Top.Mail.Ru
127

Міністэрства аховы здароўя прыведзена ў рэжым павышанай гатоўнасці

Галіновая падсістэма ДСНС (дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый) Міністэрства аховы здароўя з 20.00 8 студзеня прыведзена ў рэжым павышанай гатоўнасці, які будзе дзейнічаць да заканчэння цыклону Улі.


У апошнія суткі нягледзячы на снегапад і шквалісты вецер, усе пацыенты атрымалі неабходную дапамогу. Пад’езды да бальніц і паліклінік расчышчаны ад снегу. У раёнах, дзе было парушана электразабеспячэнне, установы аховы здароўя не пацярпелі.

Як паведамілі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя, яшчэ 8 студзеня для павышэння гатоўнасці арганізацый аховы здароўя да работы ва ўмовах рэзкага пагаршэння надвор’я Міністэрствам аховы здароўя дадзена даручэнне начальнікам галоўных упраўленняў па ахове здароўя абласцей і Камітэта па ахове здароўя Мінска, а таксама ўсім кіраўнікам падпарадкаваных арганізацый, у бліжэйшыя гадзіны прыняць меры па забеспячэнні бесперабойнай работы сістэмы аховы здароўя.

У прыватнасці, была праверана гатоўнасць аўтаномных крыніц электразабеспячэння, узмоцнены дзяжурна-дыспетчарскія службы станцый хуткай медыцынскай дапамогі, прыёмных аддзяленняў медустаноў. Акрамя таго, быў створаны рэзерв брыгад хуткай медыцынскай дапамогі, ад снегу расчышчаліся дарогі і пад’язныя шляхі да ўстаноў аховы здароўя, у першую чаргу да прыёмных аддзяленняў, траўмапунктаў, станцый хуткай медыцынскай дапамогі.

Медработнікі актыўна змагаліся са «снежнай стыхіяй» у Гомельскай, Магілёўскай, Брэсцкай, Мінскай абласцях і Мінску. У некаторых рэгіёнах супрацоўнікі хуткай медыцынскай дапамогі вымушаны былі выклікаць на дапамогу калегаў з МНС і ЖКГ для таго, каб даехаць або дайсці да пацыента, якому патрабавалася меддапамога. «Нягледзячы на снегапад і шквалісты вецер усе пацыенты атрымалі неабходную дапамогу», — падкрэслілі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя, дадаўшы, што цяпер пад’езды да бальніц і паліклінік ужо расчышчаны. Але, улічваючы, што цыклон Улі яшчэ не сышоў з краіны, спецыялісты ўсіх задзейнічаных службаў прадоўжаць знаходзіцца на дзяжурствах, працягнуць ліквідаваць наступствы снегападу, каб забяспечыць бесперабойную работу ўстаноў і доступ пацыентаў.

У сувязі з «халодным» прагнозам сіноптыкаў на бліжэйшыя дні ў прэс-службе нагадалі, што ва ўмовах нізкіх тэмператур важна памятаць аб прафілактыцы пераахаладжэння арганізма і адмаражэнняў. 

Алена КРАВЕЦ.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю