Top.Mail.Ru
253

Мінфін падрыхтуе дарожную карту па выхадзе беларускіх эмітэнтаў на фондавы рынак Расіі

Міністэрства фінансаў падрыхтуе дарожную карту па выхадзе беларускіх эмітэнтаў на фондавы рынак Расіі. Пра гэта паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення — начальнік аддзела аналізу функцыянавання рынку каштоўных папер Дэпартамента па каштоўных паперах Міністэрства фінансаў Таццяна Грыб падчас вебінара НЦЗПІ, перадае БелТА.



«Ва ўмовах санкцыйных абмежаванняў Міністэрства фінансаў як рэгулятар фондавага рынку робіць усё магчымае, каб забяспечыць дадатковыя магчымасці для беларускіх прадпрыемстваў па інвесціраванні. Гэта адзін з нашых прыярытэтаў, якія таксама замацаваны ў стратэгіі развіцця рынку каштоўных папер да 2040 года. І першы важны крок у дадзеным кірунку — уступленне ў сілу ў жніўні мінулага года пагаднення з Расіяй аб праспектах каштоўных папер. Фактычна гэта міжнародны дагавор, які прадугледжвае ўзаемнае прызнанне эмісійных дакументаў, што суправаджаюць выпускі каштоўных папер. Раней, каб беларускім пазычальнікам можна было прыцягнуць грошы на фондавым рынку Расійскай Федэрацыі, трэба было ажыццяўляць рэгістрацыю двойчы, плаціць двайныя пошліны. Гэта было значна даўжэй, даражэй і складаней. Таму нядзіўна, што некаторыя прадпрыемствы ішлі на стварэнне даччыных арганізацый у Расіі і ажыццяўлялі размяшчэнне каштоўных папер ужо па расійскім заканадаўстве. У беларускай практыцы ёсць прыклады па паспяховым прыцягненні сродкаў на фондавым рынку Расіі», — сказала Таццяна Грыб.

Каб алгарытм дзеянняў быў больш празрысты і зразумелы, Міністэрства фінансаў плануе ў найбліжэйшы час распрацаваць дастаткова падрабязную дарожную карту па выхадзе беларускіх эмітэнтаў на расійскі фондавы рынак з выкарыстаннем механізмаў дадзенага пагаднення. «Ва ўмовах, калі заходнія рынкі для нас закрытыя, зніжэнне адміністрацыйных бар’ераў па выхадзе беларускіх прадпрыемстваў на замежныя фондавыя рынкі з’яўляецца вельмі актуальным. Аб’ём рынку карпаратыўных аблігацый у Расіі ў 43 разы перавышае беларускі карпаратыўны фондавы рынак. Можна ўявіць толькі, якія магчымасці адкрываюцца», — падкрэсліла прадстаўнік Мінфіна.

Механізм размяшчэння каштоўных папер беларускага эмітэнта з дапамогай рэалізацыі гэтага пагаднення будзе вылівацца ў наступны парадак дзеянняў. У першую чаргу прадугледжваецца рэгістрацыя выпуску каштоўных папер і праспекта эмісіі ў нацыянальнага рэгулятара — Міністэрства фінансаў. «Пры гэтым варта адзначыць досыць гнуткі падыход, устаноўлены ў патрабаваннях да праспекта, які можа дадаткова насычацца неабходнымі звесткамі па жаданні самога эмітэнта і прымаючага боку. Адной з важных умоў рэалізацыі пагаднення з’яўляецца абавязковая наяўнасць справаздачнасці па міжнародных стандартах і, адпаведна, аўдытарскага заключэння па дадзенай справаздачнасці. Добрай навіной з’яўляецца тое, што аўдытарскае заключэнне, складзенае беларускай кампаніяй, будзе таксама прызнавацца і на тэрыторыі Расіі. Наступным этапам будзе перавод зарэгістраваных каштоўных папер у дэпазітарную сістэму Расіі. Для гэтага створаны ўсе ўмовы, наладжаны дэпазітарныя масты. Фактычна гэта будзе азначаць даручэнне свайму дэпазітарыю на перавод дадзеных каштоўных папер у расійскую інфраструктуру. І наступным этапам будзе з’яўляцца зварот на любую з расійскіх біржаў, напрыклад Маскоўскую, з неабходным пакетам дакументаў», — праінфармавала Таццяна Грыб.

Да каштоўных папер і эмітэнтаў на Масбіржы прад’яўляюцца патрабаванні ў дачыненні да тэрміну існавання кампаніі, аб’ёму размешчаных каштоўных папер, наяўнасці крэдытнага рэйтынгу, маркетмэйкера, па раскрыцці інфармацыі і г. д.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю