Да Новага года і Калядаў у Беларусі бясплатна раздадуць каля 1000 елак і соснаў. Каму яны дастануцца, расказала Tochka.by са спаслыкай на Мінлясгас.
У першую чаргу пухнатыя сімвалы святаў упрыгожаць дамы-інтэрнаты для дзяцей, састарэлых і інвалідаў. Акрамя дрэў, установы атрымаюць і іншыя падарункі.
Акрамя таго, акцыя распаўсюдзіцца на дзіцячыя школы і садкі, дзе арганізаваны школьныя і дашкольныя лясніцтвы.
Кіраўнікі лясгасаў асабіста адправяцца да шматдзетных сем’яў работнікаў, у якіх выхоўваюцца пяць і больш дзяцей.
Не забыліся і пра тых, хто ўжо не працуе. Гэта ветэраны і вязні Вялікай Айчыннай вайны, заслужаныя лесаводы БССР і Рэспублікі Беларусь, а таксама ветэраны галіны, якія ўнеслі значны асабісты ўклад у развіццё ўстаноў.
У Мінлясгасе адзначылі, што падобная акцыя праводзіцца ўжо не першы год. У сярэднім у сацыяльныя ўстановы напярэдадні святаў адпраўляюцца каля 1000 елак і соснаў.