Top.Mail.Ru
294

Мінск зноў прымае міжнародны турнір па мастацкай гімнастыцы памяці Ларысы Гадзіевай

Спаборніцтвы пройдуць 22-24 кастрычніка на базе Палаца мастацкай гімнастыкі ў сталіцы.



Галоўным арганізатарам па традыцыі выступае Мінская гарадская СДЮШАР прафсаюзаў па гімнастыцы мастацкай імя Л. Г. Гадзіевай пры падтрымцы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Міністэрства спорту і турызму, Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь і Беларускай асацыяцыі гімнастыкі.

Мінск сустрэне спартсменак з 5 краін — Беларусі, Расіі, Кітая, Турцыі і Малдовы.

— Гэты турнір — не проста спартыўнае спаборніцтва. Гэта ўжо своеасаблівы брэнд айчыннай школы мастацкай гімнастыкі. З кожным годам усё больш ахвотных прыняць удзел у спаборніцтвах. Сёлета заяўлена каля 250 юных грацый. Турнір сёння — гэта падзея ў свеце гімнастыкі, сустрэча культур, абмен вопытам і сяброўства, якая аб’ядноўвае спартсменак з розных краін, — адзначыла намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Таццяна Філімонава. — У сваю чаргу прафсаюзы прадоўжаць падтрымліваць спартыўныя школы, падтрымліваючы імкненне займацца спортам і весці актыўны лад жыцця. Наша мэта — не толькі выхаваць чэмпіёнаў, але і даць магчымасць дзецям усебакова развівацца, вучыцца дысцыпліне, атрымліваць радасць ад таго, што робіш. І з упэўненасцю скажу: выхадцы з прафсаюзных спартшкол — гэта спартсмены са стрыжнем, моцныя не толькі целам, але і духам.

Так, на турніры будзе разыграна больш за 50 камплектаў узнагарод, у тым ліку ў мнагабор’і і індывідуальных відах. Арганізатары запэўніваюць: спаборніцтвы абяцаюць быць яркімі і запамінальнымі. Уваход на турнір вольны.

Даведачна:

Ларыса Гадзіева — заслужаны трэнер СССР, заснавальніца беларускай мастацкай гімнастыкі. Пасля завяршэння спартыўнай кар’еры перайшла на трэнерскую работу. Будучы старшым трэнерам зборнай каманды Беларусі, у 1978 годзе адкрыла першую ў СССР (у г. Мінску) спецыялізаваную дзіцяча-юнацкую школу алімпійскага рэзерву па мастацкай гімнастыцы, якая носіць цяпер яе імя.

Сёння Установа «Мінская гарадская СДЮШАР прафсаюзаў па гімнастыцы мастацкай імя Л. Г. Гадзіевай» з’яўляецца адной з вядучых спартыўных школ у Беларусі. Яе выхаванкамі заваявана 8 медалёў Алімпійскіх гульняў, больш за 60 медалёў чэмпіянатаў свету і Еўропы.

Падрыхтавана 11 заслужаных майстроў спорту, 40 майстроў спорту міжнароднага класа, больш за 130 майстроў спорту Рэспублікі Беларусь. Сярод выхаванак школы сярэбраныя і бронзавыя прызёры Алімпійскіх гульняў Вольга Пужэвіч, Ксенія Санковіч, Ірына Ільянкова, Марына Ганчарова, Аляксандра Наркевіч, Аліна Туміловіч і Зінаіда Луніна.

На III Гульнях краін СНД 2025 года спартсменамі-выхаванкамі заваявана 5 сярэбраных медалёў.

Алена КРАВЕЦ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю