У рамках праекта #наПадумаць міністр інфармацыі Марат Маркаў адказаў на пытанне падпісчыка пра падтрымку вытворцаў дзіцячага кантэнту на беларускай мове.
У прыватнасці, у міністра пацікавіліся, а дакладней агучылі прапанову:
«Марат Сяргеевіч, вас нядаўна пыталіся пра канал для дзяцей. А можа, лепш укладвацца ў стварэнне свайго дзіцячага кантэнту, якаснага ўласнага прадукту, які будзе несці нашы культурныя коды і каштоўнасці? Гэта асабліва датычыцца кантэнту на беларускай мове, які ў дэфіцыце. Можна стварыць просты YouTube-канал і размяшчаць там нашы казкі, мультфільмы, пазнавальныя перадачы, каб дзеці набіраліся лексікі, асабліва маленькія. Стымуляваць з’яўленне стваральнікаў такога кантэнту, стварыць дзяржаўную грантавую падтрымку для іх. Гэта б і палегчыла навучанне дзяцей у школе, і дапамагло б крыху падтрымаць беларускую мову, якую дзяржава чамусьці дазволіла „прыватызаваць“ апазіцыі».
Адказ міністра:
— Дзякуй за ваша меркаванне па раней узнятым пытанні. Цяпер па пунктах.
Па-першае. Ваша прапанова цалкам рэальная. Адкрыю сакрэт: у самы бліжэйшы час адбудзецца сумесная калегія двух міністэрстваў з удзелам зацікаўленых, дзе ўвесь спектр пытанняў, звязаных з развіццём вытворчасці і дэманстрацыі дзіцячага кантэнту ў нашай краіне, будзе абмеркаваны і дэталёва прапрацаваны.
Па-другое. Сістэма дзяржаўнай грантавай падтрымкі вытворцаў беларускага кантэнту ў краіне ўжо створана — Указ Прэзідэнта ад 31.03.2022 № 131 «Аб развіцці сродкаў масавай інфармацыі». Мэта дакумента — падтрымка СМІ і развіццё ў краіне беларускага кантэнту. Літаральна. Засталося дастукацца да саміх вытворцаў, каб задача вырабляць дзіцячы кантэнт, а яшчэ і на беларускай мове, стала агульнай справай.
І трэцяе. Не пагаджуся, што дзяржава «дазволіла» прыватызаваць «апазіцыі» беларускую мову. Гледзячы на некаторых лідараў «збеглых» за мяжой, у іх не толькі з беларускай мовай праблемы — у цэлым з мовай.
Ёсць факт. Пры тым, што больш за палову грамадзян краіны, паводле апошняга перапісу, назвалі менавіта беларускую мову роднай, размаўляе на ёй — менш за чвэрць насельніцтва. Мы вельмі талерантныя і ў гэтым пытанні. І гэта нармальна. Як нармальна і тое, што трэба папулярызаваць беларускую мову, не прыгнятаючы ўсе астатнія моўныя групы.
Прыклады як пачатку 1990-х у нас, так і апошніх гадоў на Украіне — наглядныя, каб іх пазбегнуць.
Трэба заўсёды спачатку думаць.
І гэта #наПадумаць.