Сёлета дарожныя службы Мінска маюць намер нанесці каля 350 тысяч квадратных метраў разметкі. Пра гэта расказаў дырэктар КУП «СМЭП Мінгарвыканкама» Вячаслаў Савіч.
Асноўная стаўка будзе зроблена на сучасныя матэрыялы — пластыкі халоднага і гарачага нанясення. Сярод іх галоўных пераваг — выдатная бачнасць, трываласць, устойлівасць да рэагентаў і эканамічнасць нанясення.
Сіняя разметка і веласіпедныя дарожкі
Паводле слоў кіраўніка прадпрыемства, у Мінску працягнуць наносіць сінюю разметку ў зоне платных парковак. Яна дапамагае кіроўцам арыентавацца і своечасова разумець, што знаходжанне тут патрабуе аплаты.
Не пакінуць без увагі і веласіпедную інфраструктуру: разметку абновяць на ўжо існуючых маршрутах і нанясуць на новых лакацыях.
Ад МКАД да спальных раёнаў
Першачарговыя аб’екты, дзе запрацуюць мабільныя экіпажы, — Мінская кальцавая аўтамабільная дарога, каркасныя вуліцы, а потым і спальныя раёны сталіцы.
Як удакладніў Вячаслаў Савіч, цэнтр горада ўжо забяспечаны інавацыйнымі матэрыяламі, таму сёлета акцэнт зрушыцца на тэрыторыі, бліжэйшыя да жылых кварталаў.
Навінка сезона — двухкампанентная фарба
Сёлета дарожнікі плануюць выкарыстоўваць новы прадукт — двухкампанентную фарбу, якую прапанавалі вытворцы. Яна значна лепш трымаецца на дарожным палатне і забяспечвае добры арыенцір для кіроўцаў. Гэты кірунак абяцаюць пашыраць.
Асноўнымі пастаўшчыкамі фарбавальнай сумесі выступяць айчынныя прадпрыемствы — лідскае ААТ «Лакафарба», ТАА «Заслаўскі лакафарбавы завод» і вытворцы з Брэста.
Надзея ЗУЕВА