Top.Mail.Ru

Мінсельгасхарч: Калі не абслугоўваць меліярацыйныя сістэмы 5—10 гадоў, усе іншыя выдаткі ў АПК дарэмныя

Меліярацыя — прынцыповае пытанне для Прэзідэнта. Яна непасрэдна ўплывае на развіццё аграпрамысловага комплексу краіны і нездарма знаходзіцца на асабістым кантролі кіраўніка дзяржавы. Рашэнне аб падтрыманні меліярацыйнага комплексу ў спраўным стане — адзіна правільнае для Беларусі. Ад гэтага залежыць не толькі харчовая бяспека, але і сацыяльная сфера, бо меліярацыя ўплывае на наяўнасць працоўных месцаў, дарог, сувязі... Як цяпер развіваецца галіна, расказалі спецыялісты.


Захаванне эфектыўнага выкарыстання наяўнага меліярацыйнага патэнцыялу з’яўляецца найважнейшай безальтэрнатыўнай стратэгіяй развіцця Беларусі, падкрэсліў начальнік аддзела меліярацыі і радыялогіі галоўнага ўпраўлення інвестыцый, будаўніцтва і меліярацыі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей НАЗАРУК.

«Біякліматычны патэнцыял краіны дазваляе атрымліваць на меліяраваных землях 80–100 цэнтнераў кармавых адзінак з гектара, што пацвярджаецца палявым эксперыментам і вопытам перадавых гаспадарак, — прывёў прыклад Сяргей Назарук. — На землях з адрэгуляваным водным рэжымам ураджай траў на сена складае 60–100 цэнтнераў з гектара, у той час як на забалочаных глебах ён вар’іруецца ад 10 да 15 цэнтнераў. Усё гэта стварае патэнцыял для росту ў мяса-малочнай жывёлагадоўлі».
3-49 копия (1).jpg

 «Для эфектыўнага выкарыстання неабходна пастаянная рэалізацыя на дзяржаўным узроўні праграм па меліярацыі. Найважнейшае пытанне — своечасовасць і паўната фінансавага забеспячэння закладзеных у праграму паказчыкаў. Неабходнасць фінансавай падтрымкі работы меліярацыйных сістэм звязана з тым, што пры неадрэгуляваным водным рэжыме, гэта значыць пры адсутнасці абслугоўвання сістэм на працягу 5–10 гадоў, усе іншыя выдаткі ў аграпрамысловым комплексе, напрыклад, на тэхніку, угнаенні, сродкі аховы раслін, страчваюць сваю эфектыўнасць», — дадаў супрацоўнік Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.

Меліярацыйная сістэма нашай краіны ўяўляе сабой комплекс збудаванняў, які складаецца са 160 тысяч кіламетраў каналаў, амаль 1 мільёна кіламетраў дрэнажу, звыш 87 тысяч гідратэхнічных збудаванняў. Ён паступова зношваецца, таму для падтрымання ў рабочым стане мае патрэбу ў рамонце і рэканструкцыі.

«Калі супастаўляць рэканструкцыю меліярацыйных сістэм з іх узвядзеннем, рэканструкцыя, безумоўна, больш капіталаёмістая. У сувязі з гэтым галоўная задача на дадзены момант — максімальнае павелічэнне перыяду службы меліярацыйнай сістэмы да наступнай рэканструкцыі за кошт эфектыўнай эксплуатацыі», — адзначыў Сяргей Назарук.

З прычыны працяглага тэрміну службы (40 і больш гадоў) многіх меліярацыйных сістэм у нашай краіне (аб чым сведчаць вынікі праведзенай у 2024 годзе інвентарызацыі) рэканструкцыю меліярацыйнага комплексу неабходна праводзіць на плошчы каля 400 тысяч гектараў. З улікам выкананых у 2024-м і запланаваных на гэты год работ на наступную пяцігодку захаваецца задача па рэканструкцыі сістэм прыкладна на 284 тысячах гектараў.

Па словах дырэктара Інстытута меліярацыі НАН Беларусі Аляксандра АНЖАНКОВА, ва ўстанове распрацоўваюцца новыя гідратэхнічныя збудаванні і сістэмы меліярацыі. Напрыклад, такія канструкцыі, як выбарачны дрэнаж: «Усе яны накіраваны на адну мэту — выкананне дзяржаўных праграм па рэканструкцыі і абслугоўванні меліярацыйных сістэм».

Яна ВАЛАСАЧ.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю