Конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік» узнімае важныя тэмы і прывівае дзецям і падлеткам вечныя каштоўнасці, адзначыла кансультант аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Беларусі Радміла Зайцава ў мінскім кінатэатры «Піянер», дзе адкрыўся сёння конкурс, паведамляе БелТА.
«Кінафорум стаў традыцыйным і папулярным не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой па адной простай прычыне. Ён дапамагае прывіваць падрастаючаму пакаленню вечныя каштоўнасці, адкрываць новыя таямніцы ўласнай душы, узнімаючы такія важныя тэмы, як дружба, любоў да радзімы, любоў да бліжняга», — сказала Радміла Зайцава.
Паводле яе слоў, «Лістападзік» не проста конкурс фільмаў. Гэта сапраўднае свята для важных і патрабавальных, самых шчырых — юных гледачоў.
Кансультант аддзела падзякавала ўсім стваральнікам фільмаў, якія ўдзельнічаюць у фестывалі, за ўвасабленне ў творчай форме кінематографа сапраўды важных і актуальных тэм.
Старшыня прафесійнага журы, рэжысёр, лаўрэат XXIX Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» Маніш Цівары (Індыя) са сцэны адзначыў, што для яго вялікім гонарам з’яўляецца ўдзел у гэтым фестывалі. Ён адзначыў, што некаторыя з юных гледачоў, якія прыйшлі сёння на адкрыццё, у будучым змогуць прафесійна працаваць у сферы кінематографа.
Старшыня дзіцячага журы «Лістападзіка», навучэнец 8-га класа СШ нумар 51 Мінска, акцёр, які сыграў, адну з галоўных роляў у фільме «Класная», Дзяніс Серыкаў заўважыў, што не першы раз узначальвае дзіцячае журы на конкурсе для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі. «Калі зноў запрасілі паўдзельнічаць, я падумаў, што цікава будзе атрымаць такі вопыт другі раз. Будзем старацца ацэньваць максімальна аб’ектыўна па самых важных крытэрыях», — сказаў ён.
У конкурснай праграме «Лістападзіка» ў гэтым годзе прадстаўлена шэсць фільмаў з пяці краін. Прычым пяць карцін-намінантаў — удзельнікі міжнародных конкурсаў і фестываляў.