Top.Mail.Ru

Конкурс «Міс БРІКС»: Акцэнт не столькі на знешнасць, колькі на традыцыі, павагу і разнастайнасць культур

Міжнародны конкурс прыгажосці «Міс БРІКС» праходзіць у Казані, сталіцы Рэспублікі Татарстан — горадзе, які гістарычна злучае Усход і Захад і сімвалізуе адкрытасць, супрацоўніцтва і развіццё. У конкурсе ўдзельнічае 51 прыгажуня з 17 краін, фінал адбудзецца 7 сакавіка.


Унікальнасць фармату конкурсу ў тым, што ён аб’ядноўвае адразу тры ўзроставыя катэгорыі ўдзельніц.

У намінацыі «Міс БРІКС» бяруць удзел дзяўчаты 18–25 гадоў. У «Місіс БРІКС» — замужнія прыгажуні ва ўзросце 30+. Калі ў маладзенькіх канкурсантак журы, акрамя знешніх даных, будзе ацэньваць здольнасць праявіць сябе і прадставіць культуру сваёй краіны, то ў тых, хто старэйшы, зробяць акцэнт на ўнутранай сіле, рэалізаванасці, сацыяльным уплыве і ўменні натхняць.


Ну і пра сімпатычных малютак таксама не забыліся — у «Міні-міс БРІКС» удзельнічаюць дзяўчынкі да 13 гадоў. Катэгорыя накіравана на падтрымку талентаў, культурнага выхавання і беражлівага самавыяўлення.

Такім чынам, ад кожнай краіны-ўдзельніцы на конкурс прыбыла па тры прадстаўніцы — усяго 51 прыгажуня.

Беларусь у катэгорыі «Міс БРІКС» прадстаўляе першая віцэ-міс конкурсу «Міс Беларусь — 2025» Алія Кароткая.


Уладальніца тытула Mrs. Universe Belarus — 2025 Бажэна Лінкевіч выступае ў катэгорыі «Місіс БРІКС» (30+).


За званне «Маленькая міс БРІКС» ад Беларусі змагаецца Ізабэла Новікава. Дзяўчынка навучаецца ў Нацыянальнай школе прыгажосці, з’яўляецца ўдзельніцай дзіцячага тэатра моды «Красавік».

«Галоўнае адрозненне «Міс БРІКС — 2026» ад іншых конкурсаў прыгажосці — філасофія мерапрыемства. Арганізатары зрабілі акцэнт не на знешняй канкурэнцыі, а на ўнутранай прыгажосці, сяброўстве паміж краінамі і культурным абмене. Унікальны фармат „тры ў адным“ дазваляе паказаць, што жанчына прыгожая ў любым узросце. Акрамя таго, арганізатары адмовіліся ад дэфіле ў купальніках з павагі да Рамадану, што падкрэслівае высокі ўзровень культуры і ўзаемнай павагі паміж удзельніцамі з розных краін», — расказала БелТА прэс-сакратар Нацыянальнай школы прыгажосці Ганна Грэбень.

«Міс БРІКС — 2026» праходзіць на працягу тыдня. Паводле слоў прэс-сакратара, праграма ва ўдзельніц вельмі насычаная: «Дні пачынаюцца з рэпетыцый і майстар-класаў. Пасля абеду прыгажуні едуць на культурныя мерапрыемствы: знаёмства з традыцыямі Татарстана, экскурсіі, дэгустацыя нацыянальнай кухні. Вечары звычайна прысвечаны нефармальным зносінам і яркім выступленням вядомых выканаўцаў. Дзяўчаты з розных краін часта збіраюцца разам, абменьваюцца сувенірамі і ўражаннямі, а таксама проста вячэраюць і весяляцца. Атмасфера сяброўская, дзяўчаты адчуваюць сябе не саперніцамі, а часткай вялікай інтэрнацыянальнай сям’і».

Удзел у «Міс БРІКС — 2026» запатрабаваў каласальнай падрыхтоўкі, якая пачалася задоўга да першага дня конкурсу. «Асобна хочацца адзначыць работу з этнічным кодам і народнымі традыцыямі. Нашы вядучыя дызайнеры прадумалі кожны выхад да драбнюткіх дэталяў, каб прадставіць Беларусь на міжнароднай арэне з бездакорным густам і павагай да культурнай спадчыны», — падзялілася Ганна Грэбень.

Вынікі конкурсу падвядуць 7 сакавіка. Прэс-сакратар Нацыянальнай школы прыгажосці адзначыла, што шанцы на перамогу ў прадстаўніц Беларусі высокія: «І справа не толькі ў знешніх даных. Моцныя бакі нашых канкурсантак — гэта іх выхаванасць, дабрыня і ўменне выклікаць прыхільнасць да сябе людзей. У конкурсе, дзе галоўны крытэрый не проста знешнасць, а здольнасць быць адкрытай свету і сябраваць, у беларускіх дзяўчат выдатныя перспектывы».


Фінальным акордам падзеі стане ўрачыстае закрыццё конкурсу. Арганізатары абяцаюць відовішчнае шоу ў сучасным поп-фармаце, якое аб’яднае выступленні зорак эстрады, музычныя перформансы і дэфіле ўдзельніц.

Музычнае суправаджэнне вечара забяспечыць маштабны спіс зорак. Для гасцей і гледачоў выступяць Дзіма Білан, JONY, Клава Кока, L’One, ELMAN, Betsy і іншыя папулярныя артысты.

Дарэчы, у рамках мерапрыемства прэзентавалі тры залатыя кароны, якія атрымаюць пераможцы конкурсу.

Цэнтральная карона для «Місіс БРІКС» носіць назву «Вялікая Аўгуста» (Magna Augusta), яна стала сімвалам адзінства краін аб’яднання.

«Самае велічнае з пункту гледжання вобразу, даніна павагі і сімвал адзінства — гэта Вялікая карона. Наша задача была — паказаць разнастайнасць і шматграннасць жанчын, культуры і традыцый краін БРІКС», — расказаў віцэ-прэзідэнт Chamovskikh Jewellery House Юрый Талмачоў на прэс-канферэнцыі ў Казані.

Карона выканана з золата і важыць больш за 850 г. У вырабе выкарыстаны брыльянты, ружовыя сапфіры, жэмчуг некалькіх адценняў, турмаліны, рубеліты і марганіты.

Як падкрэсліў прадстаўнік ювелірнага дома, у аснове канцэпцыі ляжыць трыяда каштоўнасцяў — дабро, ісціна і прыгажосць.


Карона «Узыходзячая Аўгуста», прызначаная для «Міс БРІКС», натхнёная імператарскімі ўпрыгажэннямі дома Раманавых і выканана з выкарыстаннем аквамарынаў, жэмчугу і брыльянтаў.

Трэцяя карона — «Аўгуста Флорэнс» («Квітнеючая») — прызначана для юных удзельніц у катэгорыі «Маленькая міс БРІКС». У ёй выкарыстаны ружовыя сапфіры, рубеліты, турмаліны і жэмчуг, які ўручную нанізваўся на залатыя ніткі.

Работа над кожнай каронай заняла больш за 700 гадзін, у працэсе былі задзейнічаны звыш 40 спецыялістаў — ад мастакоў і дызайнераў да майстроў па замацаванні і паліроўцы. У «Вялікай Аўгусце» выкарыстана 228 асобных дэталяў, ва «Узыходзячай» — 94, у «Квітнеючай» — 75.



arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю