Top.Mail.Ru

Мінск працягвае марафон Рэспубліканскага кірмашу вакансій для моладзі

Вольны час — у грошы

Сёння да Рэспубліканскага кірмашу вакансій для моладзі далучыўся Мінск. Нагадаем, што 13 і 14 красавіка кірмашы прайшлі ва ўсіх шасці абласцях. У іх удзельнічаюць больш за 1,2 тысячы наймальнікаў з усёй краіны, якія прапануюць звыш 13,5 тысячы вакансій, у тым ліку каля 6,1 тысячы — для хлопцаў і дзяўчат да 18 гадоў. У першыя дні больш за 15 тысяч маладых людзей прыйшлі па ўсёй краіне на пляцоўкі, дзе праводзяцца кірмашы, і кожны трэці з іх дамовіўся аб працаўладкаванні. Сярод самых запатрабаваных у падлеткаў сфер — сельская і лясная гаспадаркі, ЖКГ, прамысловасць, гандаль.

Дапамогуць зарыентавацца на рынку працы

У Мінску каля чатырох дзясяткаў наймальнікаў прадставілі каля 3 тысяч вакансій для моладзі. Ніжні ўзровень у гандлёвым цэнтры «Сталіца», дзе праходзіць кірмаш, стаў паўнацэннай кансультатыўнай пляцоўкай. Спецыялісты службы занятасці гатовы растлумачыць нюансы заканадаўства, падказаць стратэгію пошукаў і дапамагчы з працаўладкаваннем. 


— Сёння на кірмашы прадстаўлены розныя арганізацыі ў сферы прамысловасці, сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, ЖКГ. Маладыя людзі, якія сюды прыйдуць, могуць спакойна правесці з наймальнікам падрабязную гутарку, даведацца, што цяпер прапануецца, каб пасля працаўладкавацца. Служба занятасці дапаможа любому маладому чалавеку знайсці сябе на рынку працы. У нашым інфармацыйным пакеце «Служба занятасці» ёсць лічбавы сэрвіс «Крок у прафесію», які дапаможа і раскажа, што неабходна для таго, каб працаўладкавацца. І хачу звярнуць увагу, што маладыя людзі ад 14 да 16 гадоў, для працаўладкавання мусяць атрымаць згоду аднаго з бацькоў, — расказаў начальнік Галоўнага ўпраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Максім ФЛАРЫНСКІ.

Кірмаш накіраваны найперш на навучэнскую моладзь. 

— Вакансіі прадстаўлены агульнадаступныя, якія не патрабуюць кваліфікацыі, такім чынам студэнт ці навучэнец можа адразу пачаць работу і атрымліваць першы вопыт і першыя грошы, — адзначае старшыня Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Пётр ШУЦЬКО. — Сёлета пры садзейнічанні службы занятасці ў рамках другаснай працоўнай занятасці працаўладкавана больш за 2,5 тысячы маладых людзей. Усяго ж плануем на працягу года ахапіць працаўладкаваннем пры падтрымцы службы занятасці больш за 15 тысяч чалавек. Акрамя таго, шэраг прадпрыемстваў заявілі агульнадаступныя вакансіі, якія мы прапануем непаўналетнім, у рамках летняга працаўладкавання. Ёсць і вакансіі для працаўладкавання ў вольны ад вучобы час. Таму для тых, хто жадае працаўладкавацца, магчымасці ёсць, прадпрыемствы іх чакаюць, і трэба гэтым карыстацца.


Пётр Шуцько адзначыў, што больш за ўсё моладзь цікавяць установы грамадскага харчавання, гандлю, дзе гнуткі працоўны графік, дзе можна хутка адаптавацца. Што датычыцца ўзросту, то ў рамках другаснай занятасці працаўладкавацца можна з 14 гадоў. 

Не ўмееш — навучаць

— Вядома, з узростам шанцы працаўладкавацца на добрае месца павялічваюцца. Ёсць некаторыя вытворчасці, дзе патрабуецца пэўная кваліфікацыя. Нярэдка наймальнікі гатовы праводзіць кароткатэрміновае навучанне непасрэдна на працоўных месцах, — дадаў Пётр Шуцько. 

Сярод такіх вытворчасцяў, дзе гатовы прадаставіць навучанне, — Мінскі аўтамабільны завод. Ён запрашае на зборку аўтобусаў і пасажырскай тэхнікі, на зборку грузавых аўтамабіляў слесараў механазборачных работ, слесараў, электрамантажнікаў, штампоўшчыкаў. Навучаць пры адсутнасці навыкаў будуць на працоўным месцы. Заробак маладым людзям прапануюць ад 1400 да 4200 рублёў. Гэта можа быць як пастаяннае месца работы на поўны дзень, так і чатырохгадзінны працоўны дзень, калі трэба сумяшчаць работу з вучобай. 

Дарэчы, у прадпрыемства вялікі вопыт работы з моладдзю — штогод тут працуюць студатрады з усёй краіны. Студэнты, якія вучацца ў другую змену, працуюць па чатыры гадзіны. Для маладых людзей гэта нядрэнны дадатак да стыпендыі і першы працоўны вопыт. 


Пастаянныя месцы для моладзі прапануе на кірмашы і прадпрыемства «Мінсктранс». Гэта кіроўцы аўтамабіля катэгорыі D. А перападрыхтоўку з катэгорыі B або C на D можна прайсці непасрэдна на прадпрыемстве. Пры гэтым суіскальнік павінен быць не малодшым за 21 год. Пры гэтай жа ўмове прапануецца вучоба на кіроўцу тралейбуса. 

— Гэта менавіта тыя прафесіі, якія сёння ў нас запатрабаваны. А для падпрацоўкі студэнтам, якія яшчэ вучацца ў навучальных установах, мы прапануем работу кантралёрам пасажырскага транспарту, прыбіральшчыкамі памяшканняў, прыбіральшчыкамі тэрыторыі. Кантралёры ў нас зарабляюць ад 1800 да 4000 рублёў. 1800 — гэта аклад, а далей 60% ад кожнай выпісанай штрафной квітанцыі, — расказвае вядучы спецыяліст па кадрах аддзела кадраў адміністрацыі дзяржаўнага прадпрыемства «Мінсктранс» Наталля ПАЖЫТОК.

На прадпрыемстве таксама актыўна працуюць са студатрадамі з вядучых ВНУ — БДУ, БДПУ імя М.Танка, БДМУ, БНТУ, БДТУ. 

— У мінулым месяцы мы прынялі са студатрада 98 чалавек, якія працуюць у нас кантралёрамі. З педагагічным універсітэтам мы працуем у летні перыяд — набіраем важатых для ведамаснага дзіцячага лагера. Палітыка нашага прадпрыемства ў рабоце з моладдзю накіравана больш на тое, каб хлопцы і дзяўчаты разумелі, што такое працоўныя месцы, каб акрамя вучобы ў іх за плячыма быў і першы працоўны вопыт, — адзначае Наталля Пажыток. 

Сярод наведвальнікаў сталічнага кірмашу нямала школьнікаў, якія шукаюць падпрацоўку на лета. Сярод іх і вучаніца 28-й сярэдняй школы Мінска дзевяцікласніца Вераніка Трухан. Яе цікавяць вакансіі ва ўстановах грамадскага харчавання і гандлю — дзяўчына хацела б уладкавацца афіцыянткай, касірам ці на выкладку тавараў. Пасля заканчэння 9 класа яна плануе паступаць у фінансава-эканамічны каледж і, магчыма, сумяшчаць вучобу і працу. 


Такія ж планы на сумяшчэнне працы і вучобы ў будучыні ў трэцякурснікаў педагагічнага ўніверсітэта Івана і Захара. Мінулым летам у рамках практыкі яны працавалі ў дзіцячых лагерах і ў школе, а гэтым летам хацелі б пайсці на завод — паспрабаваць і, калі атрымаецца, працягваць работу ў час вучобы. 

Вакансіі для маладых людзей, у тым ліку для непаўналетніх даступныя на партале службы занятасці. Актыўна садзейнічае ў працаўладкаванні і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі: тут фарміруюць студэнцкія атрады, у якія могуць трапіць навучэнцы.

Таму калі вы яшчэ не вызначыліся з месцам занятасці на лета, можна, звярнуўшыся альбо ў службу занятасці, альбо ў навучальную ўстанову ці раённае аддзяленне БРСМ, знайсці прыдатную працу. Пры гэтым наведаўшы сайт службы занятасці, можна звязацца напрамую з наймальнікам і прайсці сумоўе.


Алена КРАВЕЦ

Фота Ксеніі ЛІННІК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю