Не хаваць, а вырашаць праблему
Пытанне захаванасці маладняку буйной рагатай жывёлы знаходзіцца на асаблівым кантролі кіраўніка дзяржавы. Як раней адзначаў беларускі лідар, у бліжэйшыя год-два ў краіне стаіць задача цалкам вырашыць праблему. Каб азнаёміцца з вопытам перадавых гаспадарак, абмяняцца вопытам з калегамі-спецыялістамі, у Мінскім і Смалявіцкім раёнах правялі абласны семінар-вучобу на тэму «Тэхналогія вырошчвання маладняку буйной рагатай жывёлы і яго захаванасць». Удзел у мерапрыемстве ў Мінскім раёне ўзяў губернатар Мінскай вобласці Аляксей Кушнарэнка, у Смалявіцкім — яго першы намеснік Васіль Сысоеў, а таксама звыш 100 прадстаўнікоў аграрнага сектара з усяго цэнтральнага рэгіёна. Карэспандэнт «Звязды» даведалася падрабязнасці.

«Будзем дэталёва разбіраць сітуацыю па кожнай гаспадарцы»
Летась, заявіў Аляксей Кушнарэнка, Міншчына паказала станоўчыя вынікі: на 12,5 % у параўнанні з 2024-м скараціўся падзеж жывёлы. А ў пачатку гэтага года маразы далі пра сябе знаць. У студзені на фоне высокіх мінусавых тэмператур у шэрагу гаспадарак Мінскай вобласці ўзніклі складанасці, якія патрабавалі неадкладнага рашэння. У зімовы перыяд на фермах цэнтральнага рэгіёна працавала звыш 800 цеплавых пушак, а для абагравання маладняку выкарыстоўваліся папонкі. Тым не менш усё роўна былі выяўлены пэўныя недапрацоўкі. Гэта паслужыла падставай для аператыўнай распрацоўкі рэгіянальнага комплекснага плана. У яго ўвайшлі тэхнічныя, ветэрынарныя, арганізацыйна-гаспадарчыя, кантрольныя мерапрыемствы.
«Людзі мяняюцца, але галоўным застаецца адно — жорсткае захаванне тэхналагічнай дысцыпліны, — падкрэсліў Аляксей Кушнарэнка. — Мы будзем дэталёва разбіраць сітуацыю па кожнай гаспадарцы, у тым ліку прычыны падзяжу».
Адной з такіх прычын губернатар Міншчыны назваў парушэнне тэхналагічнага рэгламенту. Выпадкі недапрацовак зафіксаваныя ў Бярэзінскім, Смалявіцкім, Уздзенскім, Салігорскім, Слуцкім і Барысаўскім раёнах. «Наша задача — вучыцца адзін у аднаго і падказваць. Сярод прысутных тут кіраўнікоў ёсць тыя, у каго гэта работа пастаўлена на належны ўзровень», — дадаў ён.

У аснове ўсяго — элементарны парадак, рэзюмаваў Аляксей Кушнарэнка. «Калі яго не будзе, нам сітуацыю не ўдасца пераадолець. Ад элементарнага — і далей ужо да высокіх тэхналогій. Мінская вобласць павінна быць арыенцірам для ўсёй краіны. Аднак колькі б мы семінараў ні праводзілі — галоўным застаецца працоўная дысцыпліна на месцах».
Прыклад для пераймання
Вучоба — немалаважны аспект для дасягнення пэўных станоўчых вынікаў. З гэтай нагоды аграрыі Міншчыны наведалі гаспадарку «Ігнацічы» ў Мінскім раёне — перадавую ў гэтай галіне.

Дырэктар гаспадаркі Валянцін СТАШЧУК падзяліўся вопытам вырошчвання маладняку і забеспячэння яго захаванасці. Асобны акцэнт у ходзе мерапрыемства ўдзельнікі надалі ацэнцы работы новага комплексу «Кацягі». Яго будаўніцтва абышлося ў 35 мільёнаў рублёў, паведаміў Валянцін Сташчук. Умяшчальнасць — 2300 галоў (1200 — дойны статак, 1100 — маладняк). Надой на комплексе ў 2025 годзе — 9700 літраў на карову (план інвестпраекта — 10 200 літраў, чакаецца дасягненне паказчыка сёлета).
Губернатар Міншчыны пацікавіўся, ці хапае тут рабочых рук.
«Сёння ў нашай гаспадарцы — 160 работнікаў, — расказаў дырэктар гаспадаркі. — Аднак хацелася б больш бачыць сёння на месцах маладых спецыялістаў. Пры гэтым прадпрыемства актыўна прыцягвае моладзь, супрацоўнічае з ветэрынарным інстытутам і сельгасакадэміяй у Горках».
Удзельнікі семінару вывучылі ўмовы вырошчвання маладняку ў гаспадарцы. Перад імі таксама выступілі прадстаўнікі беларускага вытворцы абсталявання для ферм. Яны прадэманстравалі тэхнічныя рашэнні, якія ў разы аблягчаюць работу цялятніц і жывёлаводаў у цэлым.

З дакладам на тэму «Аб вырошчванні маладняку БРЖ у сельскагаспадарчых арганізацыях Мінскай вобласці» выступіў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінаблвыканкама Сяргей Прымачэнка. У сваім выступленні ён звярнуў увагу на болевыя кропкі галіны.
«Нават без вялікіх бюджэтаў можна наводзіць парадак, — сказаў ён пра магчымасці ўтрымання маладняку. — Праграма ёсць, яна запушчана. У вас не было рэсурсаў будаваць прафілакторыі. Ёсць кіраўнікі, у якіх гараць вочы, але няма магчымасцяў. Вось тут наша работа — падставіць плячо»
Старшыня Мінскага райвыканкама Дзяніс Колесень адзначыў, што годныя паказчыкі студзеня ў прысталіччы — з’ява невыпадковая. «У любую хвіліну, калі ўзнікалі цяжкасці, нашы кіраўнікі шукалі шляхі вырашэння. Мне прыемна было працаваць з імі і бачыць, наколькі яны ўключаны ў працэс. І вось мы бачым добры вынік мінулага месяца», — сказаў ён.

Удзельнікі семінара актыўна далучаліся да дыскусіі і задавалі пытанні губернатару Мінскай вобласці. Уздымалі і прасілі дапамогі ў вырашэнні праблем, якія кіраўнікі гаспадарак не змаглі вырашыць самастойна. Аляксей Кушнарэнка, у сваю чаргу, запрасіў падзяліцца сваім станоўчым вопытам з прысутнымі дырэктараў вядучых гаспадарак. Яны коратка падвялі вынікі апошніх месяцаў і расказалі, як арганізавана работа на іх прадпрыемствах.
Яна ВАЛАСАЧ
Фота аўтара