Top.Mail.Ru

Міністэрства адукацыі Беларусі падвяло папярэднія вынікі ўступнай кампаніі 2025 года

Кожны пяты бюджэтнік — мэтавік

Прыёмная кампанія яшчэ не завершана, але набліжаецца да фінішу: скончыўся набор на ўзровень сярэдняй спецыяльнай, 23 жніўня завяршаецца прыём дакументаў на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Па словах начальніка галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргея ПІШЧОВА, у каледжах яшчэ ёсць свабодныя месцы, таму абітурыенты, якія плануюць атрымаць рабочую прафесію, усё яшчэ маюць магчымасць гэта зрабіць. Але і гэта яшчэ не ўсё — у лістападзе-снежні будуць прымаць дакументы ў абітурыентаў, якія плануюць атрымаць адукацыю ў сельскагаспадарчых ВНУ краіны на завочнай форме навучання.

І ўсё ж асноўная колькасць ахвотных атрымаць вышэйшую адукацыю прайшла свой выпрабавальны шлях і цяпер чакае пачатку не толькі новага навучальнага года, але і новай вяхі ў жыцці. Таму цяпер — самы час расказаць пра тое, хто яны, новае пакаленне студэнтаў, якая іх колькасць, і пра асаблівасці сёлетняй уступнай кампаніі.

Кожны чацвёрты — будучы інжынер, а кожны дзясяты — педагог, медык, або работнік АПК

— Перш як пачаць аналізаваць папярэднія вынікі ўступнай кампаніі, я хачу падкрэсліць: яна праведзена ў поўнай адпаведнасці з задачамі, пастаўленымі кіраўніком дзяржавы па забеспячэнні роўных і празрыстых умоў для паступлення матываваных, адораных і падрыхтаваных абітурыентаў, — канстатаваў першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр БАХАНОВІЧ. — Міністэрствам адукацыі сумесна з органамі дзяржкіравання, ВНУ, заказчыкамі кадраў былі створаны ўсе неабходныя ўмовы для якаснай арганізацыі прыёмнай кампаніі. Асноўны вынік прыёму ў ВНУ завяршыўся практычна стапрацэнтным выкананнем плана.

Студэнтамі, па словах першага намесніка міністра, сталі больш за 45,5 тысячы чалавек, з іх будуць вучыцца на бюджэце больш як 30,5 тысячы, на платнай аснове — каля 15 тысяч. Кожны чацвёрты з тых, хто паступіў у ВНУ Беларусі,— гэта будучы інжынер, кожны дзясяты — педагог, медык або работнік аграпрамысловага комплексу.

У топе запатрабаваных

Аналізуючы вынікі ўступнай кампаніі, Аляксандр Бахановіч падкрэсліў, што яна прайшла досыць актыўна.

— Пра гэта сведчаць конкурсы і прахадныя балы, — сказаў ён. — Асаблівая ўвага была ўдзелена прыёму абітурыентаў па спецыяльнасцях, запатрабаваных эканомікай краіны. Гэта, перш за ўсё, кадры для аграпрамысловага комплексу, якія забяспечваюць нашу харчовую, а значыць, і нацыянальную бяспеку. У выніку на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці залічана каля трох тысяч чалавек, і гэта рэкордна высокі паказчык за ўсе апошнія гады. У бягучым годзе ажыццёўлены, зноў жа, рэкордны набор па педагагічным профілі — залічана каля чатырох тысяч чалавек. Выраслі конкурсы на спецыяльнасць «Дашкольная адукацыя».

У якасці прыкладу прадстаўнік адукацыйнага ведамства прывёў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, дзе конкурс склаў 1,4 чалавека на месца. Запатрабаваным аказаўся і філалагічны кірунак. Напрыклад, на беларускую мову і літаратуру конкурс склаў 1,7 чалавека на месца. На кожным профільным факультэце галоўнага ўніверсітэта краіны сёлета набрана па дзве групы будучых настаўнікаў фізікі, матэматыкі, інфарматыкі, біялогіі, хіміі і геаграфіі.

Матываваныя і адораныя

— Істотна ўзрасла колькасць матываваных і адораных маладых людзей, якія дасягнулі высокіх вынікаў падчас навучання ў школах і каледжах і якія хутка зоймуць свае месцы ў аўдыторыях універсітэтаў, — працягвае аналізаваць Аляксандр Бахановіч. — І гэта якасная характарыстыка цяперашняй уступнай кампаніі. 

У шэрагі студэнтаў прыняты 22 пераможцы міжнародных і больш за 270 пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд, каля 4,5 тысячы медалістаў, 1,7 тысячы ўладальнікаў дыпломаў каледжаў з адзнакай, 135 лепшых выпускнікоў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, больш за 20 пераможцаў конкурсаў прафмайстэрства.

— Больш за ўсё медалістаў залічылі ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У топ-5 таксама ўваходзяць БДУІР, БДМУ, БДЭУ і БНТУ. Пераможцы алімпіяд і творчых конкурсаў паступілі ў БДУ, ВДМУ, БДУІР, БДМУ і БДУКМ. Самымі папулярнымі ВНУ сярод уладальнікаў чырвоных дыпломаў каледжаў сталі БДЭУ, БДУІР, ГрДУ ім. Янкі Купалы, БДАМ і БДПУ ім. Максіма Танка, — праінфармаваў Аляксандр Бахановіч і падзяліўся добрымі навінамі ў дачыненні да мэтавікоў: «Пры плане прыёму 6,6 тысячы, дакументы падалі больш за 8 тысяч чалавек. Навучацца па дадзенай траекторыі будзе кожны пяты бюджэтнік».

Расце ўзровень ведаў — растуць конкурсы

Першы намеснік міністра адзначыў і такі факт, як рост конкурсаў і прахадных балаў на спецыяльнасці прыродазнаўчага і інжынернага профіляў.

— Напрыклад, на факультэтах БДУ прыкладной матэматыкі і інфарматыкі і механіка-матэматычным прахадныя балы склалі больш за 350 па ўсіх спецыяльнасцях. Такая ж 

сітуацыя па большасці спецыяльнасцяў у БДУІР, — канкрэтызаваў дзяржслужачы і дадаў, што палепшаны вынікі прыёму абітурыентаў па іншых траекторыях. У 21 рэгіянальную ВНУ на запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці залічана каля 500 пераможцаў універсітэцкіх алімпіяд. 

І гэта ў 1,3 раза больш за мінулы год.

Сучасна і зручна

Каментуючы ўведзеную з гэтага года навацыю — папярэдні анлайн-запіс для падачы дакументаў у ВНУ, прадстаўнік Мінадукацыі адзначыў: «Добрае пачынанне і зручны варыянт як для абітурыентаў, якія маглі зрабіць папярэдні запіс на патрэбную для іх дату і час, так і для членаў прыёмнай камісіі — адсутнічаюць чэргі, абітурыенты прымаюцца раўнамерна ва ўсе дні прыёму». У мінулую ўступную кампанію каля 15 тысяч абітурыентаў — а гэта кожны трэці — скарысталіся паслугай электроннай чаргі.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота: Віктар ІВАНЧЫКАЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю