Аўта- і велапрабегамі па месцах баявой славы, урачыстымі мерапрыемствамі з ушанаваннем жыхароў з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй і флэшмобамі адзначаць Дзень народнага адзінства ў Мінскай вобласці. Аб гэтым карэспандэнту «Звязды» паведамілі ў прэс-службе Мінскага аблвыканкама.
Барысаў: відэаконкурс і тэматычнае мерапрыемства
У Барысаве падвядуць вынікі конкурсу відэаролікаў аб дасягненнях сучаснай Беларусі. У ім прынялі ўдзел арганізацыі і ўстановы раёна. Цэнтральнай падзеяй стане мерапрыемства «У адзінстве народа — сіла краіны», якое пройдзе ў Палацы культуры імя Максіма Горкага.
Вілейка: «Марафон адзінства» і інтэрактыў у парку
У Вілейцы адбудзецца велапрабег «Марафон адзінства» з удзелам прадстаўнікоў працоўных калектываў. Гасцей таксама чакае святочная праграма ў гарадскім парку: тэматычныя выставы, інтэрактыўныя зоны і канцэртныя выступленні.
Валожын: ушанаванне і выстава дасягненняў
У Палацы культуры Валожына пройдзе ўрачыстае ўшанаванне жыхароў раёна, канцэртная праграма пад назвай «Свет ствараем мы, калі адзіныя!», а таксама адкрыецца выстава дасягненняў арганізацый і прадпрыемстваў горада.
Дзяржынск: аўтапрабег і мітынг
У Дзяржынску святочныя мерапрыемствы пачнуцца з аўтапрабегу на самую высокую кропку Беларусі — гару Дзяржынскую. Там жа адбудзецца ўрачысты мітынг.
Клецк: маладзёжны дыялог і патрыятычны велапрабег
У Клецку запланавана маладзёжная канферэнцыя, дзе пройдуць адкрыты дыялог на тэму гістарычнай спадчыны і перспектыў Клецкага краю. Акрамя таго, мясцовая моладзь прыме ўдзел у велапрабегу з ускладаннем кветак да воінскага пахавання ў аграгарадку Сякерычы.
Лагойск: грамадзянская адказнасць і традыцыі
Лагойскі раённы цэнтр культуры арганізуе дыялогавую пляцоўку. У фармаце адкрытага абмеркавання ўдзельнікі разам са спікерам грамадскага аб’яднання «Веды» пагавораць аб грамадзянскай адказнасці, гістарычнай памяці і нацыянальных традыцыях.
Любань: квіз і свята пад адкрытым небам
У Любанскім раённым цэнтры культуры пройдзе гістарычная квіз — гульня «Беларусь-краіна адзінства». А ў гарадскім парку культуры і адпачынку адбудзецца раённае свята пад назвай «Адзінства і братэрства — наша багацце!».
Нясвіж: аўтамотапрабег і адкрыццё сквера
У Нясвіжы святкаванні пачнуцца аўтамотапрабегам. 17 верасня ў горадзе таксама адкрыецца новы сквер на набярэжнай побач з Касцёлам Божага Цела. Святочную атмасферу дапоўніць канцэртная праграма з удзелам творчых калектываў раёна.
Рудзенск: алея ў гонар героя
У пасёлку Рудзенск Пухавіцкага раёна ўрачыста адкрыюць алею, прысвечаную камандзіру 2-й Мінскай партызанскай брыгады Сяргею Іванову.
Салігорск: музейная экспазіцыя і форум-канцэрт
Салігорскі краязнаўчы музей прадставіць экспазіцыю, прысвечаную мірнаму суіснаванню народаў і культур на беларускай зямлі. Наведвальнікі ўбачаць унікальныя экспанаты-дакументы, фатаграфіі, прадметы побыту і мастацтва, якія адлюстроўваюць дух нацыянальнага адзінства. А ў Палацы культуры пройдзе форум-канцэрт з удзелам грамадскіх актывістаў раёна.
«Сіла ў адзінстве, памяць — у сэрцы»
У Жодзіне, як і ва ўсёй Беларусі, няма чалавека, які не ведаў бы гісторыю Анастасіі Купрыянавай — маці-патрыёткі, якая праводзіла на фронт і страціла ў баях пяцярых сыноў. Яны сышлі ў неўміручасць, каб не даць ворагу разарваць родную зямлю, і назаўжды сталі сімвалам ахвярнасці, мужнасці і нязломнага духу беларускага народа. Іх подзвіг — не проста старонка гісторыі, а вечны напамін: сіла нашай краіны ў адзінстве.
І не выпадкова сёння, у Дзень народнага адзінства, старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка ўскладае кветкі да мемарыяльнага комплексу «Маці-патрыётка» ў Жодзіне. Гэта не проста даніна памяці. Гэта працяг злучнай ніткі паміж пакаленнямі і напамін пра тое, што адзінства было, ёсць і застаецца галоўнай каштоўнасцю беларускага народа.
— Дзень народнага адзінства, зацверджаны Прэзідэнтам краіны ў 2021 годзе, за гэтыя пяць гадоў стаў сапраўды ўсенародным, — адзначыў Аляксей Кушнарэнка пасля ўскладання кветак. — У свеце, дзе ўзмацняюцца спробы раскалоць грамадства, Беларусь дэманструе прыклад фундаментальнай устойлівасці
Адзначаючы гэтае свята, мы разумеем: наша сіла — у згуртаванасці. Кожны беларус сваёй упартай працай у палях, школах, бальніцах, прадпрыемствах і арганізацыях уносіць істотны ўклад у галоўную каштоўнасць краіны — яе незалежнасць і суверэнітэт.
Віншуючы беларусаў з Днём народнага адзінства, Аляксей Кушнарэнка адзначыў: «Гэтае знамянальнае свята з’яўляецца важнай старонкай у гісторыі нацыянальнага адраджэння Беларусі. Яно сімвалізуе імкненне нашага народа самастойна вызначаць свой лёс, жыць у суверэннай і незалежнай дзяржаве, быць паўнапраўным гаспадаром на роднай зямлі».
Толькі разам беларусы змаглі супрацьстаяць фашысцкай пагрозе падчас Вялікай Айчыннай вайны, адрадзіць з руін гарады і прадпрыемствы, пабудаваць унікальную сацыяльна-арыентаваную эканамічную мадэль дзяржавы. «І сёння, захоўваючы духоўныя і маральныя каштоўнасці нашага грамадства, важна берагчы і прымнажаць здабытак краіны дзеля будучых пакаленняў. Ад усёй душы жадаю вам і вашым блізкім здароўя, дабрабыту, поспехаў ва ўсіх пачынаннях!», — гаворыцца ў віншаванні.
Мемарыяльны комплекс «Маці-патрыётка» быў адкрыты 29 жніўня 1975 года. У цэнтры кампазіцыі — маці Анастасія Купрыянава, якая праводзіць на вайну пяцярых сыноў. Асобы першых чацвярых сур’ёзныя і нават суровыя. Пётр, самы малодшы, ненадоўга адстаў ад братоў і павярнуўся — быццам хацеў запомніць твар маці. Анастасія глядзіць на сыходзячых сыноў, ведаючы, што гэта развітанне назаўжды....
У 1947 годзе баявыя таварышы Пятра Купрыянава, Героя Савецкага Саюза, сваімі рукамі пабудавалі для Анастасіі Фамінічны невялікі драўляны дом у Жодзіне. У ім яна пражыла больш за дваццаць гадоў.
Хоць афіцыйна жанчына пражывала адна, яе дом ніколі не пуставаў. Сюды прыходзілі франтавікі, суседзі, школьнікі — усе, для каго гісторыя сям’і Купрыянавых стала сімвалам стойкасці і ахвярнасці.
Пазней Анастасія Фамінічна пераехала да дачкі. А ў 1980 годзе ў сціплым драўляным доме адкрылі музей. Яго экспазіцыя расказвае не толькі пра подзвіг пяці братоў, але і пра простую жанчыну, чыё матчына сэрца змясціла столькі болю і мужнасці.
Член Савета Рэспублікі, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая таксама павіншавала беларусаў са святам. «Дзень народнага адзінства мае асаблівае значэнне для нашага народа, — гаворыцца ў віншаванні. — 17 верасня нагадвае нам аб аднаўленні гістарычнай справядлівасці і сіле нашага нацыянальнага адзінства. Сёння, як і ў 1939 годзе, згуртаванасць і ўзаемная падтрымка застаюцца галоўнымі апорамі незалежнай Беларусі».
Найважнейшую ролю ва ўмацаванні памяці аб тых падзеях і ў захаванні нацыянальнага адзінства адыгрывае наш Прэзідэнт, Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. «Менавіта дзякуючы паслядоўнай палітыцы нашага Прэзідэнта мы ўпэўнена адстойваем незалежнасць і права самім вызначаць сваю будучыню», — адзначыла Наталля Якубіцкая.
Кіраўнік дэпутацкага корпуса Міншчыны пажадала беларусам усяго самага найлепшага: «Няхай у нашых сэрцах заўсёды жыве гонар за Радзіму і ўпэўненасць у яе будучыні!».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота прэс-службы Мінскага аблвыканкама.