Top.Mail.Ru

«У кожнага з вас працы будзе дастаткова»

Падрабязнасці кадравага дня ў Палацы Незалежнасці


У чацвер Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў шэраг кадравых прызначэнняў. Сярод іх — новыя кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, кіраўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў краіны, а таксама кіраўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. 

«Ёсць будоўля, ёсць будаўніцтва — развіваецца краіна»

Вадзім Альшэўскі, які да гэтага часу займаў пасаду намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама, прызначаны на пасаду міністра архітэктуры і будаўніцтва. 

Звяртаючыся да новага міністра, кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ў гэтай галіне мы можам рабіць усё, але дзесьці нешта недарабляем, недацягваем. «Я хацеў бы, каб міністэрства грунтоўна працавала і заняло сваё годнае месца ў сістэме органаў улады ў Беларусі. Вы павінны бачыць і кантраляваць усё, што адбываецца ў галіне будаўніцтва. Тым больш што вы ідзяце з вобласці (Вадзім Альшэўскі на пасадзе намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама курыраваў пытанні будаўніцтва, транспарту і ЖКГ. — «Зв.»), ведаеце сістэму. Я на вас вельмі разлічваю, — сказаў Прэзідэнт. — Таму што ёсць будоўля, ёсць будаўніцтва — развіваецца краіна. Калі нічога не будуем, ну якое развіццё? Можам колькі заўгодна гаварыць, але развіцця гэтага не будзе. Дадаваць у асноўным мы можам у краіне толькі за кошт будаўніцтва. Калі гэта ёсць, значыць, краіна жыве». 


Вельмі важнай задачай галіны, дадаў Прэзідэнт, з’яўляецца і экспарт будаўнічых паслуг. «Будаўнічыя матэрыялы мы вырабляем, будаваць, як я сказаў, умеем. Таму, наколькі гэта магчыма, экспарт будаўнічых паслуг трэба ажыццяўляць, але не на шкоду Беларусі, — паставіў задачу беларускі лідар. — Мы раней радаваліся таму, што можам паехаць кудысьці і нешта там пабудаваць. Сёння ў нас занятыя на будоўлі практычна ўсе людзі, і не заўсёды хапае людзей, каб іх вывезці і дзесьці будаваць. Але трэба старацца, трэба аказваць інжынерныя нейкія паслугі, трэба спецыялістаў накіроўваць». 

Кіраўнік дзяржавы прывёў у прыклад паспяховы вопыт супрацоўніцтва з расійскімі рэгіёнамі, дзе нашы будаўнікі ўзводзяць і школы, і жылыя дамы: «Глядзіце самі, як лепш дзейнічаць, — самі пабудавалі, або разам з мясцовымі будаўнікамі, або яны пабудавалі, але пад нашым кіраўніцтвам, зыходзячы з наяўнасці працоўных рэсурсаў у Беларусі».

«У лесе павінен быць парадак»

Генеральны дырэктар Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Сяргей Ульдзіновіч заняў пасаду на міністра лясной гаспадаркі.

Ставячы задачы новаму міністру, Прэзідэнт адзначыў: «Маё стаўленне да прыроды вядомае. Я вырас фактычна ў лесе і на прыродзе. Таму спакойнага жыцця вам не будзе. Улічваючы вашу працу ў лясгасе, я вельмі спадзяюся, што, ведаючы цалкам гэту сістэму і ўдзельнічаючы ў яе фарміраванні, вы яе закруціце як належыць», — выказаў упэўненасць кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў новаму кіраўніку ведамства зыходзіць з таго, што ёсць. «Перабудоўвайце сістэму, але ў лесе павінен быць парадак», — агучыў сваё патрабаванне Прэзідэнт. 

Ён звярнуў увагу, што часам у краіне не заўсёды своечасова прыбіраюць і перапрацоўваюць лес. Гэта датычыцца як планавых высечак, так і бураломаў пасля непагадзі: «Лес жа для таго і гадуюць, каб праз 80, 90 або 60 гадоў яго высечы і пусціць у справу для будаўніцтва жылля або мэблі, дапусцім. Я шмат разоў рабіў заўвагі з нагоды ветравальна-бураломных праблем. Клімат такі: дзесьці замачыла, а потым яшчэ і шалёныя вятры павалілі гэтыя дрэвы. Ну дык трэба прыбіраць своечасова. Трэба мабілізоўвацца. Я ведаю, што для гэтага ў вас сваіх людзей не хапае. Уносьце прапановы. І ў вас план павінен быць: куды, колькі, якіх людзей накіраваць, каб своечасова прыбраць і гэты лес не сапсаваўся. Трэба ўсё гэта перапрацоўваць». 


Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў свой час вельмі насцярожана паставіўся да прапаноў забраць у Мінлясгаса дрэваперапрацоўку, пакінуць толькі лесааднаўленне, кантроль за лесам. «Але я тады падумаў: вы, напэўна, лепш за іншых ведаеце, што такое лес, дзе там трэба нешта прыбраць, падабраць і зрабіць... І не шкадую. Вы сёння робіце ўсё: і дамы будуеце, і для будаўніцтва вырабляеце рознага роду матэрыялы, людзі занятыя. Таму няма неабходнасці нешта адбіраць і забіраць — трэба проста даналадзіць сістэму. Вы яе добра ведаеце, вы ўдзельнічалі ў яе фарміраванні. І дзейнічайце. Па-гаспадарску дзейнічайце», — арыентаваў беларускі лідар.

Прэзідэнт таксама нагадаў аб неабходнасці развіваць вытворчасць пелет. Яшчэ адзін акцэнт — на лесааднаўленні: «Апошнім часам праз сродкі масавай інфармацыі мы ўсё ж такі народ павярнулі да таго, што прырода — гэта рэсурс аднаўляльны. Калі ты выпілаваў лес, лесасеку, зрабіў нават санітарныя высечкі, трэба падсаджваць лес».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь — тэхналагічна развітая краіна, якая ўмее рабіць усё, аднак вельмі важна захаванне дысцыпліны. Гэта яшчэ адно пытанне, на якое новаму міністру неабходна звярнуць увагу.

«Ураджай стаіць у палях выдатны — яго трэба выхапіць»

Кіраўнік дзяржавы ўзгадніў прызначэнне шасці кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Так, Сяргей Мядзвецкас стаў першым намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама, Аляксандр Максімчук — намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама (пытанні будаўніцтва, транспарту і ЖКГ), Руслан Жукоўскі — старшынёй Астравецкага райвыканкама, Віталь Шулейка — старшынёй Слонімскага райвыканкама, Ігар Аверка — старшынёй Шчучынскага райвыканкама, Уладзіслаў Гершгорын — кіраўніком адміністрацыі Ленінскага раёна горада Гродна.

Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што кіраўнікам на месцах трэба будзе ўдзяліць сур’ёзную ўвагу пытанням сельскай гаспадаркі. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі складваюцца даволі спецыфічныя ўмовы надвор’я, і выказаў надзею, што ў бліжэйшы час сітуацыя стабілізуецца. Разам з тым разлічваць, што надвор’е зменіцца кардынальна, не варта. «Спадзявацца, што нас перастане заліваць, не варта. Але ўсё роўна, пагадзіцеся, што гэта лепш, чым 43-45 градусаў, — звярнуўся беларускі лідар да кіраўнікоў мясцовых органаў улады. — Уся Еўропа знемагае ад спёкі».


Ён адзначыў, што цяпер у палях сфарміраваўся добры ўраджай, які трэба ўбраць, нягледзячы на спецыфічныя ўмовы надвор’я. «Ураджай стаіць у палях выдатны — яго трэба выхапіць. Не проста ўбраць — выхапіць, дзесьці падсушыць, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Патрэбна адпаведная тактыка. Трэба, каб сялянам дапамаглі і гараджане, і ўсе, хто толькі можа».

Пры гэтым ураджай трэба не толькі ўбраць, але і захаваць. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы зноў звярнуў увагу на неабходнасць забяспечыць надзейнасць сушыльнай гаспадаркі. «Зернетакі, сушылкі павінны быць у нармальным стане. Гэта і сартаванне, і сушка збожжа, — дадаў ён. — І рыхтаваць глебу для сяўбы азімых культур, азімага рапсу. Для аграрыяў працы вельмі шмат».

«Не спяшайцеся, не трэба з калена нічога ламаць»

«Што датычыцца пытанняў будаўніцтва і ЖКГ, гэта самыя цяжкія пытанні, і скаргаў людзей тут вельмі шмат, — звярнуўся Прэзідэнт да Аляксандра Максімчука. — Я разлічваю, што ў вас будзе там усё ў парадку. Брэст заўсёды адрозніваўся парадкам, дысцыплінай. І якраз з будаўніцтвам (пытанняў. — „Зв.“) у Брэсцкай вобласці ў нас ніколі не было». 

«Гродна — гэта горад-прыгажун, гэта люстэрка, вітрына нашай краіны. Захад, прыязджаючы ў Гродна, бачыць тую прыгажосць і той парадак, які там існуе, — адзначыў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да новага намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама. — Вельмі вас папрасіў бы, каб вы не баяліся і падказвалі генералу (старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрыю Караеву. — „Зв.“). Ён у нас генерал, ваенны чалавек, яму давялося асвойваць сельскую гаспадарку, ЖКГ, будаўніцтва... Трэба адкрыта выказваць сваю пазіцыю, свой пункт гледжання, дзе можаце дапамагчы — дапамажыце».

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ўсе кіраўнікі на месцах таксама павінны самі праяўляць ініцыятыву і не сядзець на месцы. «Я вас вельмі прашу: паглядзіце, з кім вы будзеце працаваць. Не спяшайцеся, не трэба з калена нічога ламаць. Улада павінна быць разумнай перш за ўсё, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Але калі вы бачыце, што не можаце з людзьмі працаваць, таму што яны не хочуць працаваць, — усе метады вызначаны. Калі самі не справіцеся, кажыце, што з імі рабіць — будзем рабіць».

«Трэба, каб тэхналагічная дысцыпліна была і ў фінансах, і ў полі»

Прэзідэнт таксама выказаўся аб неабходнасці выканання тэхналагічнай дысцыпліны. «Яшчэ раз — дысцыпліна і дысцыпліна, але не палачная. Гэта няправільна. Дысцыпліна перш за ўсё тэхналагічная. Паложана ў гэтыя тэрміны пасеяць — трэба пасеяць. Паложана ўбраць — трэба ўбраць. Гэта не мы дыктуем ад сябе, такія тэхналогіі сёння», — звярнуўся Прэзідэнт да кіраўнікоў мясцовых органаў улады.


У якасці аднаго з прыкладаў адсутнасці дысцыпліны Аляксандр Лукашэнка прывёў безадказнае захоўванне азотных угнаенняў. Часам такія ўгнаенні проста ляжаць пад адкрытым небам і псуюцца. «Яны растануць на працягу сутак пад дажджом», — заўважыў ён.

Прэзідэнт указаў таксама на недапушчальнасць безгаспадарчага стаўлення да дарагой тэхнікі, перш за ўсё сельскагаспадарчай: «Патрабую, каб на дарагую тэхніку былі людзі. Тады гэтыя трактары або камбайны трэба купляць. Цяпер гэта не тая тэхніка, якая была раней і каштавала капейкі. Цяпер усё гэта прыстойна каштуе».

«Трэба, каб тэхналагічная дысцыпліна была і ў фінансах, і ў полі, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Але каб запатрабаваць дысцыпліну, трэба стварыць сістэму. У вас павінна быць выразная сістэма. Я вас прашу: акуратна, не спяшаючыся, прыйшлі, пачалі працаваць. Ламаць праз калена не трэба, але вызначыцеся да канца года, прынамсі, з кім вы будзеце працаваць. Цяпер вы ў баі разам з імі. Якраз уборка пачалася для аграрыяў. Для будаўнікоў штурм цяпер асноўны, каб завяршыць будаўнічыя планавыя аб’екты. У кожнага з вас працы будзе дастаткова».

«Галоўнае, каб было жаданне працаваць»

У размове з новымі кіраўнікамі мясцовых органаў улады Прэзідэнт закрануў тэму аб прыцягненні работнікаў з Узбекістана. Па яго словах, з гэтай нагоды паднялася «цэлая бура». «Ах, вось узбекаў бяруць»... Я ім: не трэба, мы нікога браць не будзем. Але тады нам трэба ўпірацца і працаваць», — звярнуў увагу беларускі лідар. 

Ён зазначыў, што ў шэрагу рэгіёнаў часам не хапае людзей. Раёны, якім патрабуюцца працоўныя рукі ў тых ці іншых сферах, могуць запрасіць туды адпаведных працаўнікоў з Узбекістана: «Калі там не хапае людзей, вы вылучыце таго, каго трэба. Гэта і Гродзенскай вобласці датычыцца, асабліва паўночных рэгіёнаў: Астравец там і гэтак далей. І там патрэбныя людзі. Ну там, дзе не трэба, — не бярыце. Ніхто нікога не прымушае. Кіраўнікі і старшыні райвыканкамаў, гэта значыць вы, павінны вырашыць: столькі чалавек на такія пасады». 

Пры гэтым, прадоўжыў кіраўнік, не трэба чакаць, што прыедуць вялікія спецыялісты. «Яны і там дзесьці працаўладкаваныя. Некаторых трэба проста давучыць, навучыць. Але галоўнае, каб у яго (у работніка, які прыехаў з Узбекістана. — „Зв.“) было жаданне працаваць. Вы гэта павінны дакладна разумець», — арыентаваў кіраўнікоў на месцах беларускі лідар. 


Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падзяліўся падрабязнасцямі сваіх перагавораў і дэталямі дамоўленасцяў, якія былі дасягнутыя падчас іх сустрэчы з Прэзідэнтам Узбекістана. «Размова ішла аб тым, што яны прыедуць (працоўныя мігранты. — „Зв.“), мяса, малако тут вырабяць. Прэзідэнт (Узбекістана. — „Зв.“) малайчына, даўно мы з ім сябруем. Ён дае грошы на інвестыцыі, на будаўніцтва комплексаў жывёлагадоўчых, сянажных траншэй — на тое, што ім трэба. На перапрацоўку. Інвесціруе, дае людзей, якія будуць тут працаваць, зарабляць. Прыязджайце — уладкоўвайцеся. Вось вам адукацыю дзеткам, калі хочаце. Вось вам ахова здароўя, жыллё. Гэта таксама грошы. А калі вы прыехалі толькі зарабіць і нават па-добраму дадому даслаць, — гэта іншая сітуацыя», — падкрэсліў беларускі лідар. 

«Дзяржсакратарыят павінен займацца ўсімі сілавымі падраздзяленнямі»

Кіраўнік дзяржавы таксама зрабіў кадравыя прызначэнні ў структуры Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Актуалізаваны і канкрэтызаваны задачы па дзейнасці ведамства. Прэзідэнт зрабіў асаблівы акцэнт на ўзмацненні каардынуючай ролі Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі і асабіста дзяржсакратара.

«Мы трошкі Камітэт дзяржбяспекі перафарматуем у плане ўзмацнення Дзяржсакратарыяту і ўздзеяння, уплыву на КДБ», — заявіў беларускі лідар. Звяртаючыся да дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Аляксандра Вальфовіча, растлумачыў: «Так, як у асноўным у цябе зараз будуюцца з ваеннымі ўзаемаадносіны. Таму што ты сам ваенны. Гэта і добра. І тут ты як рыба ў вадзе. Крыху менш з МУС, але прасцей. А КДБ — гэта быццам бы тэра інкогніта».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў гэтым сэнсе ў Дзяржсакратарыяце нельга выпускаць з поля зроку і Камітэт дзяржбяспекі. Аляксандр Вальфовіч у сувязі з гэтым адзначыў, што цяпер яго першы намеснік у Дзяржсакратарыяце Савета Бяспекі — генерал КДБ.


«Гэта добра, што ён першы намеснік. Дык ён намеснік. А я гавару пра Дзяржсакратарыят», — заўважыў на гэта Прэзідэнт Беларусі.

«Я хачу, каб вы разумелі, што роля дзяржаўнага сакратара і Дзяржсакратарыята будзе ўзмоцненая, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Ясна, што ёсць дэталі і нюансы (гэта старшыня КДБ ведае), якія дакладваюцца толькі Прэзідэнту. Знешняя разведка, агентура, рэзідэнтура і іншае. Але гэта толькі Прэзідэнт павінен ведаць. Гэта не павінна распаўсюджвацца, расцякацца і гэтак далей. Ёсць спецыфічныя пытанні, па якіх дакладваецца інфармацыя і атрымліваецца згода або адабрэнне, або нейкая задума, нейкая праграма. Але арганізацыйныя пытанні, кадравыя пытанні, дзе трэба абмеркаваць нешта. Ну і прыглядаць павінен дзяржсакратар і Дзяржсакратарыят. Так, як урад міністэрствамі займаецца, так Дзяржсакратарыят павінен займацца ўсімі сілавымі падраздзяленнямі. І дакладваць Прэзідэнту». 

Але гэта не значыць, што ў беларускага лідара цяпер не будзе прамых кантактаў з міністрам абароны або тым больш са старшынёй КДБ, які напрамую падпарадкаваны Прэзідэнту. «Ёсць прамыя адносіны, я за гэтым вельмі сачу, таму што ваенныя людзі ў пагонах вельмі самалюбныя. І гэта зона адказнасці Прэзідэнта. Я часта гавару дзяржсакратару: ты памочнік Прэзідэнта па гэтых пытаннях. Але, нягледзячы на гэта, як дзяржсакратара твая роля будзе ўзмоцнена з сённяшняга дня, чаму я вас і запрасіў, каб вы гэта разумелі. Без усялякіх празмернасцяў», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Дарэчы 

Пасля разгляду кадравых пытанняў Прэзідэнт заслухаў даклад дзяржсакратара Савета Бяспекі і старшыні КДБ. Даклад Аляксандра Вальфовіча і і Івана Тэртэля датычыўся пытанняў абароны і бяспекі Беларусі, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

«Аснова ўжо закладзена»

Кадравыя прызначэнні закранулі і дыпламатычныя місіі. Юрый Нікалайчык прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Мазамбік па сумяшчальніцтве. Ён таксама ўзначальвае беларускую дыпмісію ў Зімбабвэ. А Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Таджыкістан прызначаны Аляксандр Худалееў, які да гэтага займаў пасаду першага намесніка міністра па надзвычайных сітуацыях. 

Аляксандр Лукашэнка арыентаваў Аляксандра Худалеева штогод дабаўляць у развіцці супрацоўніцтва з Таджыкістанам, адзначыўшы, што гэта вельмі дружалюбная нам краіна. «У мяне вельмі добрыя адносіны з Эмамалі Шарыпавічам (Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам. — «Зв.»). Так што адпачываць вам там не давядзецца. Хоць, павінен шчыра сказаць, — не праблемная краіна (у пытанні развіцця супрацоўніцтва. — «Зв.»). І аснова там ужо закладзена. Трэба паціху дадаваць. Хаця б па адным невялікім праекце штогод. Стратэгія там выпрацавана. Вельмі хацелася б, каб так па-мужчынску, па-вайсковаму (выбудоўвалася работа. — «Зв.»), як у вас часта бывала ў міністэрстве, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. 

Даслоўна

У размове з журналістамі міністр лясной гаспадаркі Сяргей Ульдзіновіч адзначыў: «Прэзідэнтам былі дакладна вызначаны і пастаўлены задачы. Гэта пытанні лесааднаўлення, навядзення парадку ў лесе, своечасовая прыборка бураломных насаджэнняў пасля моцных ураганных вятроў. І, вядома ж, — гэта работа па дысцыпліне, па навядзенні парадку на іншых вытворчых аб’ектах. Гэта выпуск прадукцыі, тавараў народнага спажывання — таго, што нашы людзі могуць атрымаць з той драўніны, якая расце ў нашай краіне. Ёсць бачанне, разуменне працы. Таму я думаю, што з гэтымі задачамі мы будзем спраўляцца з улікам таго, што ў галіне працуе дастатковая колькасць прафесіяналаў і неабыякавых людзей».  

Паводле слоў міністра архітэктуры і будаўніцтва Вадзіма Альшэўскага, сітуацыя ў будаўнічым комплексе даволі стабільная: «Сёння будаўнікамі вырашаюцца задачы па ўзвядзенні жылля. Па выніках паўгоддзя ўжо ўвялі 1 мільён 663 тысячы „квадратаў“ па краіне. Гэта нядрэнная лічба. Гадавая задача — 4 мільёны 200 квадратных метраў жылля. Сёння будаўнічы комплекс забяспечвае стабільную работу, і мы выйшлі на поўны ўзровень загружанасці і на поўны ўзровень будаўніча-мантажных работ».  

Асаблівую ўвагу ведамства будзе надаваць вытворчасці будаўнічых матэрыялаў. «Тут трэба папрацаваць і асаблівую ўвагу ўдзяліць нашым рынкам збыту», — адзначыў міністр архітэктуры і будаўніцтва.  

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Таджыкістан Аляксандр Худалееў у размове з журналістамі прызнаўся, што пасля гутаркі з кіраўніком дзяржавы яшчэ больш стаў упэўненым у тым, што павінен яшчэ паслужыць Радзіме, прынесці карысць, дамагчыся выніку, паказаць сваю працу, у тым ліку ў іншай сферы.  

«Прэзідэнт паставіў задачу — я забяспечу яе выкананне, — запэўніў дыпламат. — Я не раз бываў у Таджыкістане, у тым ліку па родзе сваёй службы, дастаўляў гуманітарную дапамогу народу Таджыкістана, размаўляў з кіраўніцтвам краіны, віцэ-прэм’ерам, са сваімі калегамі. Там у мяне ўстанавіліся сяброўскія ўзаемаадносіны. Я думаю, гэта дапаможа прасоўваць інтарэсы Рэспублікі Беларусь у Таджыкістане».


Новы старшыня Астравецкага райвыканкама Руслан Жукоўскі расказаў журналістам, што давераны яму раён пастаянна прырастае людзьмі і кадрамі. Паводле яго слоў, гэта звязана з развіццём інфраструктуры, добраўпарадкаваннем і стварэннем новых зон адпачынку. Акрамя таго, стаўка робіцца і на развіццё турыстычнага патэнцыялу.  

Закранаючы тэму ўборачнай кампаніі, Руслан Жукоўскі канстатаваў, што сёння ў раёне паспяхова функцыянуюць 5 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, дзякуючы якім Астравец уваходзіць у топ-3 раёнаў-лідараў па Гродзенскай вобласці.  

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю