На перададні Дня народнага адзінства Гомельшчына сустракае ўдзельнікаў рэспубліканскай інфармацыйна-асветніцкай акцыі «Беларусь адзіная». Ганаровая місія прыняць эстафету форума кансалідацыі патрыятычных сіл краіны выпала Жлобіну.
Мірнае неба, спакойнае жыццё, штодзённая стваральная праца
Гасцямі маштабнага мерапрыемства, якое аб’ядноўвае рэгіёны, абласныя і раённыя цэнтры, сталі прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, палітычных партый, ідэалагічнага актыву і моладзі з усіх раёнаў Гомельскай вобласці.
Да пачатку мерапрыемства можна было азнаёміцца з выставай пад дэвізам «Беларусь — стратэгія будучыні». Свае экспазіцыі прадставілі больш як дзесяць калектываў-удзельнікаў: вышэйшыя навучальныя ўстановы, навукова-даследчыя цэнтры, прадпрыемствы Гомельшчыны.
Для адкрытай размовы з жыхарамі рэгіёна на актуальныя тэмы, якімі жыве наша краіна і якія хвалююць грамадства, у Жлобін прыехалі лідары меркаванняў: тэлевядучы і журналіст Грыгорый Азаронaк, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанна Чарняўская, старшыня Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі Аліна Рацькова і галоўны рэдактар «Альфа Радио» і «Радио Победа» Вадзім Шэпет.
— Беларусь будучыні... Якая яна? Хто сёння можа загадаць на год, два, дзесяць, пятнаццаць, дваццаць... Але мы павінны бачыць свой вобраз будучыні, — заклікаў беларусаў тэлевядучы і журналіст Грыгорый Азаронaк. — Мы бачым, што адбываецца ў свеце. Магу сказаць, лёгка і проста дакладна не будзе. Але будзе вельмі цікава, як кажа наш Прэзідэнт. Мы бачым, што нягледзячы на гучныя заявы некаторых пра тое, што ён міратворац і заканчвае войны, узброеных канфліктаў становіцца ўсё больш і больш. Дзякуй Богу, наша мірнае неба, спакойнае жыццё, штодзённая стваральная праца агароджваюць нас ад тых страшных карцін, — падкрэсліў спікер.
Грыгорый Азаронaк нагадаў пра найважнейшы пасыл для кожнага ад кіраўніка дзяржавы: быць годным працаўніком на сваім рабочым месцы, якасна выконваць сваю працу!
— Для тых, хто сёння тут — грамадскія дзеячы, актывісты, — гэта і гаварыць з людзьмі, не баяцца разважаць на хвалюючыя тэмы. Ну і, вядома, сустракаць такія дні, як будучы 17 верасня — Дзень народнага адзінства. Наш абавязак утрымліваць нашы пазіцыі. Нам трэба смела глядзець і прызнавацца сабе, што могуць быць больш цяжкія выпрабаванні, — зрабіў акцэнт лідар меркаванняў.
Падтрымка ўсіх сфер
Як падкрэсліла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанна Чарняўская, у бліжэйшыя гады для росквіту і ўмацавання краіны беларусам давядзецца зрабіць вельмі шмат.
— Тое, што мы зрабілі ў папярэднія гады, дзесяцігоддзі, сёння неабходна і мадэрнізаваць, і наладжваць працу такім чынам, каб развіваліся новыя тэхналогіі, штучны інтэлект, мноства іншых новых веянняў, якія ўрываюцца ў наша жыццё, прамысловасць, адукацыю, — упэўнена парламентарый.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў звярнула ўвагу на тое, што рэспубліканская інфармацыйна-асветніцкая акцыя «Беларусь адзіная» — магчымасць аб’яднаць прадстаўнікоў розных сфер, пачуць іх меркаванне і атрымаць падтрымку.
— Тут у Жлобіне сабраліся жыхары Гомельшчыны з усіх тэрыторый — прадстаўнікі рэальнага сектара эканомікі, адукацыі, культуры, раённых выканаўчых камітэтаў, і гэта вельмі важна. Бо трэба, каб кожны разумеў, што павінна быць аддача ад кожнага чалавека. Мы павінны разам з дзяржавай аб’яднацца. Гэта адзінства і павінна нам дапамагчы ў наступныя пяць гадоў вырашыць тыя задачы, якія забяспечаць наша бяспечнае, камфортнае жыццё на будучыя гады, — заклікала спікер.
Голас моладзі — чутны!
Актыўнай не толькі ў вучобе, на сваім рабочым месцы, але і ў грамадска-палітычным жыцці, жыцці роднага горада, раёна, вобласці, краіны, чутнай і здольнай заяўляць свае ідэі і ініцыятывы... Менавіта такой бачыць актыўную беларускую моладзь удзельніца рэспубліканскай інфармацыйна-асветніцкай акцыі «Беларусь адзіная» — старшыня Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі Аліна Рацькова.
— Калі мы сустракаемся на міжнародных пляцоўках, распавядаем, якую ўвагу моладзі надае кіраўнік нашай краіны, паважаны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, якія прадастаўляюцца магчымасці ў сферы грантавай падтрымкі, стыпендый, фінансавання моладзевых праектаў, ініцыятыў у адукацыі, навуцы, культуры, мастацтве, то заўсёды адзначаем, што ёсць магчымасць заўсёды рэалізаваць сябе ва ўсіх напрамках, — падкрэсліла спікер маладзёжнага крыла, якое сёння аб’ядноўвае ў Рэспубліцы пяць тысяч актывістаў.
Аліна Рацькова адзначыла, што вельмі каштоўным з’яўляецца ўдзел і падтрымка акцыі «Беларусь адзіная» яе калегаў, прадстаўнікоў Маладзёжнага савета.
— Гэта тыя хлопцы і дзяўчаты, на якіх раўняюцца маладыя людзі ў рэгіёнах, — падзялілася спікер.
Паводле яе слоў, у цэлым дзейнасць Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі — яскравы прыклад таго, які ўзровень даверу дзяржава выказвае моладзі. Яго прадстаўнікі нароўні з дэпутатамі, сенатарамі ўдзельнічаюць і ў заканадаўчым працэсе, і ў кіравальніцкіх рашэннях, і ў рэалізацыі ўсіх сацыяльна значных праграм.
Нагода для гонару
Сімвалічнасць абранага дэвізу сёлетняй Рэспубліканскай інфармацыйна-асветніцкай акцыі «Беларусь адзіная» — «Беларусь — стратэгія будучыні» — адзначыў галоўны рэдактар «Альфа Радыё» і «Радыё Перамога» Вадзім Шэпет.
— Пабываўшы ўжо ў іншых гарадах, можна сказаць, што запыт у грамадстве на тэму будучыні — каласальны. І паколькі мы гаворым пра будучыню — укаранёны і сучасныя тэхналогіі. Гэта і чат-бот, на які задае пытанні наша аўдыторыя, — падзяліўся Вадзім Шэпет.
— Людзей хвалюе тое, чым яны жывуць кожны дзень — адукацыя, будучыня іх дзяцей, але і задаюць пытанні геапалітыкі, што вельмі яскрава пацвярджае, што беларусы цікавяцца ўдзелам нашай краіны ў геапалітычных працэсах. Гэта таксама вельмі важна. Людзі задаюць дастаткова глыбокія пытанні. Людзі бачаць, што краіна, дзякуючы выверанай палітыцы нашага Прэзідэнта, на міжнароднай арэне дасягае сур’ёзных вынікаў. І гэта падстава для гонару кожнага жыхара нашай краіны, — перакананы спікер.
Наталля КАПРЫЛЕНКА,
фота БелТА