Top.Mail.Ru
194

Міністэрства ўнутраных спраў далучылася да рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці»

Кіраўнік міліцэйскага ведамства Іван Кубракоў наведаў Мсціслаўскую спецыяльную школу-інтэрнат, над якой вартавыя правапарадку ўзялі шэфства два гады таму, а таксама Магілёўскі спецыялізаваны ліцэй МУС.

Школа-інтэрнат у Мсціслаўлі кожны год прыгажэе дзякуючы дапамозе міліцыянераў. У год свайго 100-гадовага юбілею ўстанова зноў сардэчна сустрэла гасцей у пагонах. Выхаванцы з нецярпеннем іх чакалі, з радасцю дзяліліся сваімі поспехамі і планамі.

«Сюды, у Мсціслаў, мы прыязджаем не як госці, а як сябры, — звяртаючыся да дзяцей, адзначыў Іван Кубракоў. — Усе чакаюць ад Новага года цуду. Калі верыць у чараўніцтва, яно абавязкова адбудзецца! А мы, дарослыя, зробім для гэтага ўсё неабходнае»

Міністр унутраных спраў выказаў удзячнасць педагогам за неабыякавасць і добрыя сэрцы, павіншаваў усіх з надыходзячымі святамі. Ад міліцэйскага ведамства школе-інтэрнату перададзены сертыфікат на каштоўны падарунак. Кожнае дзіця атрымала з рук генерала набор прысмакаў, падарунак ад супрацоўнікаў цэнтральнага апарату МУС для развіцця мастацкай творчасці дзяцей і мяккую цацку — сімвал наступнага года. Па запрашэнні МУС хлопчыкі і дзяўчаткі наведаюць Галоўную ёлку краіны ў Палацы Рэспублікі. 

Наведваючы ў рамках акцыі «Нашы дзеці» Магілёўскі спецыялізаваны ліцэй МУС, Іван Кубракоў азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай установы, яе добраўпарадкаваннем. Міністр выказаў удзячнасць навучэнцам за іх прафесійны выбар і добрую вучобу, выкладчыкам — за прафесіяналізм, а бацькам — за давер. Навагоднія падарункі ад кіраўніка міліцэйскага ведамства чакалі не толькі ліцэістаў, але і ўстанову адукацыі. 

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы МУС

Чытайце таксама: Звяздоўцы падарылі свята дзецям

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю