школу выхавання ў 43 дамах сямейнага тыпу, якія былі створаны з дапамогай вашай арганізацыі». Звяртаючыся да бацькоў-выхавальнікаў, ён падкрэсліў, што дзякуючы ім дзеці набываюць дамашнюю ўтульнасць, сардэчную атмасферу і цеплыню сямейных адносін. 

photo_2025-10-14_13-42-56.jpg

«Усё раблю для таго, каб яны былі шчаслівыя»

Таццяна ЯКАВУК з’яўляецца маці-выхавальнікам дзіцячага дома сямейнага тыпу ў аграгарадку Турна Вялікая Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. За час, які жанчына прысвяціла гэтай высакароднай справе, яна стала мамай для 27 дзяцей. Пры тым, што яшчэ дваіх дзяцей яна нарадзіла сама. Нягледзячы на тое, што некаторыя прыёмныя дзеці ўжо працуюць, вучацца, у вольны час яны прыязджаюць у дзіцячы дом сямейнага тыпу, якія стаў для іх бацькоўскай хатай, да мамы, якая застанецца ёй назаўсёды. 

«Калі на вялікія святы ўсе збіраемся разам, нас атрымліваецца 30 чалавек, а часам і больш, — расказвае жанчына. — Я шчаслівы чалавек: столькі любові і цеплыні адчуваю ад сваіх дзяцей. З усімі ў мяне цудоўныя адносіны. Самыя дарагія і любімыя госці — гэта мае дзеці». 

На такі адказны крок — стварыць вялікую сям’ю — Таццяна Якавук вырашылася, калі яе родная дачка паступіла і з’ехала з бацькоўскага дома, а маленькаму сыну стала сумна аднаму. Дарэчы, дачка Таццяны па прыкладзе маці ўзяла на выхаванне прыёмных дзяцей. Праз яе клопат ужо прайшло звыш 30 дзяцей, дзесяць з іх працягваюць выхоўвацца ў дзіцячым доме сямейнага тыпу. 

Маці-выхавальнік выказала ўдзячнасць дзяржаве, якая ўдзяляе вялікую ўвагу дзецям, што трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю. «Увесь час адчуваецца дзяржаўная падтрымка, — адзначае яна. — Дзеці прыходзяць з рознымі лёсамі, характарам, але, пажыўшы ў спрыяльнай атмасферы, мяняюцца ў лепшы бок. Я разумею, што ад мяне залежыць іх поспех, таму ўсё раблю для таго, каб яны былі шчаслівыя». 

photo_2025-10-14_13-42-54.jpg

Як падзялілася з журналістамі студэнтка гістарычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна Алена ЗІНЧУК, якая выхоўвалася ў прыёмнай сям’і, ёй было восем гадоў, калі яна трапіла ў дзіцячы дом сямейнага тыпу ў Маларыце. «Новая сям’я дала мне вялікія магчымасці, — лічыць дзяўчына. — Я вельмі ўдзячна маёй маці і майму бацьку за іх падтрымку і клопат. Нягледзячы на тое, што я ўжо студэнтка, яны падтрымліваюць са мной сувязь. Прыязджаю да іх кожныя выхадныя. Люблю сваю сям’ю, якой вельмі ўдзячная». 

Даслоўна

Старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Валерый МАЛАШКА:

«Для сем’яў у нашай краіне існуе цэлы пакет дапамогі, якую яны атрымліваюць у той ці іншай жыццёвай сітуацыі: і на нараджэнне дзіцяці, і на выхаванне дзіцяці-інваліда. Вельмі важна, што ў нас захоўваецца водпуск для маці, якія выхоўваюць дзяцей да трох гадоў. Кожнаму дзіцяці гарантавана месца ў дзіцячым садку. Максімальна падтрымліваем дзяцей і ў пазашкольнай форме выхавання і адукацыі. Асаблівая ўвага — да шматдзетных сем’яў. Праграма „Сямейны капітал“ — адно з найважнейшых дасягненняў апошніх дзесяці гадоў. На гэта адрэагавалі: у выніку колькасць шматдзетных сем’яў у краіне падвоілася. 

Важна, што мы падтрымліваем дзяцей, якія ў сілу розных абставін пазбаўлены любові біялагічных бацькоў. Беручы дзяцей пад абарону, дзяржава суправаджае іх і пасля паўналецця: выплачвае дадатковыя фінансавыя рэсурсы, дапамагае з жыллём, працаўладкаваннем. Сустрэча ў Палаце прадстаўнікоў — сведчанне таго, што дзеці растуць годнымі грамадзянамі краіны».

Вераніка КАНЮТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю