Top.Mail.Ru
58

Мінфін: фінансавая дасведчанасць беларусаў павышаецца

Фінансавая дасведчанасць беларусаў павышаецца. Аб гэтым заявіла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення страхавога нагляду — начальнік упраўлення аналізу і нарматыўна-прававога забеспячэння страхавой дзейнасці Міністэрства фінансаў Наталля Новікава, паведамляе БелТА.


«Беларусь — краіна фінансава дасведчаных грамадзян», — сказала Наталля Новікава.

Штогод у Беларусі заключаецца больш як 11 млн дагавораў страхавання, і гэта лічба прадаўжае расці. «Гэта сведчыць аб тым, што як арганізацыі, так і грамадзяне ўсведамляюць важнасць і неабходнасць страхавой абароны і выкарыстоўваюць гэтыя інструменты, каб стварыць сваю падушку бяспекі, абараніцца ад фінансавых страт у непрадбачаных сітуацыях. Веды ў галіне страхавання — састаўная частка фінансавай дасведчанасці насельніцтва», — адзначыла прадстаўнік Мінфіна.

Выканаўчы дырэктар Беларускай асацыяцыі страхоўшчыкаў Яўгенія Шаніна паведаміла, што страхавы рынак актыўна падтрымлівае агульнарэспубліканскую кампанію па павышэнні фінансавай дасведчанасці насельніцтва. «У гэты бесперапынны працэс уключаны многія ўдзельнікі — ад страхавых арганізацый, у тым ліку Беларуская асацыяцыя страхоўшчыкаў, да нашых партнёраў у асобе Беларускага бюро па транспартным страхаванні. Праводзіцца вельмі вялікі аб’ём работы. Мы прытрымліваемся філасофіі фінансавай прастаты. Задача страхоўшчыка — дапамагчы грамадзянам разабрацца ў складанай тэрміналогіі, вызначыць магчымыя сумы, на якія можна страхавацца, а таксама пералік выключэнняў», — падкрэсліла яна.

На нядаўнім пасяджэнні камітэта Беларускай асацыяцыі страхоўшчыкаў быў распрацаваны план па павышэнні фінансавай дасведчанасці насельніцтва ў 2026 годзе. План уключае ў сябе мэтавую работу з рознымі катэгорыямі грамадзян і падзелены на 4 кварталы. Так, першы квартал быў прысвечаны рабоце з моладдзю, другі — працоўным калектывам, трэці — рэгіёнам, а чацвёрты прадугледжвае дзейнасць па карэкціроўцы па выніках папярэдніх кварталаў. «Мы таксама актыўна супрацоўнічаем са СМІ, публікуем відэаролікі і інфаграфіку для зручнасці ўспрымання інфармацыі. У рамках супрацоўніцтва з Нацыянальным банкам дапамагаем напаўняць Адзіны партал фінансавай дасведчанасці. Акрамя традыцыйных фарматаў, вядзём сацыяльныя сеткі. Нядаўна завяршыўся Тыдзень фінансавай дасведчанасці — мы пачынаем ужо атрымліваць інфармацыю ад усіх страхавых кампаній аб праведзеных мерапрыемствах», — дадала Яўгенія Шаніна.

Як паведамлялася, Тыдзень фінансавай дасведчанасці дзяцей і моладзі праводзіўся ў Беларусі 16-22 сакавіка. Інфармацыйная кампанія па павышэнні дасведчанасці маладых людзей аб фінансах арганізуецца штогод у сакавіку ва ўсім свеце. У Беларусі мерапрыемствы Тыдня фінансавай дасведчанасці праходзяць па ініцыятыве Нацыянальнага банка ўжо 13 гадоў. Тэмай тыдня 2026 года былі «Лічбавыя фінансы».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю