Top.Mail.Ru

Міністр замежных спраў назваў умову сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і ЗША

Перагаворы не павінны праходзіць дзеля перагавораў


Для сустрэчы лідараў Беларусі і ЗША патрэбны вельмі добры субстантыў, які можна закласці ў двухбаковыя дамоўленасці. Аб гэтым міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў заявіў у інтэрв’ю РІА Навіны, тэкст якога апублікаваны на сайце беларускага знешнепалітычнага ведамства.

«Мы сапраўды разглядаем сустрэчу прэзідэнтаў у практычнай плоскасці, і для гэтага робяцца адпаведныя крокі. Было запрашэнне ад Прэзідэнта Трампа ў адрас нашага

Прэзідэнта ўзяць удзел у Савеце міру, які праводзіўся ў ЗША. Але, ведаеце, шэраг тэхнічных пытанняў проста не дазволіў нам гэтага зрабіць. І справа не ў амерыканскім боку, а ў тым, што сёння даляцець з Беларусі да Злучаных Штатаў Амерыкі даволі складана з улікам санкцый, якія Еўрапейскі саюз наклаў персанальна на Прэзідэнта і на пралёты нашых самалётаў», — расказаў Максім Рыжанкоў.

Акрамя таго, адзначыў міністр, неабходна разумець, што сустрэча двух лідараў павінна «выспець». Гэта значыць, перагаворы не павінны праводзіцца толькі дзеля перагавораў, каб у кіраўнікоў дзяржаў была магчымасць проста пагаварыць.

«Неаднаразова праз пасланнікаў Трампа нашаму Прэзідэнту перадаваліся спецыяльныя пасланні. Былі і ў адказ, вельмі добразычлівыя меседжы, тэлефонныя размовы паміж прэзідэнтамі дзвюх краін. Гэта значыць, кантакт ёсць, але, каб правесці сустрэчу, патрэбны вельмі добры субстантыў, які можа быць закладзены ў нейкія дамоўленасці, што потым будуць рэалізоўвацца бакамі і наблізяць вырашэнне ўсіх пытанняў, патрэбных і нам, і амерыканскаму боку, — падкрэсліў дыпламат. — Мы да такой сустрэчы адкрытыя. Мы прыкладаем значныя намаганні для таго, каб яна адбылася. Але, зноў жа, не любой цаной. І мы не стаім з працягнутай рукой».

Міністр не стаў выключаць, што такая сустрэча можа адбыцца ў блізкатэрміновай перспектыве: «Вы ж ведаеце і асобу Прэзідэнта Трампа, і асобу нашага Прэзідэнта. Гэта вельмі актыўныя, лёгкія на пад’ём людзі, якія вельмі нядоўга раздумваюць, хутка прымаюць рашэнні і прагназуюць іх наступствы».

Максім Рыжанкоў перакананы: любой дзяржаве важна падтрымліваць кантакты і мець канструктыўныя адносіны са Злучанымі Штатамі. Таксама як і з Расіяй, Кітаем, Еўрапейскім саюзам.

«Таму для нас была не вельмі прымальнай пазіцыя, калі гэтыя адносіны былі фактычна замарожаныя і ніякага руху па лініі Вашынгтон — Мінск не было наогул», — заўважыў кіраўнік МЗС.

Паводле яго слоў, Беларусь зацікаўлена ў гандлёва-эканамічным і фінансавым узаемадзеянні з ЗША. Амерыканцаў, у сваю чаргу, цікавяць пытанні барацьбы з нелегальнай міграцыяй, трансгранічнымі злачынствамі, незаконным абаротам зброі, наркотыкаў, гандлем людзьмі. «Гэта тыя тэмы, якія для нас з’яўляюцца вызначальнымі пры выбудоўванні супрацоўніцтва», — сказаў міністр.

Што датычыцца імкнення амерыканскага боку вызваліць шэраг зняволеных (Максім Рыжанкоў пры гэтым падкрэсліў, што размова не ідзе пра палітыку: усе гэтыя асобы былі асуджаныя за крымінальныя злачынствы), то, лічыць міністр, гэта, верагодна, выклікана тым, што гэтыя людзі ў свой час дзейнічалі і парушалі закон, атрымліваючы пэўную падтрымку з боку Захаду і разлічваючы на яго садзейнічанне.

«Вядома, для захавання аблічча трэба гэта пытанне таксама вырашаць (амерыканскаму боку. — Заўвага БелТА), — адзначыў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства. — Калі мы гаворым аб людзях, якія сёння вызваляюцца, гэта тыя людзі, якія прабылі ўжо дастатковы тэрмін у месцах зняволення. Многія з іх ужо ўсвядомілі згубнасць сваіх дзеянняў. Іншыя, калі не ўсвядомілі, то, прынамсі, зразумелі, што лепш у такія месцы больш не вяртацца. Калі амерыканскі бок гатовы разам з еўрапейцамі займацца такімі людзьмі за мяжой — калі ласка. Але, як паказвае практыка, вельмі многія з гэтых збеглых, як мы іх называем, якія бралі ўдзел у дзеяннях экстрэмісцкага характару ў нашай краіне, праяўляюць сябе і ў Еўрапейскім саюзе. Кожны дзень мы бачым адтуль пэўны зрэз інфармацыі: нехта некага пабіў, недзе гандаль наркотыкамі, людзьмі, перамяшчэнне нелегальных рэчаў, хуліганства, крадзяжы, бандытызм. Гэта лішні раз паказвае, што яны — не такія белыя і пушыстыя».

У той жа час Максім Рыжанкоў заявіў, што Беларусь не будзе развіваць супрацоўніцтва са Злучанымі Штатамі за кошт адносін з найбліжэйшымі саюзнікамі, перш за ўсё з Расіяй і Кітаем. «Ёсць пэўныя межы, за якія ва ўзаемадзеянні з іншымі дзяржавамі мы ніколі не выйдзем», — падкрэсліў беларускі дыпламат.

Паводле БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю