Фільмам «Класная», які нядаўна выйшаў у пракат, зацікавіліся за межамі краіны. Аб гэтым паведаміў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі, паведамляе БелТА.
Гаворачы аб поспеху праекта, міністр сказаў: «Для таго каб гледача прыцягнуць, гісторыя павінна яму ў сэрцы адгукацца. Па-другое, яна павінна быць вельмі цікава пастаўлена. Яшчэ адзін складнік — асвятленне (у СМІ. — Заўвага БелТА). Я не памятаю такога шырокага асвятлення, як цяпер „Класнай“. Не было такога. І гэта прыносіць вынікі. У нас ёсць першае — добры прадукт і другое — мы пра яго гаворым па ўсёй краіне і не толькі. Ім зацікавіліся ўжо за межамі Беларусі: і ў Расіі, і ў Кыргызстане, і ва Узбекістане».
Наступная стужка, якая рыхтуецца да выхаду на вялікі экран, — фільм «Пераломны момант». Паводле слоў Руслана Чарнецкага, ён не столькі пра спорт, колькі пра маладых людзей, школьнікаў. Сюжэт завязаны на спартыўных спаборніцтвах па акадэмічным веславанні.
«Гэта кіно, якое матывуе і выхоўвае. Мяркуючы па рабочых матэрыялах, бачу, што будзе вельмі добры фільм. Па-новаму зняты, з новым падыходам, больш маладзёжна, больш сучасна. Вось так мы яшчэ не здымалі», — адзначыў міністр.
Таксама Руслан Чарнецкі расказаў аб пераглядзе падыходаў да кінавытворчасці, каб дакументальныя фільмы таксама прыцягвалі ўвагу, асабліва моладзі. Размова ідзе аб сумяшчэнні жанраў дакументальнага і ігравога кіно. Паспяховымі прыкладамі міністр назваў кінадылогію «Нашы сімвалы», дылогіі пра генацыд беларускага народа і анімацыйны фільм «Мемарыяльныя комплексы Беларусі — 2».
Адказваючы на пытанне аб тым, якіх яшчэ навінак варта чакаць ад «Беларусьфільма», Руслан Чарнецкі анансаваў выхад у пракат у 2026 годзе фільмаў «Адно на дваіх» (пра лётчыкаў-герояў Беларусі) і «Бацька Мінай. Партызанская легенда».
Руслан Чарнецкі ўзначальвае Міністэрства культуры амаль год. «Увесь апарат міністэрства — гэта людзі, якія сапраўды любяць сваю справу, культуру», — лічыць ён. Асабліва міністр вылучыў рэгіёны, малыя гарады, дзе захоўваюць і развіваюць самабытную беларускую культуру, прапануюць цікавыя ідэі для фестываляў і праектаў.