У Мінску сёння пачынаецца вырашальны этап розыгрышу Кубка Беларусі па баскетболе сярод мужчынскіх каманд, паведамляе БелТА.
У стартавым паўфінальным матчы на паркеце сталічнага спарткомплексу РДВАР дзеючы ўладальнік трафея «Гродна-93» згуляе з фіналістамі мінулага сезона баскетбалістамі «МІНСКА» (пачатак сустрэчы ў 16.00). У другім паўфінале магілёўскі «Барысфен» будзе сапернічаць з віцебскім «Рубонам» (пачатак сустрэчы ў 18.30). Заўтра, 30 лістапада, пераможцы сённяшніх гульняў сустрэнуцца ў фінальным паядынку 29-га кубкавага розыгрышу, а тыя, хто прайграе, паспрачаюцца за бронзавыя ўзнагароды. Уваход на ўсе сустрэчы свабодны. Год таму баскетбалісты «Гродна-93» восьмы раз заваявалі Кубак краіны, перамогшы «МІНСК» — 80:63, у гульні за бронзу «Барысфен» быў мацнейшы за «Рубон» — 98:75. Больш за ўсіх трафеем валодалі баскетбалісты «МІНСКА» — 14 разоў.
На мінулым тыдні ў фінале жаночага кубкавага розыгрышу баскетбалісткі «МІНСКА» ўпэўнена перайгралі гродзенскую «Алімпію» з лікам 68:50. Для «МІНСКА» гэта шосты кубкавы трафей у гісторыі. Баскетбалісткі «Гарызонта» ў гульні за бронзу з вынікам 71:55 перамаглі маладзёжную каманду БК «МІНСК».