Top.Mail.Ru

У Мін­скім га­рад­скім пе­да­га­гіч­ным ка­ле­джы спецыялістаў рыхтуюць па прынцыпе трох «п»: педагог, патрыёт, прафесіянал

Сёлета Мінскі гарадскі педагагічны каледж адзначае сваё дзесяцігоддзе. Маладая, але вельмі запатрабаваная сярод абітурыентаў установа адукацыі прайшла сур'ёзны шлях станаўлення. Спачатку набор ажыццяўляўся ўсяго на дзве спецыяльнасці, сёння — на пяць. Спецыялістаў тут рыхтуюць па прынцыпе трох «п»: педагог, патрыёт, прафесіянал. «Гэтыя тры грані — аснова ўсяго», — адзначае дырэктар каледжа Вольга ГУЗАВА. Карэспандэнты «Звязды» завіталі ў каледж і пераканаліся, што такая формула сапраўды прыносіць вынік.


«Укладаю ў дзяцей тое найлепшае, што сама ведаю і ўмею»

Сёлета ў каледжы атрымліваюць адукацыю 703 навучэнцаў. Набор ажыццяўляецца, як адзначалася, на пяць спецыяльнасцяў: «Выхаваўчая работа», «Педагагічнае суправаджэнне», «Навучанне фізічнай культуры», «Пачатковая адукацыя», «Дашкольная адукацыя». На апошнія дзве — пасля 9 ці 11 класаў, на астатнія — толькі пасля 9-га.


Як паказваюць вынікі прыёмных кампаній, вучыцца дзеці прыходзяць матываваныя і зацікаўленыя. Сярэдні бал — не ніжэйшы за восем. Пераважна, вядома, дзяўчынкі. Адкрыццё новых спецыяльнасцяў было запатрабавана часам, але і былыя не губляюць сваёй актуальнасці. Ідэяй і ўвасабленнем «Педагагічнага суправаджэння» спецыялісты займаліся каля пяці гадоў. Першыя выпускнікі ўжо працуюць у школах-інтэрнатах, вучэбна-педагагічных комплексах, цэнтрах карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, аздараўленчых лагерах...

— Конкурс на гэту спецыяльнасць летась склаў 1,5 чалавека на месца, — кажа дырэктар. — Выхавальнік — той, хто дапамагае арганізаваць жыццядзейнасць навучэнца пасля заняткаў. Гэты спецыяліст можа аказваць персанальнае суправаджэнне дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Тым, аб якіх варта асабліва паклапаціцца.


Намеснік дырэктара па вытворчым навучанні Святлана ЕЛІСЕЕВА, у прыватнасці, ініцыявала распрацоўку і ўкараненне спецыяльнасці, якой раней у краіне не існавала. Жанчына ў педагогіцы працуе ўжо больш за тры дзесяцігоддзі. За значны ўклад у развіццё адукацыі педагог адзначана нагрудным знакам Міністэрства адукацыі «Выдатнік адукацыі».


— Матывацыя працаваць, прыносячы карысць краіне і людзям, у мяне была заўсёды, — дзеліцца яна. — Успамінаю сябе яшчэ школьніцай, калі выбірала прафесію і вырашыла стаць педагогам. Як бы гэта пафасна ні гучала, дзеці большую частку дня праводзяць ва ўстановах адукацыі, яны побач з намі, педагогамі, пяць дзён на тыдзень. Нам іх давяраюць бацькі. Я заўсёды адчувала высокую ступень адказнасці. Укладаю ў дзяцей тое найлепшае, што сама ведаю і ўмею. Гэта асаблівы смак у прафесійнай дзейнасці — перадаваць свае веды будучым педагогам, тым, хто хутка папоўніць шэрагі сталічнай адукацыі.


«Я побач, мой дарагі вучань, ты можаш разлічваць на маю падтрымку», — менавіта такі сэнс укладаюць педагогі пры выхаванні сваіх паслядоўнікаў, якія выбіраюць любую з прапанаваных каледжам спецыяльнасцяў.


Адукацыя — выключна практыка-арыентаваная

Вучоба арганізавана ў двух карпусах — на вуліцах Макаёнка і Якубава, расказалі нам у каледжы. Разумеючы, што першакурснікі хочуць як мага хутчэй паглыбіцца ў выбраную прафесію, педагогі прыдумалі праект «Валанцёрскае асяроддзе».

— У гэты дзень нашы дзеці наведваюць сталічныя школы, дзе ў групах прадоўжанага дня вучацца першым навыкам знаёмства з вучнямі, набываюць уменне камунікаваць з дзецьмі, арганізоўваць іх вольны час, аб’ядноўваць разам, развіваць, забаўляць, — расказвае Святлана Елісеева. — Гэта цікавая форма практыка-арыентаванага навучання.

Акрамя таго, ва ўстанове адукацыі кожны дзень тыдня мае сваю тэматыку: беларускамоўны панядзелак, музычны аўторак, арт-серада... Яны арганізоўваюцца не дзеля забавы, а з’яўляюцца адным з інтэрактыўных элементаў вучэбнага працэсу, падчас якога праводзяцца майстар-класы, накіраваныя на развіццё кампетэнцый будучага педагога.


Каледж вядомы валанцёрскай, культурнай і спартыўнай дзейнасцю. Навучэнцы рэгулярна выязджаюць у дзіцячыя дамы, школы-інтэрнаты, сацыяльныя цэнтры, пансіянаты для пажылых людзей, састарэлых і інвалідаў — там аказваюць неабходную дапамогу і падтрымку. Удзельнічаюць у спаборніцтвах, літаратурных вечарынах, разнастайных конкурсах і фестывалях, адкуль нярэдка вяртаюцца з прызавымі месцамі.

Выбудаваная адукацыйная сістэма ў каледжы яго навучэнцам падабаецца, заўважае педагог Алеся КНЫШ.

— У кожнага ёсць задумкі і праекты, якія хочацца ўвасобіць у жыццё, — працягвае педагог. — Мы іх у рэалізацыі ідэй не абмяжоўваем — і гэта яшчэ адна з пераваг нашай установы адукацыі. Некаторыя прыходзяць і яшчэ прыглядаюцца да прафесіі. Для нас важна раскрыць патэнцыял кожнага, накіраваць на правільны шлях. Я стараюся асабістым прыкладам паказваць, як трэба працаваць. Маю вопыт работы з навучэнцамі пачатковых класаў, а цяпер выкладаю педагогіку. Вядома, мне ёсць, што расказаць. Я заўсёды арыентуюся і дзялюся з навучэнцамі асабістым вопытам. Ім гэта цікава, калі тэорыя з практыкай падаюцца з элементамі жвавасці. Тады дзеці з ахвотай і цікавасцю ходзяць на заняткі.


Поспех прыходзіць да тых, хто не стаіць на месцы

Навучэнка 3 курса Кацярына АНДЗІЕВА ўключана ў банк даных адоранай і таленавітай моладзі.

— З дзяцінства любіла камунікаваць з дзецьмі, — дзеліцца дзяўчына. — Са спецыяльнасцю «Дашкольная адукацыя» вызначылася адразу. Мае мама і бабуля — таксама педагогі. Таму я выбірала гэту прафесію свядома. Гэта справа ў нас перадаецца з пакалення ў пакаленне.

У маі 2025 года дзяўчына атрымала «золата» ў конкурсе ProfSkіlls і ў чэмпіянаце краін — партнёраў ЕАЭС+. Восенню гэтага ж года Кацярына стала стыпендыятам прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. У лістападзе яна прыняла ўдзел у фінале чэмпіянату па прафесійным майстэрстве «Прафесіяналы-2025» у Санкт-Пецярбургу, дзе заняла другое месца ў міжнародным заліку, трэцяе — у камандным.

— Поспех прыходзіць да тых, хто не стаіць на месцы, — упэўнена дзяўчына. — Дзякуючы магчымасцям, якія дае каледж, я вельмі многае для сябе ў прафесіі ўжо спасцігла. І яшчэ шмат чаго планую.


Навучэнка 3 курса Анастасія ХІЛЯ таксама вельмі актыўна прымае ўдзел у жыцці каледжа.

— Акрамя вучобы актыўна займаюся валанцёрскай дзейнасцю, — кажа яна. — Неаднаразова наведвала прытулкі, анкалагічныя цэнтры, дзіцячую вёску «SOS» у Бараўлянах. Ставіцца да чужых праблем з эмпатыяй і разуменнем мяне навучылі дома. У каледжы таксама добрым справам удзяляецца належная ўвага. Мне гэта вельмі падабаецца.

На выбар спецыяльнасці Анастасію натхніла маці Алена Анатольеўна, якая цяпер — дэпутат Палаты прадстаўнікоў, але ў свой час працавала настаўнікам.

— Я вырашыла працягнуць гэтую справу, таму што яшчэ з дзяцінства адчуваю асаблівую любоў да дзетак, — дзеліцца дзяўчына. — Мама для мяне заўсёды была прыкладам, як трэба працаваць з імі, як трэба дапамагаць людзям. Выхаванне адыгрывае вялікую ролю ў маім станаўленні. І ў выбары прафесіі я не сумняваюся. А каледж дапамагае стаць сапраўдным прафесіяналам!


Яна ВАЛАСАЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю