Па прагнозе Міністэрства спорту і турызму, у 2025 годзе Беларусь наведаюць больш за 8 млн замежных турыстаў і экскурсантаў. Пра гэта паведаміў намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Алег Андрэйчык, паведамляе БелТА.
Беларусь прадаўжае ўмацоўваць пазіцыі на турыстычнай карце. «За дзевяць месяцаў бягучага года экспарт турыстычных паслуг склаў $295 млн. Гэта на 43 % больш, чым за аналагічны леташні перыяд. Для параўнання: у 2024 годзе рэкордны паказчык за ўвесь год склаў $268 млн», — расказаў Алег Андрэйчык.
Сярод найбольш запатрабаваных кірункаў — гісторыка-культурны турызм, санаторна-курортны адпачынак, агра- і экатурызм, а таксама прамысловы турызм. Толькі за дзевяць месяцаў 2025 года ў санаторыях Беларусі адпачылі 202 тыс. замежных турыстаў — на 11 тыс. больш, чым годам раней.
Напярэдадні калядных і навагодніх свят сфарміраваны сезонны каляндар «Зіма ў Рэспубліцы Беларусь 2025-2026». Ужо зараз на афіцыйных сайтах размешчана інфармацыя аб 159 мерапрыемствах, разлічаных на розныя ўзроставыя і сацыяльныя групы: ад дзіцячых праграм да сямейнага адпачынку.
Па словах Алега Андрэйчыка, у зімнім сезоне чакаецца мноства навінак і турыстычных прадуктаў, якія будуць цікавыя як беларусам, так і гасцям краіны.