Збор Маладзёжных атрадаў аховы правапарадку ўрачыста адкрылі 17 студзеня на базе мінскай вайсковай часці 5448 унутраных войскаў МУС. У ім узялі ўдзел каля 400 байцоў, якія дапамагаюць ратавальнікам і работнікам праваахоўных органаў забяспечваць спакой і парадак на вуліцах беларускіх гарадоў і вёсак, займаюцца прафілактычнай працай па бяспецы жыццядзейнасці нашых грамадзян.
Напачатку мерапрыемства юнакі і дзяўчаты азнаёміліся з выставай узбраення і спецыяльных сродкаў. Далей праглядзелі дакументальны фільм, прысвечаны актуальнай тэме — выбарам Прэзідэнта, якія пройдуць у краіне зусім хутка — у нядзелю 26 студзеня. Дарэчы, маладзёжныя атрады таксама будуць працаваць ва ўзмоцненым парадку і ў дні датэрміновага галасавання, і непасрэдна ў асноўны дзень выбараў. Аб гэтым расказаў камандзір Рэспубліканскага штаба маладзёжных атрадаў аховы правапарадку Аляксандр Бражыцкі:
— Прэзідэнт падтрымаў ініцыятыву нясення службы Маладзёжных атрадаў аховы правапарадку на перыяд электаральнай кампаніі. Таму мы планава спачатку правялі абласныя зборы, а цяпер выніковы рэспубліканскі збор, падчас якіх моладзь павінна атрымаць практычныя і тэарэтычныя навыкі. Нашы атрады гатовыя рэагаваць на ўсе выклікі і пагрозы. Смела і рашуча ўстаць на абарону канстытуцыйнага ладу і народа Беларусі, — паведаміў Аляксандр Станіслававіч.
На цырымонію ўрачыстага адкрыцця рэспубліканскага збору былі запрошаны ганаровыя госці, якія адзначылі падзякамі і граматамі ЦК БРСМ лепшых байцоў МААП. З прывітальным словам да моладзі звярнуўся першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лук’янаў:
— Наша сістэма нацыянальнай бяспекі працуе эфектыўна дзякуючы у тым ліку падтрымцы грамадства. Маладыя людзі, байцы Маладзёжных атрадаў аховы правапарадку, ганаруся вамі. Вы сёння прадстаўляеце ўсю нашу краіну. Ведаю, для таго, каб трапіць у лік прысутных, трэба было сапраўды шмат чаго зрабіць, — адзначыў выступоўца. — Тое, што вы робіце, — важная місія.
Дарэчы, па ўсёй краіне налічваецца больш за 200 Маладзёжных атрадаў аховы правапарадку БРСМ. Гэта студэнты, якія за мінулы год выканалі больш за 500 баявых задач сумесна з работнікамі органаў унутраных спраў. Яны выратавалі дзясяткі жыццяў на вадзе падчас правядзення акцыі «Зімовы і летні патруль». Маладыя людзі першымі ўступілі ў бой са стыхіяй у Гомельскай і ў Магілёўскай абласцях падчас урагану, правялі дванаццаць спецыяльных комплексаў мерапрыемстваў па недапушчэнні наркатызацыі ў грамадстве. Байцы адказна падыходзяць да сваёй справы.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Аляксандр Шпакоўскі адзначыў, што Маладзёжныя атрады аховы правапарадку — найважнейшы кірунак дзейнасці БРСМ.
— Тут не трэба канцэнтраваць увагу выключна на праваахоўных функцыях. Мы чакаем, што гэта будзе і садзейнічанне Міністэрству па надзвычайных сітуацыях, і Міністэрству аховы здароўя, у выпадку такой неабходнасці, — дадаў ён.
Яшчэ адным крокам па ўдасканаленні працы байцоў сталі практычныя заняткі, якія праводзіліся падчас збору. Камандзір 1-й асобнай спецыяльнай міліцэйскай брыгады ўнутраных войскаў палкоўнік Аляксей Лабанаў адзначыў, што яго падначаленыя гатовыя працаваць, каб выбары ў краіне прайшлі спакойна:
— Нам важна навучыць юных байцоў, якія гатовыя выконваць пастаўленыя задачы, першасным уменням. Практычныя заняткі накіраваны на выпрацоўку навыку камунікаваць з людзьмі, умення выкарыстоўваць спецыяльныя сродкі, якія знаходзяцца ў распараджэнні вайсковых нарадаў, асаблівую ўвагу надаем аказанню першай медыцынскай дапамогі, мерам бяспекі па нясенню службы, — падсумаваў ён.
Дэвіз «Мужнасць. Адказнасць. Айчына. Патрыятызм» аб’яднаў па ўсёй краіне тысячы хлопцаў і дзяўчат, якія па закліку сэрца гатовыя дапамагаць краіне, калі гэта патрэбна.
Фота аўтара